10/08/2012

Дзед Адоль

Дзед Адоль, мамін бацька, не хадзіў на вайну. Не быў у партызанах. Не хацеў наогул ваяваць. Зрэшты, палякаў і не бралі.
Адразу пасля вайны прыехалі саветы ў вёску з патрабаваннем здаць зброю. І прыйшоў да дзеда Адоля яго стрыечны брат:
– Здай аружые!
– Дык німа ў мяне нічога.
– Трэба нешта здаць. Вазьмі дзе ды здай. Як болей здаюць у вёсцы, то лепей.
Пайшоў дзед, у суседа ўзяў з-паз страхі абрэз і панёс здаваць. Паслухаўся "дарадчыка".
Калі ў цябе `ёсць зброя, значыць, ты ўтойваў, ды яшчэ й не ваяваў. Вынік: 3 гады турмы. Этапіравалі ў Чэлябінск.

Там ён захварэў на малярыю. "Я ж памру тут!" – зразумеў ён і ...уцёк. Рушыў дахаты – дзе пяшком, дзе цягніком ці папутнымі, але дайшоў.

Што ж, трэба зноў хавацца. Начаваў у радні па навакольных  вёсках. А потым стаміўся хадзіць, пачаў начамі шыць боты ў малой каморы. Суседзі хутка здагадаліся, хто там стукае малатком, як толькі сцямнее. Данеслі, вядома. Прыехала міліцыя, забрала. Але адпусцілі – можа пад амністыю якую трапіў, невядома.

Пасадзілі наступны раз праз некалькі год за знойдзеныя 6 літраў брагі. Але ўжо адседзеў у Воршы ўвесь срок і вярнуўся.

З мамінага ўспаміну атрымаўся такі вось дадатак да запісу  Бабуня & K₀

No comments:

Post a Comment