14/04/2016

Пра што спытаецца Бог, які ўсё ведае

Так і не ведаю, ставіць у канцы загалоўка пытальнік ці не. Я шукаю адказ ці спрабую яго даць? Як увогуле можна пачынаць пісаць, не вызначыўшыся з сутнасцю тэкста? Што ж, як той казаў, "іду, куды вочы глядзяць".

У рэшце рэшт, як толькі ты збярэшся ўзяцца за якую-небудзь справу, прайсці з кімсьці некалькі крокаў ці расказаць гісторыю, ведай, Божае пытанне ўжо прагучала. Першым пачуў яго апостал Пётр. Памятнае ціхае сняданне з Езусам на беразе возера пасля няўдалай ночы "пустых сетак" і нечаканага ўлову. "Ніхто з вучняў не адважыўся спытацца ў Яго: «Хто Ты?», бо ведалі, што гэта Пан".



А Ён спытаўся ў Пятра.
– Ці любіш ты Мяне?
– Пане, Ты ўсё ведаеш, Ты ведаеш, што я люблю Цябе.
Такі мудры адказ тройчы даў святы Пётр...
Усё, што ўва мне ёсць, Ты ведаеш.
Усё, што я лічу сваім, Ты мне даў.
Ты бачыш, што і мая любоў да Цябе – Твой дар.
Але я кажу: люблю Цябе.


Нічога лепшага не адкрылася чалавеку, як толькі шукаць Бога і любіць Яго ўсім сабою, дарэшты і канчаткова. Гэта і змяняе ўсё ўнутры і паступова навокал...

Пачуўшы адказ (а можа, упэўніўшыся, што вучні пачулі пытанне), Езус аднаўляе запрашэнне-пакліканне: "Ідзі за Мной." Цэлы свет прыходзіць у рух, але якімі б новымі не здаваліся шляхі, якімі б дробнымі не былі сцежкі, Ён ужо імі прайшоў. Няма чаго баяцца застацца ў самоце.


У рэшце рэшт, настане той момант, калі пытанне зменіцца: "Ці любіў ты Мяне?" І "раскрыюцца кнігі", і ўсе нашы адказы стануць відавочнымі.

Інспірацыя і натхненне:
цудоўная малітва, аўтарам якой лічаць а. Пэдра Арупэ SJ  (Fr. Pedro Arrupe SJ 1907-1991).

Fall in Love
Nothing is more practical than
finding God, than
falling in Love
in a quite absolute, final way.
What you are in love with,
what seizes your imagination, will affect everything.
It will decide
what will get you out of bed in the morning,
what you do with your evenings,
how you spend your weekends,
what you read, whom you know,
what breaks your heart,
and what amazes you with joy and gratitude.
Fall in Love, stay in love,
and it will decide everything.

Магу прапанаваць толькі свой варыянт перакладу. Упэўнена, што гэта малітва дачакаецца свайго паэта-перакладчыка, каб загучаць па-сапраўднаму.

Любі
Няма нічога больш рэальнага,
чым шукаць Бога,
чым любіць Яго
цалкам, абсалютна і канчаткова.
Тое, што ты любіш,
што ўражвае тваё ўяўленне, паўплывае на ўсё,
яно вырашыць,
што будзе падымаць цябе з ложка нараніцы,
што ты зробіш са сваімі вечарамі,
як правядзеш выхадныя,
што ты чытаеш, каго ведаеш,
што разбівае тваё сэрца,
і што цябе захапляе, напаўняючы радасцю і ўдзячнасцю.
Палюбі, трывай у любові,
і гэта вырашыць усё.

No comments:

Post a Comment