03/02/2016

Найлепшая частка

Пачатак Першай кнігі Самуэля. Мне падабаецца вяртацца да гэтай біблейскай гісторыі. Вяртацца з перарывамі ў некалькі год. Аповед пра Ганну, маці прарока Самуэля, адкрываецца кожны раз з новага боку, нібы я пакручваю ў руках каштоўны камень.

Даўным-даўно ў адным горадзе жыў эфраімец на імя Элькана. І бацька яго, і дзед, і прадзед там жылі, працавалі, працягвалі род і трымаліся веры сваіх продкаў. І вось ажаніўся Элькана з Ганнай, вельмі яе пакахаў, але з любімай жонкай дзяцей не было.
Тут і канчаецца падабенства гэтай гісторыі да казкі: выпрабаванні пачынаюцца пасля вяселля, а не заканчваюцца ім. Шматзначнае і таямнічае – "Бог замкнуў яе лона". А час ішоў...

17/01/2016

Нічога не змянілася

На мінулым тыдні ездзілі на пару дзён у Літву. У Вострую Браму апошнім вечарам мы прыйшлі, калі ўжо добра звечарэла. На віленскіх марозных вуліцах было мала людзей, як і ў капліцы Маці Божай Вострабрамскай, і ў касцеле св. Тэрэсы ад Дзіцятка Езус. Для мяне гэтыя месцы, як само дзяцінства. І калі ў Астраўцы, дзе я нарадзілася, шмат што змяняецца, то прысеўшы каля фігуры сваей патронкі, я адчула палегку: тут не адчуваецца ніякіх уплываў часу. Калі гэта толькі ілюзія, то таксама няблага. Змены бываюць розныя ж, некаторыя спробы паляпшэння спрычыняюцца да згубы, а сур'ёзныя працы часта застаюцца нябачнымі звычайнаму воку.

Св. Тэрэска стаяла ў ценю, на ўзбоччы, як даўней. Дзесьці там у галоўным алтары – залатыя калоны, аздабленні, электрычная яркасць і рух. Яна сціпла і ціха застыгла з крыжом і ружамі, не на першых месцах, але затое так блізка да людзей. Каб можна было прыстаць побач і памаўчаць у літасцівым паўзмроку...

Па слядах няўдалых прымірэнняў

Што перашкаджае двум людзям памірыцца? Вось сядзіш, думаеш пра абодвух, згадваеш іхнія лепшыя рысы характару, здольнасці, цеплыню ўсмешак адно да аднаго, калі ўсё яшчэ было паміж імі добра, і паддаешся ілюзіі: трэба проста ім расказаць пра іх саміх, бо яны забыліся, выпусцілі з-пад увагі і вось... Так-так, хто яшчэ не хадзіў, схадзі, раскажы ім. Можа, нават не надта балюча паб'юць. А ўсе прыгожыя словы – як аб сцяну гарох, ці ты аб прабачэнні будзеш распінацца, ці аб дабрыні і чуласці іншай асобы.

Мінулае не становіцца выратаваннем. Можна аднаўляць там фарбы, спяваць старыя песні, ажыўляць успаміны – апалае лісце не прыклеіш на дрэва, і няма сіл спадзявацца на вясну. Яны згаджаюцца, што ў іх павінны папрасіць прабачэння, а тым часам кожны з пакрыўджаных няспынна правярае і ўмацоўвае свае муры. Ці на месцы ўсе ліхія пачутыя словы, ці дакладна складзеныя вялікія і малыя чужыя правіны, ці выкрытая падступнасць добра бачная ўсяму наваколлю? Кожны каменьчык замацаваны такімі эмоцыямі, што ніякага цэменту не трэба.

26/12/2015

Шчаслівай дарогі!

"Пастухі знайшлі Марыю і Юзафа, і Немаўля"


Так многа мы чакаем ад калядаў. Каб надвор'е было спрыяльным і снежным, каб падарункі абавязкова спадабаліся блізкім, каб стравы на стале ўдаліся як найлепей, каб грошай хапіла і яшчэ засталося, каб кожны ўсміхаўся, каб госці прыйшлі і пайшлі задаволеныя, каб было ўсё лёгка, весела, смачна і бесклапотна, і гэта толькі пачатак. Многія з нас гатовыя на значны высілак, амаль на мяжы сваіх сіл, каб здзейсніць як найбольш сваіх чаканняў. Вынік, мякка кажучы, не заўсёды адпавядае...

А некаторыя чакаюць толькі аднаго, нічога больш – толькі аднаго – цуда. Каб нехта жыў. Каб быў побач. Каб вылечыўся. Некаторым трэба толькі праменьчык надзеі, трошкі цяпла, крышынку дабрыні і ўвагі...

