28/02/2016

Тыдзень трэці. Блытаніна

Што я адчула, калі за адно і тое ж дзеянне мяне адразу зганілі па розных прычынах розныя людзі ў той самы дзень? Вядома ж, са шчырым жаданнем дапамагчы. Адчапіцеся, дайце жыць, – хацелася сказаць. Але пра тое і гаворка, што часта людзі хвалююцца, прадчуваючы, што ім прыйдзецца разбірацца з наступствамі чужых учынкаў. Дзівачыш ты, разграбаюць іншыя. Калі яшчэ прыгадаць прымаўку, што ніхто не зробіць горш, як сам сабе, то атрымліваецца невясёлая карцінка. І сабе, і іншым, а значыць і ўсяму свету я магу зрабіць кепска і балюча.

Не дагодзіш вам, падумала смакоўніца з сённяшняга Евангелля і вырашыла стаяць і нічога не рабіць. Я вельмі добра яе разумею. Настолькі добра, што рашэнне гаспадара саду ссекчы яе, бо трэці год няма плоду, здаецца вельмі суровым. Што мы ведаем аб прычынах яе неплоданашэння? З пыхі ці са страху? Не ведала ці не даядала? Сквапнасць на яе напала ці непамятлівасць? Смакоўніца, ты заблытала ўсіх і маўчыш?



Вінаградар быў бліжэй да яе, чым гаспадар вінаградніка: "Пане, пакінь яе на гэты год. Я абкапаю яе і абкладу ўгнаеннем. Можа, прынясе плод у будучым, а калі не, ссячэш яе." Чуваць, як з палёгкай уздыхнула смакоўніца. Яшчэ адзін шанец і то які! Не толькі час, але клопат, дагляд і падмацаванне. Каб толькі не гэтая апошняя заўвага: "А калі не, то..." Значыць, яна вартая сваёй долі быць выдаленай з саду, і вінаградар згодны з гаспадаром. Калі ён просіць для яе яшчэ адзін шанец, то сведчыць гэта не аб высокай годнасці смакоўніцы, але аб міласэрнасці вінаградара. І калі яе няўдзячнасць перашкодзіць прынесці плод і на наступны год, то ўсе яго старанні былі марныя. Ён ведае, што так можа стацца, але ўсё роўна будзе спрабаваць.

Пане, часам мне здаецца, што нас, застыглых смакоўніц, якія адводзяць позірк, каб з Табой не сустрэцца вачамі, у Цябе цэлыя лясы.
А што, калі – толькі я?
Дапамажы ўбачыць, распазнаць, загарэцца жаданнем зменаў так, як Ты гэта бачыш у маім жыцці, мой Божа.

No comments:

Post a Comment