27/03/2012

Бабуня & K₀

“От пры Польшчы жылі дык жылі!..”- любіла казаць мая бабуня Стася. А пажыла і бачыла, як той казаў, за 94 гады ўсяго. Але найлепш памятала і з найбольшым замілаваннем гаворыла, канешне, пра дзяцінства, дзявоцкую сваю маладосць. Менавіта на часы “пры Польшчы” прыйшоўся гэты час.

Нарадзілася яна ў весцы Варашылкі, побач з Віленскім шляхам. Да Нарачы верст 25 якіх. Але пешшу ў іншы бок хадзілі - у Вільню ў Вострую браму 50 вёрст... От, што там, выйшаў і пайшоў сабе. Трывалыя былі людзі, куды звяліся?..
А жылі ў маленькіх хатках вялікімі сем’ямі. У Рудых Зыгмунта і Забэлі (Ізабэлы, шаноўнае спадарства) было чацвёра дзетак: старэйшы таксама Зыгмунт (у дзяцінстве назваў сябе Німкам на ўсё жыццё), Стася, Янінка і Адась. Лічылі сябе палякамі і моцна гэтага трымаліся, але як загадалі запісацца беларусамі, то і запісаліся ўсе, акрамя Німкі. “Я паляк – і ўсё, так і пішыце!” “Адкуль ты браўся, такі паляк? – кпілі і смяяліся з яго потым ў хаце. – Бацькі і брат з сёстрамі беларусы, а ты знайшоўся адзін паляк?” Але ён адважны быў, дзядзька Німка, з яснымі блакітнымі вачыма – не нагледзецца ў іх, вясёлы і моцны духам, тутэйшы, сапраўдны такі… беларус (ці па старадаўняму ліцвін? Ці ўсё-ткі паляк? :).

Ці то памяць бабуліна захавала толькі ўсё ружовае, ці то праўда жылося ім добра і весела. Напэўна, не ў сэнсе дабрабыту (“Ці ж даўней дзяцей так гадавалі?” – усклікае заўсёды бабуня). Але людзі былі смяшлівыя, хуткія на вострае слова, на жарты ды песні. Адна толькі рэч пранізвала ўсё жыццё – праца. Працаваць трэба было цяжка, летам завіхаліся ў полі, зімой ткалі на кроснах, ды й не пералічыць усяго. Але ішлі на работу – спявалі, рабілі – спявалі, вярталіся – таксама спявалі. А ўжо калі сапраўды прычына якая была, вяселле тое ж на два канцы даўжыней тыдзень які, то не пераставалі жаліць маладую, пакуль не заплача горкімі слязьмі над страчанай сваёй дзявоцкай доляй у бацькоўскай хаце.

Тое, што спрацаваныя рукі не адмываліся, не было заганай, але наадварот цанілася як працавітасць, а вось ногі павінны былі зіхацець чысцінёй. Дзве касы, кожная як рука таўшчынёй, заплятала Стася, клала на грудзі, ідучы на гулянне. Гулянні былі па суботах у кожнай вёсцы. Хату выдзялялі па чарзе, запрашалі музыкантаў. У асветленай добра хаце ўздоўж сцен ад пачатку да заканчэння сядзелі людзі старэйшыя. І назаўтра хто з кім гуляў (у сэнсе танцаваў), хто з кім не йшоў гуляць, каму хто смяяўся і г.д. ведала астатняя вясковая грамадскасць. На гулянні Стася хадзіла з Німкам. І першы танец ён заўсёды танцаваў з сястрой. “Кохановскі”, - рэкамендаваўся адзін дзяцюк, паціскаючы дзяўчатам руку і зазіраючы ў вочы. “Пшытульска”, - адказала Стася. “Ах як добра!” – падхапіў на рукі і пакруціў яе, смеючыся хлопец. Але ўвогуле ўсё было вельмі прыстойна. Хлопцы прыглядваліся да дзяўчат, засылалі сватоў.

