16/06/2016

Неўмеркаваны аптымізм

Памылкі ў планаванні знаёмыя многім людзям. Мы прапускаем вызначаныя тэрміны, выдаём больш грошай, чым меліся, завальваем праекты і змагаемся з непрадбачанымі цяжкасцямі. Часам людзі кажуць: "На сённяшні розум я б так не зрабіў, але тады я і не думаў, што можа стацца". Адна з прычынаў "заваленых" жыццёвых экзаменаў – празмерна аптымістычнае стаўленне да рэчаіснасці. Сам па сабе аптымізм прыносіць шмат карысці як уладальніку гэтай якасці, так і свету. Менавіта аптымісты прымаюць смелыя рашэнні, займаюцца бізнэсам, працягваюць даследванні, кіруюць, рызыкуюць, натхняюць іншых.

Аднак, памылкі ў ацэньванні рызыкі могуць дорага каштаваць, асабліва ў "гульні з высокімі стаўкамі".Тым больш, калі гэтай стаўкай можа аказацца жыццё чалавека. Нядаўна я прачытала пра методыку Гэры Кляйна, якая называецца "прыжыццёвы эпікрыз". Яна не мае нічога супольнага з медыцынай і прызначаецца для арганізацый на парозе важных рашэнняў. Вось збіраюць усіх распрацоўшчыкаў праекта ў адным пакоі і прапануюць уявіць сабе, што рэалізацыя плана прывяла да катастрафічных наступстваў, і таксама просяць сфармуляваць прычыны такога выніку. Змяніўшы ракурс, людзі часта здольныя заўважыць пагрозы, якія не бачылі на стадыі планавання і агульнай веры ў перамогу.

05/06/2016

Няўчас

Назаўтра, калі яны выйшлі з Бэтаніі, Ён адчуў голад. Убачыўшы здалёк смакоўніцу, пакрытую лісцем, падышоў, спадзеючыся знайсці што-небудзь на ёй. Але, падышоўшы да яе, не знайшоў нічога, апроч лісця, бо яшчэ не настала пара на смоквы. Тады Езус сказаў ёй: «Няхай ніхто ніколі не есць з цябе плоду». <...> А калі раніцай вярталіся, убачылі, што смакоўніца высахла аж да кораня. Мк 11, 12-13, 20


З мяне кепскі садоўнік. Як падумаю, аж жах. Я, канешне, магу сказаць, што люблю дрэвы проста так, не чакаючы пладоў, але трэба прызнацца, яны не дачакаюцца ад мяне ні вады, ні ўгнаення, бо я не маю паняцця, у чым тыя дрэвы маюць патрэбу. Вялікія ж расліны, хай даюць сабе раду. Вось калі б я навучылася распазнаваць адзнакі іх бедаў і радасцяў, пары на абрэзку, на падкорм, на пладанашэнне... Вядома, не з адных падручнікаў, але забрудзіўшы рукі працай, зарабіўшы мазалі ды сталы непакой, ці зроблена ўсё, што магчыма і як найлепш. Тады чакаць плёнаў сваёй працы – была б натуральная рэч, не толькі лагічная, але і неабходная, каб ведаць, што добра робіш сваю працу, хоць нешта ў ёй разумееш, а час і сілы не пайшлі марна. 

Калі Езус спадзяваўся знайсці спелыя плады на той смакоўніцы, значыць, выглядала дрэва так, нібыта яны там ёсць. Вясёлая, зялёная, можа нават прыгажэйшая за іншыя. Дагледжаная зямлёй і небам. Але што ж, за густым лісцем была пустка. "Неўпару Ты, Пане, – казала яна, – Не тыя зараз часы, каб смоквы раслі". Гэта мне смакоўніца магла б дурыць галаву, але ж не Садоўніку! "Няхай ніхто ніколі..."

Гэта сваім бліжнім я магу сказаць, што зараз не час на маю любоў, бо сёння ў мяне стрэс, заўтра ПМС, а нараніцы ўвогуле лепш не чапаць, пакуль я кавы не вып'ю. Але Бог, Які набліжаецца, заўсёды галодны любові, колькі яшчэ будзе слухаць гэтую "песню"?


23/05/2016

Рытм



На беразе Эгейскага мора я стаяла, прыціхшы. Вельмі даўно хтосьці з грэкаў сказаў, што душу лечыць мора. Са здзіўленнем успомніла, як хацелася мне ў дзяцінстве ўбачыць гэты бераг, калі чытала старажытныя міфы. Адчуванні? Аняменне, нейкая пустка і жаданне абярнуцца ў слых. Назіраць, як нараджаюцца з цэлага мора асобныя хвалі, дазваляць ім кранацца босых ног і вяртацца назад "да сябе", глядзець, як празрыстая вада згладжвае сляды на пяску. І адчуваць, што адначасова знікаюць сляды нягодаў і стомы недзе глыбока ўнутры цябе.

