11/12/2015

І ўрэшце, браты...

І ўрэшце, браты, просім вас і молім у Пану Езусе, каб вы, прыняўшы ад нас тое, як трэба вам сябе паводзіць і дагаджаць Богу, як вы і паводзіце сябе, каб больш у гэтым узрасталі. Бо вы ведаеце, якія мы далі вам наказы ад Пана Езуса. 1 Тэс 4, 1-2
A na koniec, bracia, prosimy i zaklinamy was w Panu Jezusie: według tego, coście od nas przejęli w sprawie sposobu postępowania i podobania się Bogu i jak już postępujecie, stawajcie się coraz doskonalszymi! Wiecie przecież, jakie nakazy daliśmy wam przez Pana Jezusa. 1 Tes 4,1-2
За сим, братия, просим и умоляем вас Христом Иисусом, чтобы вы, приняв от нас, как должно вам поступать и угождать Богу, более в том преуспевали, ибо вы знаете, какие мы дали вам заповеди от Господа Иисуса. 1 Фес 4, 1-2
Finally, brethren, we beseech and exhort you in the Lord Jesus, that as you learned from us how you ought to live and to please God, just as you are doing, you do so more and more.  For you know what instructions we gave you through the Lord Jesus.1 Tes 4:1,2 

Нечаста, але здараецца, я чытаю адзін біблейскі тэкст на розных мовах, вядома, больш-менш знаёмых. Сапраўды, гэта не марнаванне часу. Напрыклад, гэтае "і ўрэшце", "дагаджаць" у беларускай мове, ці  "stawajcie się coraz doskonalszymi!" з клічнікам у польскай, "и умоляем вас Христом Иисусом" у рускім перакладзе, і цудоўна-руціннае англійскае "do so more and more" – нясуць свае незаменныя адценні і ўзбагачаюць успрыманне. Што ўжо казаць пра тых, хто разумее па-грэцку?

Але ці дапамогуць іншыя мовы мне зразумець, чаму вось гэты заклік да дасканаласці з Літургіі Слова першай нядзелі Адвэнту не выходзіць у мяне з галавы?



Паспрабую разабрацца. Гэтыя два сказы гучаць, як фінальны акорд, хоць у пасланні такімі не з'яўляюцца. У польскім варыянце – мацней за іншыя: заклінаем вас – дасканальцеся! Вы ведаеце, як жыць, і чыніце шмат добрага, але гэтага мала, чуеце? Молім вас, не спыняйцеся!

Чаму так залежыць святому Паўлу на ўзрастанні? Хай бы радаваўся чалавек, што новаахрышчаныя кінулі благое ды добрае перанялі. Каму гэтага замала – Богу ці святому Паўлу? Здаецца, самім тэсаланікійцам. Спыніцца – значыць скаціцца назад. Знакамітае "хто не развіваецца, той дэградуе". О, так, немагчыма спакойна назіраць, як тыя, каго ты ўсім сэрцам любіш, дэградуюць...

Апостал Павел просіць узрастаць у тым, што тэсаланікійцы і так робяць. Успомнім, што ён звяртаецца да супольнасці Касцёла – Хрыстовай нявесты. Ужо каму-каму, а закаханай нявесце не трэба тлумачыць, як дагадзіць жаніху. Усе пачуцці і прагненні сэрца скіраваныя на яго, каханага. Увесь час думаецца, як бы развесяліць, усцешыць, зрабіць штосьці прыемнае. І спосабаў у закаханых знаходзіцца мільёны. Вы ведаеце, – мякка адзначае апостал Павел, – інструкцыі нават ад нас атрымалі.

У чым, зрэшты, для мяне цяжкасць – ніяк не вызваліцца з дзіцячага шаблона: калі я зраблю нешта добрае, то тады спадабаюся даросламу. Больш таго – калі зраблю штосьці дасканала. Пакуль не заслужыў/ла, ці дапусціў/ла памылку, нашкодзіў/ла, няма чаго разлічваць на любоў. Гэта сядзіць унутры, нават калі не дапускаеш такой думкі, нават калі нібыта верыш у безумоўную любоў.

Тэсаланікійцы пачулі пра Хрыста ад чалавека, які дасканала ведаў, што Езус палюбіў яго, Паўла, калі ён яшчэ быў пераследнікам хрысціян. Калі не было, за што любіць, а нават наадварот. Не здабываць Божую любоў заклікае святы Павел, але адказваць на яе. Вось у чым гэтае "яшчэ і яшчэ", "больш і больш", "more and more", што накладваецца на штодзённасць, як доўгае вандраванне. Крок за крокам.

Прымяраю на сябе і здаецца, што менавіта людзей сярэдняга веку хацеў бы апостал засцерагчы ад забыцця. Юныя і так любяць горача, іх імкненне да дасканаласці не трэба распальваць моцнымі выразамі. Да каго ж яшчэ адносіцца "умоляем вас Христом Иисусом"? Святы Павел прызывае найдаражэйшае хрысціянам Імя, каб яго пачулі і не адвялі вочы тыя, якія сваю закаханасць ужо ўспамінаюць, як сон. Адных стаміў доўгі шлях, другіх заелі клопаты, трэція настолькі адчулі сябе гаспадарамі жыцця, што забыліся пра Бога. Хто дастукаецца да абыякавых?.. А як будуць слухаць пра дасканаласць тыя, каму стала ўсё роўна ад шматгадовага болю? Толькі – у імя Хрыста, толькі – такога ж бедака, як самі, паслухаюць. "Вы ж ведаеце, што кожнага з вас, як бацька дзяцей сваіх, мы заахвочвалі, падбадзёрвалі і пераконвалі паступаць годна Бога, які кліча вас да свайго валадарства і славы." 1 Тэс 2, 11-12

Для мяне сёння найбольш кранальнымі ў гэтых урыўках паслання з'яўляюцца дзве рэчы: бязмежнасць і практычнасць. Бясконца трэба вучыцца, як паступаць годна і чым дагаджаць Богу. Пачаць гэты шлях можна ў любы момант, з таго месца, дзе знаходзішся, і што важна – незалежна ад надвор'я, свайго настрою, з пустымі рукамі, без лішніх слоў і нават без асаблівага жадання.

No comments:

Post a Comment