17 сватоў мела Стася… Багатая, так. Лічылася яна дзяўчынай працавітай, спраўнай, з добрай сям’і. Хата была недалёка ад гасцінца і чувалася здалёк “ж-жаг, ж-жаг” званочкі – сваты едуць на конях. Ну, бацька, дастае каўбасу, сваты – сваю водку. Сядаюць за стол і пачынаюць гаварыць. Бывала, дамаўляліся пра перагляды, ці адразу адмаўлялі.

Аднаго разу Стасі вельмі хацелася, каб бацькам спадабаўся адзін дзяцюк. Вельмі ж быў стройны, ну такі стройны, што толькі глядзець і вачэй не адводзіць. І ён заслаў сватоў, і бацькам падаўся добрым. Авось вярнуліся яны з пераглядаў невясёлыя. “Ну што ж, - кажуць, - дачка, табе выбіраць. Усё было надта добра: і жывуць яны ўдваіх з сястрой, і прынялі так гасцінна, і сястра казала, што ты ёй сястрыцай станеш, і гаспадарка ў парадку… Але дало ж нам зайсціся ў адну хату, спытацца, як гэты чалавек, ці добры. Так, кажуць, добры, толькі вось ягонае дзіця ў калысцы плача, не ўзяў дзеўкі замуж... Глядзі сама, Стася.”О не, сказала Стася, што не пайду, то не пайду. Прыйдзе потым на веселле і пакладзе дзіця на вясельны стол, што тады рабіць? Ці было так каму, ці прыдумала са страху, але адмовілі, а Стася яшчэ доўга шкадавала таго хлопца і ўсё думала: “А можа й нічога, можа трэба было пайсці”. Але й ён хутка ажаніўся.

А Німка ўсё злаваў: “З-за гэтай Стасі каўбасы не з’ясі, ідзі ты ўжо замуж!”. Сваты з’яўляліся і ад’яжджалі, а ў Стасі было каханне. Канешне, і слова такога ніхто не казаў, але яна ведала, што падабалася яму, Ясюню, файнаму такому хлопцу з суседняй вёскі. Яны разам былі на гуляннях. І бацькі іхнія ведалі, што яны дружаць. І ягоная маці запрашала Стасю зайсці ў хату, калі гулянне было ў той вёсцы, запрашала, як нявестку… Ясюня ведаў, што да Стасі маршыруюць сваты, але бесклапотна смяяўся. “Яна мая, будзе чакаць”. А чаго ён сам не ехаў ды адкладаў, невядома.
На Яна (Купалу) пускалі вянкі па вадзе. Дзяўчаты і хлопцы. Каб пабачыць, ці злучацца вянкі тых, хто хацеў быць разам, або вызначыць таго, з кім быць наканавана. І Стася з Ясюням пусцілі свае вянкі разам, а яны не злучаліся ніяк… І рукамі ваду падганялі, і так спадзяваліся, што вось-вось, а вяночкі так і паплылі далей асобна… Ды напэўна не верылася тады ў старадаўнюю варажбу… Яны ж разам.

А вось Адоль (Адольф) Сарока не адкладаў сватоў. Ён бачыў заляцанні Яся да Стасі, але яна падабалася і яму. Ён ведаў, што лёс дзяўчыны вырашаюць бацькі, а значыць шанец ёсць у кожнага, пакуль дзеўку “не запілі”. Ён добра адчуваў і яшчэ адно: Стася яго на дух не пераносіла, ні гаварыць, ні гуляць з ім не хацела… А ён заслаў сватоў. І яе бацька палічыў партыю годнай. Багаты жаніх, сам каваль добры, вялікая гаспадарка, галадаваць з ім не прыйдзецца. Усе гэтыя “плюсы” каменнямі падалі ў душу Стасі. Бацька ж разважыў і…згадзіўся. Ён жадаў дабра сваёй Стасі. Невядома, канешне, як ён там меркаваў, але ж напэўна на згадку пра Ясюню падумаў: “Ну дык што, пайсці папрасіць, каб сватоў прыслаў да дачкі?!” Ганарлівасць - увогуле адметная рыса нашай сям’і з пакалення ў пакаленне, і добра замінала і замінае прасцей адносіцца да людзей дый да сябе.

