23/05/2016

Рытм



На беразе Эгейскага мора я стаяла, прыціхшы. Вельмі даўно хтосьці з грэкаў сказаў, што душу лечыць мора. Са здзіўленнем успомніла, як хацелася мне ў дзяцінстве ўбачыць гэты бераг, калі чытала старажытныя міфы. Адчуванні? Аняменне, нейкая пустка і жаданне абярнуцца ў слых. Назіраць, як нараджаюцца з цэлага мора асобныя хвалі, дазваляць ім кранацца босых ног і вяртацца назад "да сябе", глядзець, як празрыстая вада згладжвае сляды на пяску. І адчуваць, што адначасова знікаюць сляды нягодаў і стомы недзе глыбока ўнутры цябе.

Колькі ж трэба маўчаць каля мора, каб пачалі нараджацца хоць якія-небудзь словы... Нават не ўяўляю сабе. А пачаць будаваць? А займацца філасофіяй? Вялікае багацце думак, мастацкх твораў, тэорый і канцэпцый дайшло да нашых дзён са Старажытнай Грэцыі.  Цікава, як гэтая спадчына ўздзейнічае на сучасных грэкаў? За некалькі дзён не разбярэшся.

01/05/2016

Не такі спакой

Спакой пакідаю вам, спакой Мой даю вам. Не так, як дае свет, Я вам даю. Няхай не трывожыцца сэрца вашае і не баіцца. Ян 14, 27
Сярод несправядлівасці і няўпэўненасці, абмежаванасці і скажэнняў "гэтага свету" і саміх сябе, мы запрошаныя выплысці на глыбіню, даверліва следуючы за Хрыстом.

Напэўна, не нам давядзецца пераплываць акіяны, але найбліжэйшую сажалку трэба са шчырым сэрцам асвоіць і хоць крышачку палепшыць. Ці гэта значыць, што не будзе ніколі трывожна і страшна? Не, канешне, не значыць, і будуць падчас дажджоў вабіць шляхі забыцця і ўтульныя цёплыя норы... Мы не ведаем, адкуль і як прыходзіць Хрыстовы спакой, і шукаем, бывае, зусім не там, калі ж ён (спакой, не такі, які дае свет) – унутры чалавека. І ён (гэты спакой) не спіць там, як у капсуле, але робіцца адчувальным і бачным усяму свету і аказваецца вельмі доўгачаканым, застаючыся такім незразумелым.

22/04/2016

Малітва бацькоў

Добры Божа,
Ты даеш усё, што мы маем,
Ты – крыніца ўсіх нашых благаслаўленняў.
Мы дзякуем Табе і праслаўляем Цябе.

Дзякуем Табе за дар нашых дзяцей.

Дапамажы нам вызначыць ім межы
і тым не менш заахвоціць да адкрыцця свету.
Дай нам сілу і адвагу адносіцца да кожнага дня,
як да новага старту.

Няхай нашы дзеці спазнаюць Цябе, адзінага праўдзівага Бога,
і Езуса Хрыста, Якога Ты паслаў.

Няхай Твой Святы Дух дапаможа ім узрастаць
у веры, надзеі і любові,
каб яны зведалі супакой, праўду і дабро.

Няхай іх вушы чуюць Твой голас.
Няхай іх вочы бачаць Тваю прысутнасць ва ўсіх рэчах.
Няхай іх вусны абвяшчаюць Тваё слова.
Няхай іх сэрцы будуць Тваім жыллём.
Няхай іх рукі чыняць дабро.
Няхай іх ногі ідуць шляхам Езуса Хрыста,
Твайго Сына і нашага Пана.
Амэн.


14/04/2016

Пра што спытаецца Бог, які ўсё ведае

Так і не ведаю, ставіць у канцы загалоўка пытальнік ці не. Я шукаю адказ ці спрабую яго даць? Як увогуле можна пачынаць пісаць, не вызначыўшыся з сутнасцю тэкста? Што ж, як той казаў, "іду, куды вочы глядзяць".

У рэшце рэшт, як толькі ты збярэшся ўзяцца за якую-небудзь справу, прайсці з кімсьці некалькі крокаў ці расказаць гісторыю, ведай, Божае пытанне ўжо прагучала. Першым пачуў яго апостал Пётр. Памятнае ціхае сняданне з Езусам на беразе возера пасля няўдалай ночы "пустых сетак" і нечаканага ўлову. "Ніхто з вучняў не адважыўся спытацца ў Яго: «Хто Ты?», бо ведалі, што гэта Пан".

25/03/2016

Тыдзень сёмы. Многія ўсе

"Гэта Кроў Мая новага запавету, якая за многіх праліваецца..." Мк 14, 24

"...прыйшоў Юда, адзін з Дванаццаці, а з ім мноства людзей з мячамі і кіямі " Мк 14, 43
"...многія давалі ілжывыя сведчанні супраць Яго" Мк 14, 46
І г.д., і г.д. – многія, некаторыя, усе – з'явіліся амаль адразу пасля ўстанаўлення Новага запавету, адразу пасля Хрыстовай запаведзі любові. З'явіліся не адсвяткаваць, але зруйнаваць, нібы спяшаючыся ўнесці ў гэта сваю "лепту".

Такі натоўп адпудзіць любога, загоніць за замкнёныя дзверы малых пакояў, прымусіць дрыжаць ад страху, але – не Маці Езуса, якая глядзела толькі на Яго і ішла за Ім крыжовым шляхам.
Каб жа вочы ўсіх адкупленых глядзелі толькі на Яго...


