14/05/2012

Дзеці ў касцеле

фота з globus.tut.by
Вёску Белагруда з яе прыгожым касцёлам ведаюць многія. Часам, бываючы ў Лідзе, мы менавіта туды ездзім у нядзелю на Св.Імшу. Так і ўчора. Зялёны бераг ракі, пагорак і касцёл, да якога немагчыма прызвычаіцца.

Дарэчы, на дзяцей ніякага ўздзеяння архітэктура і прыгажосць інтэр'ера не аказала... Праўда, старэйшы сын, якому 9 год, апрануў комжу і далучыўся да міністрантаў, а малодшыя дачка і сын, як заўсёды, былі заняты сваімі справамі: вырываліся з рук на вуліцу, скакалі на адной назе па цэнтры касцёла, подбегам абыйшлі, узяўшыся за рукі, ўсе скарбонкі (не з пустымі рукамі, канешне)... Янка выкарыстоўвала лаўку як спартыўную прыладу, Віталік назіраў, як падае з вышыні лаўкі ягоная машынка. І г.д. і г.д. Увогуле, горш, калі ім няма чым заняцца, тады даводзіцца частку Імшы праводзіць за дзвярыма касцёла, каб не перашкаджалі іншым людзям маліцца. "Затое, - звычайна суцяшаю сябе я, - няма часу заўважаць, што там іншыя дзеці робяць". А ўчора была яшчэ адна "актыўная" дзяўчына, акрамя нашай.

І вось напрыканцы Імшы, кс.Рышард раптам гаворыць сваім парафіянам:

- Я бачу, некаторыя тут ківалі галовамі на дзяцей. Кажу вам: калі хто-небудзь падумаў што благое пра іх, павінны ісці да споведзі. Вы прыйшлі ў касцёл маліцца - то маліцеся! Дзеці нічога благога не робяць, а калі б што рабілі - у іх ёсць бацькі, прыйдуць і забяруць. Бо як іх зараз не будзе ў касцеле, то й потым не прыйдуць. Дзеці ўзмацняюць нашу малітву.

Потым кожнаму дзіцяці знайшлася цукерка ў ягонай кішэні, вясёлы жарт і за руку прывітанне.


No comments:

Post a Comment