Што нашы чаканні і спадзяванні? Бараны ды авечкі. Пасём, гадуем, нешта з іх маем. Куды мы, туды й яны. Трэба вучыцца разнявольвацца, каб перастаць заціскаць вушы ад анёльскіх спеваў, Часцей глядзець на зоркі, каб не прапусціць ціхае ззянне над Бэтлеемам. Старацца глядзець сэрцам, а не вачамі, каб аднойчы выправіцца на пошукі Немаўляці. З усімі тымі баранамі і авечкамі, нават самымі няўклюднымі, з пусткай і сумненнямі, з недарэчнымі сваімі падарункамі і дзіўнымі манерамі – знайсці і пакланіцца. А што далей: размовы ці маўчанне, гучнае "Славім Яго!" ці слёзы сустрэчы, ці ўсё разам – не буду гаварыць, бо пахаваліся каля стаенкі ўсе словы.

11/12/2015

І ўрэшце, браты...

І ўрэшце, браты, просім вас і молім у Пану Езусе, каб вы, прыняўшы ад нас тое, як трэба вам сябе паводзіць і дагаджаць Богу, як вы і паводзіце сябе, каб больш у гэтым узрасталі. Бо вы ведаеце, якія мы далі вам наказы ад Пана Езуса. 1 Тэс 4, 1-2
A na koniec, bracia, prosimy i zaklinamy was w Panu Jezusie: według tego, coście od nas przejęli w sprawie sposobu postępowania i podobania się Bogu i jak już postępujecie, stawajcie się coraz doskonalszymi! Wiecie przecież, jakie nakazy daliśmy wam przez Pana Jezusa. 1 Tes 4,1-2
За сим, братия, просим и умоляем вас Христом Иисусом, чтобы вы, приняв от нас, как должно вам поступать и угождать Богу, более в том преуспевали, ибо вы знаете, какие мы дали вам заповеди от Господа Иисуса. 1 Фес 4, 1-2
Finally, brethren, we beseech and exhort you in the Lord Jesus, that as you learned from us how you ought to live and to please God, just as you are doing, you do so more and more.  For you know what instructions we gave you through the Lord Jesus.1 Tes 4:1,2 

Нечаста, але здараецца, я чытаю адзін біблейскі тэкст на розных мовах, вядома, больш-менш знаёмых. Сапраўды, гэта не марнаванне часу. Напрыклад, гэтае "і ўрэшце", "дагаджаць" у беларускай мове, ці  "stawajcie się coraz doskonalszymi!" з клічнікам у польскай, "и умоляем вас Христом Иисусом" у рускім перакладзе, і цудоўна-руціннае англійскае "do so more and more" – нясуць свае незаменныя адценні і ўзбагачаюць успрыманне. Што ўжо казаць пра тых, хто разумее па-грэцку?

Але ці дапамогуць іншыя мовы мне зразумець, чаму вось гэты заклік да дасканаласці з Літургіі Слова першай нядзелі Адвэнту не выходзіць у мяне з галавы?

20/11/2015

Self-care. Клопат аб сабе

Не дзіўна, што існуе шмат дэфініцый self-care, калі ж гаворка ідзе пра індывідуальны і шматбаковы працэс. Для адных клопат аб сваё цела, розум і дух мае на мэце толькі добрае самаадчуванне. Для іншых гэты клопат азначае імкненне да чагосьці большага, чым проста праца, адносіны ці зараблянне грошай. Хтосьці скажа, што сэнс заключаецца ў стварэнні пачуцця дабрабыту і раўнавагі "зверху данізу, унутры і звонку". А нехта ўважліва ставіцца да сваіх патрэбаў, бо адчувае адказнасць за той выдатны механізм, які дае нам магчымасць працаваць і любіць, – за сваё цела і душу. Адзінае, з чым усе пагадзіліся б – клопат аб сабе крытычна неабходны для нас саміх і нашага акружэння.

15/11/2015

Зоры небасхілу

І надыдзе цяжкі час, якога не было з таго моманту, калі пачалі існаваць народы, аж да гэтай пары... І тыя, хто мудры, будуць ззяць, як свяцілы небасхілу, а тыя, хто навучыць многіх справядлівасці — як зоркі на вечную вечнасць. Дан 12, 1–3

Езус сказаў сваім вучням: У тыя дні пасля таго ўціску зацьміцца сонца, і месяц не дасць святла свайго. І зоркі будуць падаць з неба, і сілы нябесныя пахіснуцца. Тады ўбачаць Сына Чалавечага, які будзе ісці на аблоках з вялікай сілай і ў славе. Ён пашле тады Анёлаў сваіх і збярэ выбраных сваіх ад чатырох вятроў, ад краю зямлі да краю неба. Мк 13, 24