Неяк паведаміць Ясюню пра тое, што рабілася з яе лёсам, Стася не магла. А даўней, пры Польшчы, так і было: што бацька сказаў, тое дзеці зрабілі. І верыш ты ці не ў новую рэальнасць, а падрыхтоўка да вяселля ўжо ідзе… Жаніх у той час купляў нявесце сукенку, а яна яму – кашулю. І Стася з Адолем паехалі ў мястэчка Свір. Едуць, ён спрабуе загаварыць, а яна маўчыць. І боль, і проста злосць: “Ты ж ведаў, што я з Ясюням, што я цябе не люблю, чаго ж ты…” Едуць, маўчаць…

І тут, нарэшце, дакацілася чутка да таго Яся. Ляжыць ён у сваёй хаце, заходзіць суседка і кажа:
- Не спі, лазня гарыць!
- Мая не згарыць! – ён расмяяўся, хоць і ведаў, пра што яна гаворыць.
- Кажу, гарыць. Замуж ідзе твая Стася за Адоля Сароку.
- От, не дуры галавы, ужо за каго за каго, а за яго то яна не пойдзе!
- Ідзе, табе кажу. Сёння ўжо паехала з ім у Свіра сукенку купляць…

Ён скалануўся. Адразу паляцеў у Свіра, знайшоў яе, пачаў адгаворваць: “Што ты, я еду ўжо з сватамі!” Стася, нічога не купіўшы, паехала дахаты. Сукенку Адольф купіць паспеў, і, адчуваючы пагрозу свайму вяселлю, таксама паспяшаўся ў Варашылкі. І выказаў скаргу бацьку нявесты: як гэта так?! Той раззлаваўся: слова дадзена, а яна носам круціць! “Пойдзе”, - сказаў ён Адолю, калі Стася плакала: не аддавай!

Прыехалі апошнія, самыя жалосныя сваты да Рудой Стасі… Ясюня маліў бацьку перадумаць, аддаць замуж за яго, але адказ быў кароткі і нязрушны: “Трэба было раней прыязджаць. Дзе ж ты быў? Яна пойдзе за Адоля Сароку”. Сваты мусілі паехаць ні з чым.

І яна пайшла. І было вяселле, і новае жыццё ў вёсцы, якая ёй адразу не спадабалася, з мужам, якому так і не даравала. Расказваючы сваю гісторыю, бабуня заўсёды казала, што разважыла потым: дарэмна яна не стаяла на сваім. “Трэба было не слухаць бацьку. Не - і ўсё, хоць страляй. Грошы за сукенку сплацілі б, пазлаваўся б тата ды нічога, ён добры быў.” І яе вочы зноў бачылі ліхаманку мінулых тых дзён, калі здаецца ўсё магло скласьціся інакш.

І Ясюня кахаў яе ўсё жыццё. Жаніўшыся, не меў дзяцей, аўдавеў. Яны сустрэліся выпадкова праз некалькі год. Падчас вайны Адоля пасадзілі ў турму. У Стасі на руках – двое малых дзетак. Яна ішла праз лес і не бачыла дорогі ад слёз. Адчаю не было межаў. Што рабіць далей адной? Як дзяцей гадаваць?.. Ясь касіў побач з той дарогай. “Стася, не плач, я вазьму цябе з дзецьмі, я буду любіць вас…” Але Адоль вярнуўся. І памёр толькі ў палове 70-тых пасля цяжкой хваробы, калі адняліся рукі і ногі, і пяць апошніх год ён не уставаў з ложка, стагнаў ад болю, а Стася хадзіла за ім…

- Дык як жа ты жыла? – пыталася я.
- Гаравала, долі не мела… Каб толькі вам, унукам, Бог добрую долю даў.
- А якую добрую?
- Каб ён добры быў, каб дружна жылі… А астатняе… Бывала, пайду на маміну магілку, нагалашуся, раскажу ўсё маме і пайду. А пакуль яна жыла, нічога не казала. “Усё добра”. А яна ж бачыла, як я высахла там уся. Людзі не пазнавалі. Рабіла толькі й рабіла, от напрацавалася за сваё жыццё!..

