08/05/2012

Горад ценяў

Падазраю, што гэта з імі даўно,
бо сталі настолькі неабачлівымі,
што я заўважыла іх
і здагадалася аб усім.
Яны сядзелі на лаўцы, прыхіліўшы галовы адно да аднаго.
Сядзелі побач. Не было ім спешна.
Толькі ў шэрую палову года нашыя цені жывуць сваім жыццём.
Людзі незаўважна застаюцца без іх. Не ведаю, дзе іншыя, а гэтыя двое – разам.
Яны – то цьмяныя, то глыбока-чорныя – ідуць вуліцамі, якімі мы не здолелі прайсці.
Яны сядзяць на паркавых лаўках, дзе мы з табой не былі ніколі.
Яны глядзяць на Свіслач, абапёршыся на парапет.
Назіраюць з дахаў, як цякуць рэкі аўтамабільных фар,
Праходзяць скрозь начныя туманы, якія, як і дождж, не шкодзяць ім.
Выходзяць за горад, каб спраўдзіць наяўнасць зорак.
Як і мы, пазбягаюць метро і натоўпаў.
Ім так лёгка з двух зрабіцца адным…
Дастаткова толькі дакрануцца…
Ім не патрэбны словы, каб быць разам.
Каб сустракацца, бачыць, разумець.
Цішыня і прысутнасць.
І вось толькі тое, што нашыя цені зараз недзе блукаюць побач
(о, як цікава было б даведацца, дзе),
дае нам пачуццё блізкасці, якое без іх не было б такім, амаль фізічна, адчувальным.

 

No comments:

Post a Comment