15/03/2013

А мусіш іранізаваць?

Раніцай выходнага дня я пякла дзецям бліны. Яны любяць такія тонкія і вялікія, на ўсю патэльню. Яйкі, малако, мука, масла. Апошнім часам, плюс ванільны цукар. Уставаць і мітусіцца па кухні тым ранкам мне зусім не хацелася, але дарослы можа праспаць сняданак, а дзіця – не. Стаю, пяку, цеста зменшылася ўжо напалову. Віталік (3 гады і 8 мес.) сур'ёзна пытаецца: "А ты, калі дапячэш гэтыя бліны, зробіш нам дранікі?" "Ну канешне!" – саркастычна згадзілася я. Сын змоўк і задумаўся.

Ён напэўна адчуў іронію і зразумеў, што мая згода – несапраўдная. Але што ён мог спытацца ці сказаць?



Вельмі распаўсюджаныя ў Сеціве вынікі даследвання, паводле якога дзеці могуць разумець іронію прыкладна з 4-гадовага ўзросту. Эксперыментавалі з гіпербалай, эўфемізмам, сарказмам і рытарычным пытаннем. Шасцігадовыя дзеці ўжо амаль выдатна разбіраюцца ва ўсіх нюансах дарослай гаворкі.

Але даследчыкі нічога не гавораць аб тым, што адчуваюць маленствы, разумеючы, што жарты бываюць не толькі добрыя, але й крыўдныя. Цяжка не здагадацца, што апошнія – рэч непрыемная. Толькі дарослыя рэдка ставяць сябе на месца дзяцей, дарослым дастаткова, што іх зразумелі і паслухаліся.

Успамінаецца радок з песні N.R.M. "Хочацца верыць, а мусіш іранізаваць", і ўзнікае пытанне – а хто прымушае? Гэта пытанне да сябе. Чаму і адкуль бярэцца адчуванне гэтага прымусу, пад якім фармулюеш саркастычныя заўвагі, віды пакаранняў, пагрозы, кароткія каманды замест просьбы?

Сумная навіна ў тым, што нічога не дасць у рукі бацькам цудоўны пульт, які будзе пераключаць іх негатыў, стомленасць, абыякавасць і злосць у стрыманасць, цярплівасць, зразуменне, лагоднасць і ...креатыўнасць у пошуку спосабаў камунікацыі з дзецьмі. А надзея на лепшае знаходзіцца, па-першае, у дапамозе Божай, па-другое, ва ўважлівым стаўленні да сябе, дзяцей і навакольнага свету, у тым ліку, да добрых парадаў, па-трэцяе, у жаданні і смеласці нешта змяняць, працаваць над сабой.

У рэальнасці існуе толькі "прымус" любові. Яе не растлумачыш, ёй мусіш жыць.

No comments:

Post a Comment