03/02/2016

Найлепшая частка

Пачатак Першай кнігі Самуэля. Мне падабаецца вяртацца да гэтай біблейскай гісторыі. Вяртацца з перарывамі ў некалькі год. Аповед пра Ганну, маці прарока Самуэля, адкрываецца кожны раз з новага боку, нібы я пакручваю ў руках каштоўны камень.

Даўным-даўно ў адным горадзе жыў эфраімец на імя Элькана. І бацька яго, і дзед, і прадзед там жылі, працавалі, працягвалі род і трымаліся веры сваіх продкаў. І вось ажаніўся Элькана з Ганнай, вельмі яе пакахаў, але з любімай жонкай дзяцей не было.
Тут і канчаецца падабенства гэтай гісторыі да казкі: выпрабаванні пачынаюцца пасля вяселля, а не заканчваюцца ім. Шматзначнае і таямнічае – "Бог замкнуў яе лона". А час ішоў...



Працяг роду атрымаўся з другой жонкай, не такой любімай, але ў Эльканы ад яе – і сыны, і дочкі. Той, другой, Фанэне, напэўна, хацелася мець і сэрца Эльканы. Калі ўжо яна – маці яго дзяцей, то чаму ён туліцца да той, бяздзетнай? І Фанэна зайздросціла і злавала, і старалася дапячы Ганне, як толькі магла, а тая павінна была жыць пад адным дахам з жанчынай, якая непрыхавана ненавідзела яе. Калі сэрца Эльканы заставалася з Ганнай, то мне думаецца, яна была добрай і чулай да мужа, нягледзячы на сваю тугу і сум. Не помсцілася, не спаганяла з ішых, хоць спакуса пэўна была. Яна была з тых людзей, якіх няшчасце не знявечыла, але зрабіла нават больш чалавечнымі, як ні цяжка даецца такая навука.

Той дзень, калі Элькана з усімі хатнімі накіраваўся ў Сіло, каб прынесці Богу ахвяру, пачынаўся звычайна. Па шматгадовай традыцыі, Фанэна дакучала Ганне, каб тая зажурылася,  расплакалася і адмовілася есці і піць. Можна не сумнявацца, што яна ўмела дабіраць крыўдныя словы, ды яшчэ побач са святыняй, дзе толькі што маліліся Найвышэйшаму... А Элькана і ў гэты раз выбраў найлепшую частку ахвярнай ежы і аддаў Ганне. З пяшчотай пытаўся: "Гануля, чаму не ясі? Чаго ты плачаш? Ці я не мілейшы табе больш, чым дзесяць сыноў?.." Ён таксама не разумеў. Спрабаваў суцешыць.

Раней у гэтым месцы я проста абвінавачвала атачэнне Ганны ў самых розных рэчах. Цяпер я бачу толькі зачыненыя перад ёй людзкія сэрцы. Заўсёды цяжка зразумець той момант, калі Бог зачыняе ўсе дзверы, чакаючы, што чалавек увойдзе ў Божую браму. Яшчэ нейкі час грукаешся да людзей, нешта высвятляеш, пакутуеш ад расчаравання і пакінутасці. Але нават такое недалікатнае, на першы погляд, Божае запрашэнне да Сябе, не вельмі відавочнае. Ганна ж, як толькі можна было ўстаць ад стала, пайшла праз браму, дзе сядзеў святар Гэлі, да святыні. І там яна ўжо не стрымлівала горкіх слёз. Малілася нячутна, "гаварыла ў глыбіні сэрца свайго". Можна было нават палічыць яе п'яной і спрабаваць прагнаць, як зрабіў святар Гэлі. І тады яна б сказала ў адказ: "Не, гаспадару мой, бо я вельмі нешчаслівая жанчына, я не піла віна... але выліваю душу сваю перад Панам". Увесь да кроплі боль і ўсё, што назбіралася ў душы за многія гады, яна аддала Богу. Адчула і паслухалася свайго прагнення даць зарок, што калі народзіцца сын, то яна аддасць яго Таму, Хто мае моц адамкнуць яе лона. Яна атрымала сваю "найлепшую частку" ў гэты дзень толькі там, блізка Бога. Пройдзе колькі соцень гадоў, і Марыя, малодшая сястра Марты, гэтаксама выбярэ найлепшае месца – ля ног Езуса. 

"Ідзі ў супакоі, а Бог Ізраэля хай споўніць просьбу тваю, пра што маліла Яго", – сказаў Ганне святар Гэлі. Да яе вярнуліся не толькі супакой, апетыт і ўсмешка. "Пан прыгадаў яе"– і нарадзіла сына. Як і абяцала, Ганна аддала трохгадовага Самуэля на службу Богу пры святыні, і ў той дзень праспявала ўзнёслы гімн падзякі і праслаўлення. Потым Ганна з Эльканам мелі яшчэ трох сыноў і дзвюх дачок, штогод адведвалі свайго Самуэля.

Асабіста ў маім жыцці часцей за ўсё штосьці змяняецца толькі тады, калі сітуацыя становіцца зусім нязноснай. Пасля ўсіх перажыванняў, прыходзіцца прызнаваць, што пакуль усе дзверы не зачыніліся, я не рушыла ў патрэбным кірунку. Калі ў касцеле часам чую заклік ад святароў: "Прыходзьце да Пана, вылівайце перад Ім свае сэрцы", я думаю, што лягчэй сказаць, чым зрабіць. А потым узгадваю Ганну, маці Самуэля, якая знайшла гэты шлях і засталася на ім свяціць нам яснай зоркай, каб мы не заблукалі.

No comments:

Post a Comment