14/03/2016

Тыдзень пяты. Вольнасць сэрца

І больш нічога. З ласкі Божай, больш нічога не спатрэбіцца, каб пайсці за тым Чалавекам, фігура Якога сустракае кожнага, хто прыходзіць у Міхалішны касцёл. Прыгледземся ж да яе бліжэй (і да фігуры, і да вольнасці).

Неяк нялюдзка Яго постаць звязалі вяроўкай: нібыта яе лёгка можна скінуць, як недарэчную мішуру. Але адначасова так адмыслова яна апляла Езусу рукі і закруцілася вензелем, што позірк заблытваецца ў ёй. Езус, здаецца, толькі на момант стомлена прыхінуўся да сцяны, пакуль Пілат вымаўляе сваё "Esse Homo!"

Так, вось Чалавек! Вольны, нягледзячы на вяроўкі і смяротны прысуд. Вось -  больш, чым кароль, чым самы ўплывовы прэзідэнт і багацей. Не зведаў на зямлі шаўковых строяў і высокіх прывілеяў. Не атрымаў ганаровых адзнак. Не прыдбаў сабе нават невялічкай арміі. Пот, пыл, цярпенні. І ў выніку - на тым судовым ганку Пілатавага палаца Бог-Чалавек стаіць адзін. Хоць мог бы, ды не скідвае з Сябе вяровак і жудаснай кароны.

Хто ж тыя, якія ідуць за Ім? Чаму яны абіраюць Ягоны бок, а не бок зла, якое выглядае мацнейшым, пэўным сябе, добра аплочаным?



Людзі, вольныя сэрцам пакідаюць сваю ўтульнасць, багацці, прыемныя дробязі і "вялікія абавязкі стану". Яны адважваюцца зазірнуць сабе ў самае нутро, у святое святых, дзе нікому няма ўваходу, і слухаюць сваё сэрца, яго мары і жаданні. Можа стацца, што прагненні сягаюць далёкіх зорак, абдымаюць кожнага чалавека, не ведаюць межаў у сваёй моцы, цудоўныя падарункі Божай Любові... Бо замала таго, каб вызваліцца ад чагосьці, важна тое, дзеля чаго. Можа ўсё-ткі дзеля таго шляху, па якім прайшоў Хрыстус? Толькі падумаць, які свет Ён хацеў наблізіць чалавецтву, калі вучыў людзей прабачэнню і любові, вызваляў ад дэманаў і хваробаў, адчыняў вочы, тлумачыў Святое Пісанне, вяртаў у супольнасць ізгояў, не спыняўся - любіць, марыць, працаваць, рабіць сваё...

Рана ці позна надыходзіць момант, калі ёсць толькі два бакі і няма сцежкі пасярэдзіне і ніякага потым - трэба выбіраць, у чыіх ты шэрагах - Бога ці д'ябла. Выраз "заставайся самім сабой" даўно стаў трывіяльным, але толькі не для тых, хто ведае сваё сэрца і дастаткова вольны, каб слухаць яго.
http://www.radzima.org/be/object/1406.html

No comments:

Post a Comment