20/03/2016

Тыдзень шосты. Бачыць, чуць і верыць

Вучы мяне Тваім шляхам

Вучы мяне Твайму спосабу глядзець на людзей:
як зірнуў Ты на Пятра пасля яго адрачэння,
як пранікнуў сэрцы багатага юнака і сваіх вучняў.

Я б хацеў спаткаць Цябе такім, якім Ты ёсць,
у той момант, калі Твой вобраз змяняе тых,
да каго Ты прыходзіш.

Помніш Яна Хрысціцеля першую з Табой сустрэчу?
І ў сотніка - пачуццё нявартасці?
І дзіваванне тых, якія бачылі цуды?

Як Ты ўразіў сваіх вучняў,
натоўп у Аліўным Садзе,
Пілата і яго жонку,
і сотніка ля падножжа крыжа. .
. .
Я хачу слухаць і быць захопленым
Тваёй манерай гаварыць,
пачуць, напрыклад, Тваю дыскусію ў сінагозе Капернаўма
ці Казанне на Гары, дзе твая аўдыторыя
адчувала, што Ты "вучыш, як той, хто мае ўладу".

а.Пэдра Арупэ SJ


Бываюць моманты, калі евангельскія аповеды нібы ажываюць. Узнікаюць маляўнічыя вобразы, амаль адчувальнымі робяцца гукі, і ты нават "бачыш" выраз твараў. Не так важна, ці гістарычна дакладная там вопратка і інтэр'еры. Мае значэнне сутнасць. Малітва з дапамогай свайго ўяўлення можа быць вельмі багатай у плёны. Як піша а.Пэдра: каб вучыцца ў Езуса, бачыць Яго, чуць і паглыбіць сваю веру, калі на тое воля Божая.

На мінулым тыдні найбольш закрануў мяне адзін вобраз: Езус бярэ за руку сляпога і вядзе яго за вёску. Там Ён вяртае чалавеку зрок і адпраўляе дахаты. Сам па сабе захапляльны гэты цуд, але ж і шлях да яго... Ісці, сляпому, па вуліцах з Кімсьці, каго ты не бачыш... Ён, незнаёмы і блізкі, трымае цябе за руку, і напэўна, маўчыць. Ты нічога не бачыш, а Ен - наскрозь...
"Бог – у цемры", – сказаў адзін святар-астраном. І ў гэтым вялізным, мала знаёмым нам космасе, Ён водзіць за руку сусветы, планеты і малых чалавекаў, якія самі не даюць рады.
Цішыня,
цяпло Далоні,
давер
і дарога.

14/03/2016

Тыдзень пяты. Вольнасць сэрца

І больш нічога. З ласкі Божай, больш нічога не спатрэбіцца, каб пайсці за тым Чалавекам, фігура Якога сустракае кожнага, хто прыходзіць у Міхалішны касцёл. Прыгледземся ж да яе бліжэй (і да фігуры, і да вольнасці).

Неяк нялюдзка Яго постаць звязалі вяроўкай: нібыта яе лёгка можна скінуць, як недарэчную мішуру. Але адначасова так адмыслова яна апляла Езусу рукі і закруцілася вензелем, што позірк заблытваецца ў ёй. Езус, здаецца, толькі на момант стомлена прыхінуўся да сцяны, пакуль Пілат вымаўляе сваё "Esse Homo!"

Так, вось Чалавек! Вольны, нягледзячы на вяроўкі і смяротны прысуд. Вось -  больш, чым кароль, чым самы ўплывовы прэзідэнт і багацей. Не зведаў на зямлі шаўковых строяў і высокіх прывілеяў. Не атрымаў ганаровых адзнак. Не прыдбаў сабе нават невялічкай арміі. Пот, пыл, цярпенні. І ў выніку - на тым судовым ганку Пілатавага палаца Бог-Чалавек стаіць адзін. Хоць мог бы, ды не скідвае з Сябе вяровак і жудаснай кароны.

Хто ж тыя, якія ідуць за Ім? Чаму яны абіраюць Ягоны бок, а не бок зла, якое выглядае мацнейшым, пэўным сябе, добра аплочаным?

28/02/2016

Тыдзень трэці. Блытаніна

Што я адчула, калі за адно і тое ж дзеянне мяне адразу зганілі па розных прычынах розныя людзі ў той самы дзень? Вядома ж, са шчырым жаданнем дапамагчы. Адчапіцеся, дайце жыць, – хацелася сказаць. Але пра тое і гаворка, што часта людзі хвалююцца, прадчуваючы, што ім прыйдзецца разбірацца з наступствамі чужых учынкаў. Дзівачыш ты, разграбаюць іншыя. Калі яшчэ прыгадаць прымаўку, што ніхто не зробіць горш, як сам сабе, то атрымліваецца невясёлая карцінка. І сабе, і іншым, а значыць і ўсяму свету я магу зрабіць кепска і балюча.

Не дагодзіш вам, падумала смакоўніца з сённяшняга Евангелля і вырашыла стаяць і нічога не рабіць. Я вельмі добра яе разумею. Настолькі добра, што рашэнне гаспадара саду ссекчы яе, бо трэці год няма плоду, здаецца вельмі суровым. Што мы ведаем аб прычынах яе неплоданашэння? З пыхі ці са страху? Не ведала ці не даядала? Сквапнасць на яе напала ці непамятлівасць? Смакоўніца, ты заблытала ўсіх і маўчыш?