22/03/2013

Ранішнія малітвы

Я б хацеў, каб кожны адчуваў радасць быцця хрысціянінам. Каб штодзённа ў прыгожай ранішняй малітве казаў:
„Кланяюся Табе, мой Божа, і люблю Цябе ўсім маім сэрцам. Дзякую Табе за тое, што стварыў мяне і зрабіў хрысціянінам„
Бэнэдыкт XVI




МАЛІТВА НА СВІТАННІ

Калі я ўстаю на світанні і звяртаюся да Цябе сваёй душою, сваёй малітвай, – у гэтую ж секунду Ты апярэдзіў мяне, Ты палюбіў першы... Божа, пажадай учыніць так, каб мы супрацьстаялі нясталасці духа, што хоча прымусіць нас верыць у Тваю адсутнасць. Каб мы для засяроджанасці нашай душы і дзеля жыцця яе, а таксама для яе ачышчэння, ніколі не забываліся, што Ты заўсёды прысутны і першы...

Sören Kierkegaard (zm. 1855)
 

БУДЗЕМ ПРАЗРЫСТЫМІ Ў ЛЮБОВІ


Пане, ахвяруем Табе гэты дзень, які зараз пачынаецца. 
Учыні, каб мы былі адкрытыя ўсім, хто да нас прыходзіць, бо гэта прыходзіш Ты. 
Няхай будзе еднасць паміж намі і тымі, хто адыходзіць, каб жыць Тваім Аллелюя, ідучы па свеце. 
Будзьма лагоднымі, чулымі і чыстымі, гатовымі прыняць кожнае праяўленне Тваёй волі.
Дай нам здольнасць усміхацца жыццю, бо яно з'яўляецца Тваім дарам. 
Няхай мы напоўнімся даверам да зямлі і неба. 
Няхай пазбавімся ўсяго, што не з'яўляецца Табой, ані Тваімі дзецьмі. 
Будзем празрыстымі ў любові. Няхай любоў свеціць з нас праз ласку Айца, Сына і Святога Духа. Амэн.

Armand Marquiset (zm. 1981) 

ПРОСЬБА

Божа, будзь маім ясным святлом, дзе я шукаю шлях і супакой. Няхай нічога не адрывае мяне ад Цябе. Мяне ўсяго захавай для Сябе. Учыні так, каб я толькі ў Табе шукаў суцяшэнне рана, аподні і ўвечары. Дай, каб палюбіў Цябе пачуццём чыстым і гарачым. Хай будзе мілым для мяне гэтая чуласць і трываласць. Дапамажы, каб пераканаўся і ведаў заўсёды, што Ты – адзіная мая надзея, адзіная радасць і суцяшэнне, адзіны страх і адна любоў.

J. H. Newman



Пане, клічу Цябе на ўсходзе сонца,
Дапамажы мне маліцца і сабрацца думкамі,
Я не здолею сам.
Унутры мяне цемра, а ў Цябе – святло,
Я самотны, але Ты не пакідаеш мяне,
Маладушны, але ў Цябе знайду дапамогу,
Неспакойны, але ў Табе – супакой,
Я поўны горычы, але Ты цярплівы,
Не разумею шляхоў Тваіх, але Ты ведаеш, якая дарога найлепшая мне.

Ойча ў Небе,
Табе хвала і падзяка за супакой ночы,
Табе хвала і падзяка за новы дзень,
Табе хвала і падзяка за Тваю дабрыню і вернасць, якімі мяне адарыў дагэтуль.
Ты даў мне столькі дабра, учыні ж так, каб я здолеў з пакорай прыняць і выпрабаванні з Тваіх рук,
Ты не ўскладзеш мне на плечы цяжар большы, чым я магу вытрываць,
Ты робіш так, што ўсе здарэнні служаць дабру Тваіх дзяцей.

Пане, Езу Хрысце,
Ты быў бедны і прыгнечаны, схоплены і пакінуты, як я,
Ты ведаеш усю глыбіню людзкога гора,
Ты застаешся са мной, калі побач няма нікога,
Ты не забываешся пра мяне і шукаеш мяне,
Ты хочаш, каб я пазнаў Цябе і навярнуўся да Цябе.
Пане, я чую Твой голас і іду за ім.
Дапамажы мне!

Духу Святы,
Дай мне веру,
Якая ратуе ад ваганняў і заганаў,
Дай любоў да Бога і людзей,
Якая пераважае ўсю нянавісць і кожную горыч,
Дай мне надзею,
Якая вызваляе ад страху і адрачэння,
Навучы мяне пазнаваць Езуса і чыніць Яго волю.

Божа, адзіны ў Тройцы,
Мой Стварыцель і Збаўца,
Табе гэты дзень належыць, жыццё маё – у Тваіх руках.
Святы міласэрны Божа, 
Мой Стварыцель і Збаўца,
Суддзя і Ратаўнік,
Ты ведаеш мяне і мае шляхі, і ўсе мае справы.
Не зважаючы на асобы, Ты ненавідзіш зло і караеш яго на гэтым і на тым свеце.
Ты адпускаеш грахі тым, хто шчыра просіць,
Любіш дабро, а ўзнагародай ёсць чыстае сумленне на гэтым свеце і карона справядлівасці ў вечным жыцці.
Перад Табою я думаю пра маіх самых блізкіх,
Пра зняволеных, як я, і пра тых, хто выконвае ў гэтым месцы свой цяжкі абавязак.
Пане, змілуйся
І дазволь мне ў гэты час так жыць,
Каб здолеў адказаць за сябе перад Табою і перад людзьмі.
Пане, што б ні прынёс гэты дзень –
Няхай імя Тваё будзе
благаслаўлёна!

Dietrich Bonhoeffer

No comments:

Post a Comment