Доўгі час я бачыла гэтую гісторыю вачамі бабуні і вельмі яе шкадавала… Зараз канешне мінулыя крыўды адыйшлі далёка і з яе свядомасці, усё ж такі тэрмін даўнасці. Але калі я думаю, як яна пражыла той час, а той час – гэта адзінае яе жыццё, то бачу мур недаравання. Калі не прабачаеш, у сэрцы ўзводзіш мур і ўрэшце апынаешся ў турме. Так, лёгка казаць – прабач. Ідзі паспрабуй на яе месцы. Але ж яна прыйшла не да звяроў, да людзей, толькі іншых, чым тыя, якіх яна ведала ці з якімі хацела жыць.

Гэта быў 1938 год . Хата была старая і маленькая, новая яшчэ толькі пачынала будавацца. У Адоля – маці, брат і 3 сястры. Усе разам. Ён ажаніўся першы. Свякрова Караліна (Каруся) рана аўдавела і гадавала пяцёра дзяцей адна. Гэта нешта неверагоднае. Яна прывыкла сама і прывучыла дзяцей да дзвюх істотных рэчаў: працаваць і ашчаджаць. Стася прыйшла ў іх сям’ю, калі нястача была далёка. Пашы, сенажаці, кавалак лесу, жывёла, сельскагаспадарчыя тагачасныя машыны і механізмы… Дабрабыт? Калектывізацыя, вайна… Давялося яшчэ больш працаваць і эканоміць. Трэба было павыдаваць замуж сясцёр, ажаніць брата, дабудаваць хату… Дзеці абыходзіліся кавалкам хлеба і саганчыкам кашы на цэлы дзень. І раслі самі, дарослым не заміналі, рана прывучаліся працаваць. (Каб пры першай магчымасці ўцячы ў горад, напрацаваўшыся…) Старэйшы сын памёр, калі яму было 2 гады, потым нарадзілася дзяўчынка Оля, потым сын – Люцыян, на якога Стася і выліла ўсю прыхаваную любоў. Каб і паспаў даўжэй, і не рабіў цяжка, і г.д. Звычайная рэч, калі малодшаму дастаецца больш любові, толькі старэйшай была мая маці, а яна вельмі добра памятае, што толькі бацька мог купіць ёй цукеркі, пагаварыць ды заўважыць нарэшце. І як дараваць?

А яшчэ так званая сціпласць… Увогуле, добрая якасць характару, калі не вельмі шкодзіць уладальніку і дэнэрвуе іншых. Бо бывае яна пераплятаецца з ганарлівасцю так, што цяжка вытрымаць. Таму што чалавек упэўнены, што ён вельмі сціплы, нікому не замінае і толькі так і трэба, а таго, хто побач, такая фальш ужо нарэшце дастала, але і ад “праўды ў вочы” нічога не зменіцца… Зноў жа, першаму выдаецца, што ён робіць, як лепей. Вось як рабіла мая бабуня, напрыклад. Збіраецца адведаць сваю маму ў родных Варашылках. Кажуць ёй: “З’еш у дарогу што”. “Не-не, я ў мамы з’ем, не хачу нічога зараз”. Прыйшла за 10 вёрст туды. “З’еш, Стася, сядай…” “Ой, не, я не галодная. Я ў Лукашэвічах так наелася, як выходзіла, не буду нічога!”
Год прыкладна 1960. Станіслава і Адольф Сарокі са сваімі дзецьмі: Люцыянам і Оляй, якая стаіць побач са сваім жаніхом Генкам Манчынскім

А дзед быў на ўсе рукі майстра. Ягоныя плугі, бароны ды іншыя кавальскія вырабы цаніліся вельмі, бо былі зроблены як мае быць, добрыя барозны рабілі плугі дый дагэтуль служаць, нічога ім не робіцца: не хіляцца, не ламаюцца. А ягоную гарэлку з павагай успамінаюць старэйшыя людзі. “Чысцюткая, без ніякага паху, і як мае быць на карэннях ды на травах! Цяпер ніхто такой зробіць.” Праўда, гнаў гарэлку. У лесе, патаемна, канешне. Ды знайшла раз міліцыя…