Колькі ж трэба маўчаць каля мора, каб пачалі нараджацца хоць якія-небудзь словы... Нават не ўяўляю сабе. А пачаць будаваць? А займацца філасофіяй? Вялікае багацце думак, мастацкх твораў, тэорый і канцэпцый дайшло да нашых дзён са Старажытнай Грэцыі.  Цікава, як гэтая спадчына ўздзейнічае на сучасных грэкаў? За некалькі дзён не разбярэшся.

01/05/2016

Не такі спакой

Спакой пакідаю вам, спакой Мой даю вам. Не так, як дае свет, Я вам даю. Няхай не трывожыцца сэрца вашае і не баіцца. Ян 14, 27
Сярод несправядлівасці і няўпэўненасці, абмежаванасці і скажэнняў "гэтага свету" і саміх сябе, мы запрошаныя выплысці на глыбіню, даверліва следуючы за Хрыстом.

Напэўна, не нам давядзецца пераплываць акіяны, але найбліжэйшую сажалку трэба са шчырым сэрцам асвоіць і хоць крышачку палепшыць. Ці гэта значыць, што не будзе ніколі трывожна і страшна? Не, канешне, не значыць, і будуць падчас дажджоў вабіць шляхі забыцця і ўтульныя цёплыя норы... Мы не ведаем, адкуль і як прыходзіць Хрыстовы спакой, і шукаем, бывае, зусім не там, калі ж ён (спакой, не такі, які дае свет) – унутры чалавека. І ён (гэты спакой) не спіць там, як у капсуле, але робіцца адчувальным і бачным усяму свету і аказваецца вельмі доўгачаканым, застаючыся такім незразумелым.

22/04/2016

Малітва бацькоў

Добры Божа,
Ты даеш усё, што мы маем,
Ты – крыніца ўсіх нашых благаслаўленняў.
Мы дзякуем Табе і праслаўляем Цябе.

Дзякуем Табе за дар нашых дзяцей.

Дапамажы нам вызначыць ім межы
і тым не менш заахвоціць да адкрыцця свету.
Дай нам сілу і адвагу адносіцца да кожнага дня,
як да новага старту.

Няхай нашы дзеці спазнаюць Цябе, адзінага праўдзівага Бога,
і Езуса Хрыста, Якога Ты паслаў.

Няхай Твой Святы Дух дапаможа ім узрастаць
у веры, надзеі і любові,
каб яны зведалі супакой, праўду і дабро.

Няхай іх вушы чуюць Твой голас.
Няхай іх вочы бачаць Тваю прысутнасць ва ўсіх рэчах.
Няхай іх вусны абвяшчаюць Тваё слова.
Няхай іх сэрцы будуць Тваім жыллём.
Няхай іх рукі чыняць дабро.
Няхай іх ногі ідуць шляхам Езуса Хрыста,
Твайго Сына і нашага Пана.
Амэн.


14/04/2016

Пра што спытаецца Бог, які ўсё ведае

Так і не ведаю, ставіць у канцы загалоўка пытальнік ці не. Я шукаю адказ ці спрабую яго даць? Як увогуле можна пачынаць пісаць, не вызначыўшыся з сутнасцю тэкста? Што ж, як той казаў, "іду, куды вочы глядзяць".

У рэшце рэшт, як толькі ты збярэшся ўзяцца за якую-небудзь справу, прайсці з кімсьці некалькі крокаў ці расказаць гісторыю, ведай, Божае пытанне ўжо прагучала. Першым пачуў яго апостал Пётр. Памятнае ціхае сняданне з Езусам на беразе возера пасля няўдалай ночы "пустых сетак" і нечаканага ўлову. "Ніхто з вучняў не адважыўся спытацца ў Яго: «Хто Ты?», бо ведалі, што гэта Пан".

25/03/2016

Тыдзень сёмы. Многія ўсе

"Гэта Кроў Мая новага запавету, якая за многіх праліваецца..." Мк 14, 24

"...прыйшоў Юда, адзін з Дванаццаці, а з ім мноства людзей з мячамі і кіямі " Мк 14, 43
"...многія давалі ілжывыя сведчанні супраць Яго" Мк 14, 46
І г.д., і г.д. – многія, некаторыя, усе – з'явіліся амаль адразу пасля ўстанаўлення Новага запавету, адразу пасля Хрыстовай запаведзі любові. З'явіліся не адсвяткаваць, але зруйнаваць, нібы спяшаючыся ўнесці ў гэта сваю "лепту".

