17/01/2016

Па слядах няўдалых прымірэнняў

Што перашкаджае двум людзям памірыцца? Вось сядзіш, думаеш пра абодвух, згадваеш іхнія лепшыя рысы характару, здольнасці, цеплыню ўсмешак адно да аднаго, калі ўсё яшчэ было паміж імі добра, і паддаешся ілюзіі: трэба проста ім расказаць пра іх саміх, бо яны забыліся, выпусцілі з-пад увагі і вось... Так-так, хто яшчэ не хадзіў, схадзі, раскажы ім. Можа, нават не надта балюча паб'юць. А ўсе прыгожыя словы – як аб сцяну гарох, ці ты аб прабачэнні будзеш распінацца, ці аб дабрыні і чуласці іншай асобы.

Мінулае не становіцца выратаваннем. Можна аднаўляць там фарбы, спяваць старыя песні, ажыўляць успаміны – апалае лісце не прыклеіш на дрэва, і няма сіл спадзявацца на вясну. Яны згаджаюцца, што ў іх павінны папрасіць прабачэння, а тым часам кожны з пакрыўджаных няспынна правярае і ўмацоўвае свае муры. Ці на месцы ўсе ліхія пачутыя словы, ці дакладна складзеныя вялікія і малыя чужыя правіны, ці выкрытая падступнасць добра бачная ўсяму наваколлю? Кожны каменьчык замацаваны такімі эмоцыямі, што ніякага цэменту не трэба.



Людзі, прабачце сабе гэта ўсё, ператрыце ўсё ў пыл і развейце на ветры, каб следу не засталося... Дзе там! Яно гадамі збіралася ды складалася, – і на вецер? Што ж гэта будзе за размова, падчас якой камяні рассыпаюцца ў пыл? Ці выходзяць людзі з яе жывымі? Ну, крумкач крумкачу... Але ўсяго можа быць. Найгорай, што вынік невядомы. Таму некаторыя ўвогуле закрываюцца ў сваёй ракавінцы "а мне ўсё роўна", і робяць выгляд, што спяць, бо вельмі стаміліся. Часта людзям, і мне самой, здаецца, што перайшоўшы рубеж "Што было, тое было, пачынаем зноў", абавязкова нешта губляеш. І дзе гарантыя, – пыталіся ў мяне, і я спытаюся ў вас, – што ахвяра не будзе дарэмнай, і што сітуацыя выправіцца, а не стане яшчэ горшай? Ну, праўда, паабяцайце нам неба без хмаркаў... Евангелле гарантуе вецер, буру і ліўні. Пытанне толькі, дзе гэта ўсё цябе заспее і ў якім стане.

Адзін мудры святар калісьці вучыў мяне простай малітве: "Божа, я сляпая. Я не бачу нічога добрага ў гэтым чалавеку. Дапамажы мне".

Перад слепатой спыняюцца і логіка, і доказы, і заклікі. Па нейкай прычыне чалавек не бачыць таго, што мог бы і павінен бачыць. Тыдзень ці два, год, палову жыцця адносіны не рухаюцца з месца.

Я слаба ўмею змагацца і таму навучыць не магу, але з таго, што давялося зведаць, пераканалася ў мізэрнасці чалавечых высілкаў. Калі ўмовы для прымірэння ёсць, а яно не адбываецца, то стрымлівае людзей нежаданне дазволіць сабе памірыцца. Мне здаецца, што размовы, псіхалагічныя (і іншыя можа патрэбныя) кансультацыі, спробы даверу і г.д. – гэта ўжо другі крок пасля прыняцця рашэння недзе ў глыбіні душы і з'яўлення хаця б ценю жадання аднавіць адносіны.

Тады цікавыя рэчы могуць адбыцца з тымі грознымі мурамі. Нібы лёд пад гарачым сонцам, растануць найвялікшыя сцены, калі Бог паглядзіць на іх. "Горы, як воск, растопяцца перад абліччам Пана, перад абліччам Пана ўсёй зямлі." (Пс 97,5) Чаго ж Бог чакае гадамі?.. Ці Яго не просяць? Адказ дае першы верш 97-га псальма: "Пан валадарыць, няхай радуецца зямля...". Эгаізм не павінен займаць галоўнае месца, бо яно належыць Богу. Калі Ён заваладарыць, то прыйдзе і радасць, і святло, і любоў. Інакш кажучы – вялікая змена ўнутранага "ландшафту". З агнем і маланкамі, каб не было сумна.

Толькі ніхто ж мяне не слухае... Ці не ў тым справа, што мне вельмі хочацца, каб спачатку змяніўся хтосьці іншы, а ўжо потым – не абавязкова – я?

No comments:

Post a Comment