22/05/2012

Чым іх накарміць?

Маецца на ўвазе – дзетак. Адказ, нібыта, просты – любоўю. Мне здаецца, у маладосці, калі дзяцей не было, гэты адказ мяне б задаволіў. Толькі зараз я разумею, што на талерках павінна быць вельмі канкрэтная ежа, вядома, прыдуманая  і прыгатаваная з любоўю :)

Ведаючы, што магла б дасягнуць нейкіх кулінарных вышыняў, усё ж такі застаюся "ў даліне" простых рэцэптаў і традыцыйных страў. Здольнасцяў хапае, часу – не вельмі, вялікага жадання – зусім няма. Але кожны дзень хочацца нечым смачным сваё сямейства накарміць. Таму нейкія новыя стравы час ад часу з'яўляюцца на стале.

Часам, ідэй на вячэру ці абед не ўзнікае доўга, бо адну страву не ўсе любяць, другая – была ўчора, а для трэцяй – не хапае інгрэдыентаў. Тады ўзгадваеш вячэры свайго дзяцінства, – і робіцца лягчэй.




Мне часта варылі зацірку, "на яйках" і "мучную". Цеста для першай складалася з яйкаў, малака і мукі. І лыжачкай мама ці тата кідалі ў пасолены варатак маленькія клецкі. Калі тыя ўсплылі ды троху пакіпелі – можна накладваць ў талерку і бяліць малаком. Дзеці любяць дапамагаць вымешваць цеста, тады і зацірка смачнейшая.

Для дробных клецачак "мучной" заціркі даволі доўга трэба расціраць муку з невялікай колькасцю вады. Затое, у варатак можна засыпаць усё адразу, а не па адной.

З маленства можна навучыцца рабіць сабе "цюпку": кубак малака, лыжачка цукру і пакрышаны белы або чорны хлеб. Універсальная страва, калі дарослым няма часу гатаваць. Мае старэйшыя ўжо могуць даць сабе рады з гэтым даннем.

З асаблівым замілаваннем ўзгадваю "малочныя клёцкі", якія гатавалі ўсёй сям'ёй, звычайна ў зімовых прыцемках, бо летам на іх часу замала. Цеста – выціснутая праз марлю таркаваная бульба. І вось перад намі – добрая міса цеста, якое ў далонях ператвараецца ў прыгожыя круглыя клёцкі. Як доўга помніцца сумесная ціхая праца, спакойныя размовы, усмешкі.

Яшчэ дзве рэчы, якія разам з недахопам часу, адрозніваюць сучаснасць ад мінулага – гэта ўдзячнасць і паходжанне прадуктаў. Адчуванне, што гатуеш з бульбы, якую сам пасадзіў і скапаў, прычым з дапамогай сваіх блізкіх, якія падзяляюць тваю працу і спажыванне яе плёнаў – робіць чалавека ўдзячным Богу і людзям, бо вядома адкуль што бярэцца на стале ў жыцці. Зараз прадукты пераважна з’яўляюцца з крамы, і ў асноўным, нам не вельмі залежыць на тым, хто садзіў і даглядаў, хто давёз і расклаў на паліцы. Я заўважаю гэта за сабой, і было б не дзіўна, калі б такім няўважлівым было дзіця, але ж даросламу не бачыць далей свайго носа…

Чакайце, дзе ж мы апынуліся? Ці то ў мінулым, ці ў сучасным, ці ў панурых разважаннях? Вернемся лепш у рэчаіснасць: вось так выглядаюць клёцкі перад тым, як трапляюць у рондаль, а на другім фота – “Мама, я болей не хачу”.


З такога ж бульбянога цеста гатуюцца цэпеліны. Так, з сырой бульбы ў нас, а ў некаторых мясцінах – з адваранай. У сярэдзіне вялікай клёцкі знаходзіцца прыпраўлены фарш, і адварыўшы, іх, вядома, не беляць малаком, а пасыпаюць скварачкамі і паліваюць смятанкай...

Стоп. Гаворка – пра дзіцячыя стравы. Не тое, каб яны не любілі цэпелінаў, але больш прападаюць за тонкімі блінамі.

І вось тут я павінна прызнацца, што найлепшы рэцэпт бліноў для дзяцей я пачула ў дзіцячым мульціку “Поиграем-приготовим!” Там увогуле абы-што не гатуюць, а парады – добрыя і простыя, але бліны з ванільным цукрам пабілі ўсе рэкорды дзяцячай прыхільнасці. Вы таксама пакаштуйце.

Спачатку змяшайце (можна міксерам):

4 яйкі
200г мукі
200 мл малака
10 г ванільнага цукру
1 ст.л. алею
1 ст.л. растопленага сметанковага масла

Калі цеста стане аднародным, трэба дадаць яшчэ 200 мл малака і адставіць на 20 хвілін. Гэта важна, бо прыкладна за такі час мука ўпітае малако, і бліны будуць смачнейшыя.
Смажыць — на сметанковым масле. Пры гэтым спатрэбіцца яго не так шмат, як здаецца спачатку.

З бясспрэчных хітоў можна прыгадаць розныя супы, асабліва, таматны, рознага гатунку катлеткі, рызота, піцу з сырам і салодкае печыва. Думаю, працяг будзе...




No comments:

Post a Comment