Я сяджу ў чыстай кватэры. Учарашні дзень быў прысвечаны здабыванню гэтай чысціні, але вынік зусім не цешыць, таму што прычына маёй руплівасці - ранішні шок ад навінаў пра тэракты ў Парыжы. Наіўная спроба захінуцца ад халоднага жаху.
"Цяжкі час" апускаецца на плечы нашага пакалення. Праўда, яшчэ не падае неба, пахіснуўшыся, на зямлю, але для многіх людзей абрынуўся цэлы свет пасля перажытага. У пыле і змроку так камфортна адчувае сябе зло, і няспынна імкнецца да цемры, цягнучы за сабой людзей. Сцэнары і прыклады вядомыя. Падазронасць замест даверу, нянавісць замест прыязнасці, адчужэнне замест салідарнасці і г.д.

Нехта сказаў, што ў цёмныя часы лепш бачна светлых людзей. Прарок Даніэль называе "свяціламі небасхілу" і "зоркамі вечнасці" тых, якія не толькі маюць мудрасць, але яшчэ і вучаць "многіх справядлівасці". Мы добра ведаем, што бывае з тымі, якія мужна рупяцца аб справядлівасці, не сядзяць ціха, пакуль мінуць ліхія часы, не ставяць мудрасць на службу ўласным інтарэсам... Часта іх святло абрываецца трагічна. І мы наўрад ці здолеем абараніць іх, хоць так моцна іх патрабуем. Што сталася з Тым, Які называў Сябе "Святлом свету"?.. Але ж Ён і кліча кожнага ісці за Сабой, ісці, не хаваючы пры гэтым сваю "свечку" пад лаву, каб ніхто не заўважыў.

Свяціце ж і ў цяперашні час, выбраныя Божыя! Гэта адзінае выйсце. З усёй сваёй надзеяй - свяціце!  Не толькі дзеля таго, каб Анёлы Сына Чалавечага ведалі, дзе вас шукаць у апошні дзень. Але каб свет бачыў вашае святло праз стагоддзі і не звар'яцеў ад жаху і болю.

13/11/2015

Знаходкі апошняга тыдня

Усяго за тыдзень два разы дачушка Янка губляла тэлефон. А добрыя людзі званілі потым нам і вярталі яго, адмаўляючыся нават ад цукерак.
Таксама ў гэтыя дні вельмі часта знаходзіліся вадзіцелі маршрутак, якія не бралі з дзяцей грошы, падвозячы іх з Ляскоўкі да школы чатыры прыпынкі.
А я два дні шукала рыфму для радка з дзіцячай песні. Словы ўсплылі толькі ў стомленай пустой галаве, у якой больш не засталося ніякіх думак.
Прачытала шмат цікавых тэкстаў, аўтары якіх вельмі добра перадаюць тое, што і самой думаецца, так што і пісаць адпадае ахвота, бо ўсё ж напісана. А потым натрапіла на словы, якія напоўнены любоўю да людзей, і зноў хочацца сказаць нешта сваё.
Купілі і пасадзілі саджанцы чарэшні, антонаўкі і грушкі. Пакуль што ёсць надзея, што прыжывуцца.
І столькі насамрэч было гэтых малых і вялікіх знаходак усяго за некалькі дзён... Раўнавага патрабуе ўспомніць выпадкі, калі падарункам я сказала "Не-а, не хачу". Але зноў жа знайсці такія сітуацыі, усвядоміць свае страты, разабрацца ў прычынах і наступствах – гэта... проста скарб нейкі. Бяры, вучыся, карыстайся.

12/11/2015

Прачніся

І настала цемра...
Глядзелі на Таго, якога ўкрыжавалі

У Гэтсэмані вучняў змарыў сон. Як ні намагаліся не спаць, павекі зачыняліся, і адразу ж навальваліся вобразы, выявы, і нейкі такі цяжар, нібы дурман, які, аднак, не ўдавалася прагнаць ніякім высілкам. Можа таму, што ўвесь час думаеш, што не спіш, чуваеш, нават молішся, а насамрэч ускідваешся ад сну, калі з табой загавораць.

04/11/2015

Адведзіны тых, якія былі перад намі

Напярэдадні Успаміну ўсіх памерлых вернікаў, "адведалі" некалькі магільнікаў у розных частках Беларусі. Мы з мужам і дзецьмі забіралі з сабой то адных бабуль, то іншых, не толькі таму, што ім таксама хацелася папрыбіраць магілы сваіх бацькоў і крэўных, але і таму, што без іх мы не ведалі б, дзе і каго шукаць сярод крыжоў і помнікаў.