І зараз я праводжу рукой па роўных, шчыльна складзеных бярвеннях дзедавай хаты, якую будавалі пасля вайны… Усё зроблена так спраўна, разумна, карысна і проста. Толькі тое, што патрэбна, і ў той самы час збудавана ўсё, што трэба. Прастора для жыцця, створаная з любоўю, перамысленая загадзя. Для вялікай сям’і… Каб коней ды кароў трымалі, сена складалі, дровы пад страхой каб ляжалі, і каб вазы было дзе паставіць… Вакол столькі прасторы, багатых лясоў, паветра ды красы...


Як можна здагадацца, у такой глухамані вёска вымірае ўшчэнт. Засталося можа з дзясятак пенсіянераў, ды некалькі нібыта працаздольных. Нібыта, бо вельмі здольных да “сэму” ды таннага віна.

Людзі, якія адыходзяць… Касцёл у Канстанцінаве. І яшчэ сядзяць там у лаўках па правым баку дзядкі, нібы з тых іншых часоў “пры Польшчы”. Яны аднолькава зачэсваюць назад свае калісьці густыя чубы, у іх нейкае знешняе падабенства, быццам яны трымаюцца адной моды на вопратку, выраз твару і захаванне. Бабулі гэтак годна завязваюць свае хусты, падбіраючы іх пад адзенне ды нагоду. Такія ж бабы ляглі на дарогу перад машынамі са збожжам, якое везлі ў гэты касцёл. Хацела зрабіць свіран савецкая народная ўлада. (“Усё для народа” – знаёмы лозунг). І яны ляжалі і не ўсталі, пакуль не дабіліся свайго. Касцёл не зачынілі ні тады, ні пасля. А ў іншай вёсцы прыйшлі і зрабілі свіран, і да часоў перабудовы, калі атрымалі касцёл назад, ён апынуўся ў жахлівым стане, небам крыты, галубамі заселены… НЕ кожны ляжа пад машыну, тым больш без гарантыі, што нешта добрае атрымаецца.

Дзядзька Німка быў з тых, хто за веру пойдзе на ўсё. Я не застала на гэтым свеце ніводнага свайго дзеда, таму бабунінага брата вельмі любіла. Ды што там, проста захаплялася. Якія блакітныя ў яго былі вочы… Неверагодна ясныя, вясёлыя і добрыя. Ён заўсёды жартаваў, з сябе найбольш, але і іншым даставалася.

- Ай-ай, - скардзілася бабуня Німку, - нешта ногі баляць, спіна, руку ўгару не магу ўзняць…
- А Божа, праўды, што гэта робіцца, 15 гадоў дзяўчыне, а так усё баліць…
- Ах, каб ты прапаў. Пажалілася!

Канешне, гонару меў… На многіх бы хапіла. “Саветаў” ненавідзеў чыстай незаплямленай нянавісцю, у калгас так і не ўступіў. Усё жыццё быў краўцом. Добрым, запатрабаваным і таму незалежным. Грошы меліся заўсёды. Як яму ўдалося перажыць усе ліхалецці са сваім характарам і языком?

Моц духа проста была адчувальнай. Як стары дуб, не сагнуць. А лёс спрабаваў. Ён перажыў двух жонак, дзяцей не было. Ужо ў старасці аднялі нагу вышэй калена. А ён і далей жартаваў і паўтараў толькі адно, калі туга з’яўлялася ў вачах: “Воля Божая на ўсё”. Цяпер рэдка жартуюць па-добраму і смешна, больш іранізуруюць, саркастычна не пакідаюць каменя на камені ад іншага. І я таксама… Нешта яны ведалі, тыя даўнейшыя людзі, пра сябе, пра Бога, пра жыццё… Памыляліся, кахалі і ненавідзелі, спраўна працавалі і не давалі рады з бядой… І такімі добрымі былі…












No comments:

Post a Comment