15/10/2012

Латы і прарэхі


І прылепіцца жонка да мужа... – нібы гэтая латка з жончынай адзежыны, што захінула прарэхі мужу. Жыла-была сама па сабе – і "прырасла" да другога чалавека. І цяпер яны – адно, але такія розныя...Кожны свайго колеру і кшталту, але адно без другога – толькі "з кроўю можна адарваць".

Але ж не было б дзіркі, навошта была б лата? Сапраўды, адкуль бярэцца ў сэрцы мужчыны тая прарэха, якую не можа закрыць нават Сусвет? Вунь Адам зажурыўся пасярод рая, адчуўшы горыч самоты, тугу па блізкім-найбліжэйшым чалавеку. Ёсць у кожным сэрцы такія прадонні, якім патрэбен толькі Бог, ёсць і дзіркі наскрозь, з якімі хадзіць да смерці, бо ніхто іх сабой не залатае...

І ўсё ж – які велізарны ў нас запас выратавальных латак для бліжніх: усмешка, падтрымка, добрае слова, час і ўвага...  Падобна на тое, як людзі шкляць вокны. Сам сабе шыбы не ўставіш, а іншыя людзі – могуць. Так хочацца верыць, што самыя блізкія – могуць, што менавіта яны бачаць найлепш, што з намі адбываецца... Бывае, што "тварам да твару аблічча не ўбачыць..." і без падказкі не абыйсціся, а гэта самае цяжкае – паказаць свае пустыя вокны і глыбокія раны, калі нават ад сябе іх хаваеш.

No comments:

Post a Comment