12/08/2012

Колькі можна гаварыць?


Часта менавіта так усклікаюць кожныя бацькі, калі зноў і зноў трэба тое ж самае дзіцяці сказаць, засцерагчы, папрасіць, нагадаць, забараніць... І набіваючы сінякі, ранячы сябе і блізкіх, дзеці зноў і зноў "забіваюць" на бацькоўскія словы.

Яны не хочуць вучыцца на сваіх памылках, не зважаюць на аўтарытэты і дарадчыкаў, не цікавяцца сваёй будучыняй, жыццём сям'і і планамі іншых... Так бывае, праблемы росту.

"Ты расцеш эгаістам!" – спрабуюць адкрыць ім вочы блізкія. "Гэта вы мяне не разумееце! Я ўсё яшчэ паспею, я яшчэ вам усім пакажу! Толькі не зараз... Не сёння, ну, не да вас, няма настрою, не хочацца... Дапамажыце спачатку ВЫ мне, тады паглядзім..."


І бацькі, якія не перастаюць любіць сваё дзіця, як тыя біблейскія прарокі, пачынаюць спачатку: зрабі, паслухай, навучыся, пачакай, будзь чалавекам... Мацней за словы прамаўляючы сваёй прысутнасцю, сваёй дапамогай, сваім прабачэннем. Ці ж бацькі – такія бездакорныя? Не. Але ці могуць яны адрачыся ад свайго паклікання, даўжынёй з жыццё? Калі спрабуюць, то гаруюць.

José de Ribera
Прарок Ілля. Хасэ дэ Рыбера
Але нават у такой не сентыментальнай бацькоўскай любові бываюць дні, калі не хочацца больш нічога: ні каб цябе пачулі, ні каб ацанілі, ні каб не чапалі – нават жыць. Ну бо колькі можна казаць аб адным і тым жа? Колькі можна з сябе гэтым людзям даваць? Колькі сябе выракацца і зменаў да дабра не бачыць? Нічога ў мяне не атрымалася, усё марна. Ты іх даверыў мне, Пане, але я...

"У тыя дні:
Пайшоў Ілля ў пустыню на адлегласць аднаго дня дарогі і, прыйшоўшы, сеў пад адным з кустоў ядлоўцу і прасіў смерці сабе. І сказаў: Хопіць ужо, Пане! Вазьмі маё жыццё, бо я не лепшы ад маіх продкаў! І лёг ён, і заснуў. І вось анёл дакрануўся да яго і сказаў яму: Устань і еш! Ілля глянуў, і вось каля ягонай галавы была печаная аладка і збан вады..." 1 Вал 19, 4–8

Цікава, як выглядаў той анёл. Каб Ілля спаў дзесьці на беларускім узлеску, то я ўявіла б, як на нос яму сядае лёгкі блакітны матылёк і гучыць у сэрцы ціхі голас. Такі вось Божы адказ на адчай і вычарпанне – пасілак і спагада. І далейшы шлях.

Сёння святар напрыканцы Св.Імшы зноў нагадаў, што касцёл па суботах прыбіраюць з года ў год тыя самыя некалькі чалавек. Не за грошы, бо наймаць кагосьці няма магчымасці. "А павінна ўдзельнічаць уся парафія". "Нічога я не павінна", – падумала парафія. Але ж не – кожны сам паўтарыў пра сябе свае апраўданні. Вядома, святару пра іх не скажаш, дзе яму зразумець! Ён увогуле, паміж намі кажучы, шмат вымагае ад людзей. Калі тыя прыбіраць прыходзяць – значыць, так трэба, значыць, могуць. Даюць грошы на будоўлю/рамонт – то могуць даць, а ў мяне і так мала. Аддаць – сябе абдзяліць, а раптам што якое – хто дапаможа? Тут рэальнага жыцця не разумеюць. Ну, так, на пенсіі, яно канешне, буду хадзіць, удзельнічаць (бо што яшчэ рабіць, састарэўшы?).

То ж бедныя мы, неразумныя дзеці, думаючы так... Зноў і зноў забываемся, не бяром адказнасці, не цікавімся, выкручваемся з абавязкаў, хаваемся за спіны, вырашаем свае патрэбы... Як добра, што ў кожнай парафіі ёсць людзі дарослыя, незалежна ад узросту.

Дзякуй Богу за святароў, якія – прарокі нашыя і бацькі – знаходзяць сілы і волю, і любоў гаварыць зноў і зноў аб адным і тым жа, нагадваць, засцерагаць, падтрымліваць, чыніць непрыкметныя і вялікія цуды. Няхай наталяе і акрыляе вас Божая ласка! Бо наперадзе яшчэ далёкая дарога...

No comments:

Post a Comment