Такі натоўп адпудзіць любога, загоніць за замкнёныя дзверы малых пакояў, прымусіць дрыжаць ад страху, але – не Маці Езуса, якая глядзела толькі на Яго і ішла за Ім крыжовым шляхам.
Каб жа вочы ўсіх адкупленых глядзелі толькі на Яго...


20/03/2016

Тыдзень шосты. Бачыць, чуць і верыць

Вучы мяне Тваім шляхам

Вучы мяне Твайму спосабу глядзець на людзей:
як зірнуў Ты на Пятра пасля яго адрачэння,
як пранікнуў сэрцы багатага юнака і сваіх вучняў.

Я б хацеў спаткаць Цябе такім, якім Ты ёсць,
у той момант, калі Твой вобраз змяняе тых,
да каго Ты прыходзіш.

Помніш Яна Хрысціцеля першую з Табой сустрэчу?
І ў сотніка - пачуццё нявартасці?
І дзіваванне тых, якія бачылі цуды?

Як Ты ўразіў сваіх вучняў,
натоўп у Аліўным Садзе,
Пілата і яго жонку,
і сотніка ля падножжа крыжа. .
. .
Я хачу слухаць і быць захопленым
Тваёй манерай гаварыць,
пачуць, напрыклад, Тваю дыскусію ў сінагозе Капернаўма
ці Казанне на Гары, дзе твая аўдыторыя
адчувала, што Ты "вучыш, як той, хто мае ўладу".

а.Пэдра Арупэ SJ


Бываюць моманты, калі евангельскія аповеды нібы ажываюць. Узнікаюць маляўнічыя вобразы, амаль адчувальнымі робяцца гукі, і ты нават "бачыш" выраз твараў. Не так важна, ці гістарычна дакладная там вопратка і інтэр'еры. Мае значэнне сутнасць. Малітва з дапамогай свайго ўяўлення можа быць вельмі багатай у плёны. Як піша а.Пэдра: каб вучыцца ў Езуса, бачыць Яго, чуць і паглыбіць сваю веру, калі на тое воля Божая.

На мінулым тыдні найбольш закрануў мяне адзін вобраз: Езус бярэ за руку сляпога і вядзе яго за вёску. Там Ён вяртае чалавеку зрок і адпраўляе дахаты. Сам па сабе захапляльны гэты цуд, але ж і шлях да яго... Ісці, сляпому, па вуліцах з Кімсьці, каго ты не бачыш... Ён, незнаёмы і блізкі, трымае цябе за руку, і напэўна, маўчыць. Ты нічога не бачыш, а Ен - наскрозь...
"Бог – у цемры", – сказаў адзін святар-астраном. І ў гэтым вялізным, мала знаёмым нам космасе, Ён водзіць за руку сусветы, планеты і малых чалавекаў, якія самі не даюць рады.
Цішыня,
цяпло Далоні,
давер
і дарога.

14/03/2016

Тыдзень пяты. Вольнасць сэрца

І больш нічога. З ласкі Божай, больш нічога не спатрэбіцца, каб пайсці за тым Чалавекам, фігура Якога сустракае кожнага, хто прыходзіць у Міхалішны касцёл. Прыгледземся ж да яе бліжэй (і да фігуры, і да вольнасці).

Неяк нялюдзка Яго постаць звязалі вяроўкай: нібыта яе лёгка можна скінуць, як недарэчную мішуру. Але адначасова так адмыслова яна апляла Езусу рукі і закруцілася вензелем, што позірк заблытваецца ў ёй. Езус, здаецца, толькі на момант стомлена прыхінуўся да сцяны, пакуль Пілат вымаўляе сваё "Esse Homo!"

Так, вось Чалавек! Вольны, нягледзячы на вяроўкі і смяротны прысуд. Вось -  больш, чым кароль, чым самы ўплывовы прэзідэнт і багацей. Не зведаў на зямлі шаўковых строяў і высокіх прывілеяў. Не атрымаў ганаровых адзнак. Не прыдбаў сабе нават невялічкай арміі. Пот, пыл, цярпенні. І ў выніку - на тым судовым ганку Пілатавага палаца Бог-Чалавек стаіць адзін. Хоць мог бы, ды не скідвае з Сябе вяровак і жудаснай кароны.

Хто ж тыя, якія ідуць за Ім? Чаму яны абіраюць Ягоны бок, а не бок зла, якое выглядае мацнейшым, пэўным сябе, добра аплочаным?