20/11/2015

Self-care. Клопат аб сабе

Не дзіўна, што існуе шмат дэфініцый self-care, калі ж гаворка ідзе пра індывідуальны і шматбаковы працэс. Для адных клопат аб сваё цела, розум і дух мае на мэце толькі добрае самаадчуванне. Для іншых гэты клопат азначае імкненне да чагосьці большага, чым проста праца, адносіны ці зараблянне грошай. Хтосьці скажа, што сэнс заключаецца ў стварэнні пачуцця дабрабыту і раўнавагі "зверху данізу, унутры і звонку". А нехта ўважліва ставіцца да сваіх патрэбаў, бо адчувае адказнасць за той выдатны механізм, які дае нам магчымасць працаваць і любіць, – за сваё цела і душу. Адзінае, з чым усе пагадзіліся б – клопат аб сабе крытычна неабходны для нас саміх і нашага акружэння.


Усё пачынаецца са стратэгічнага прызнання, што ўласныя патрэбы маюць значэнне, таму адносіцца да іх належыць адпаведным чынам. Калі мы самі верым у сваю значнасць, то хочам клапаціцца і аб іншых. А калі пяшчотных пачуццяў да сябе не хапае, то дапаможа якраз практыкаванне self-care, каб лепш разумець, прымаць і любіць сябе. Мы часта забываемся, што адносіны з самім сабой з'яўляюцца падмуркам адносінаў з іншымі людзьмі. Калі мы спагадаем сабе, то, хутчэй за ўсё, і сусед можа разлічваць на спагаду з нашага боку.

Шляхоў да добрага самаадчування (пажадана, на доўгі час) існуе шмат, трэба толькі знайсці свае, улюбёныя і дзейсныя. Гульні з дзецьмі, музыка, малітва, чытанне, наведванне тэатраў, дапамога іншым, садоўніцтва, гатаванне, шпацыр, прагляд серыялаў, фітнэс, танцы, самаадукацыя, сустрэчы, вандроўкі – лічыць не пералічыць гэта ўсё.

Асабіста для мяне важным з'яўляецца духоўны складнік так званай "самадапамогі", які выражае, як было сказана, "нешта большае", а не проста жаданне на момант перавесці дух, каб эфектыўна бегчы далей. Зацікавіла стаўленне кс. Эндзі Отта SJ (Аndy Otto), які быў пэўны час капеланам у шпіталі. Ён піша ў сваім артыкуле: "мы [супрацоўнікі] часта абмяркоўвалі клопат аб сабе. Праца ў рухлівым шпіталі, дзе шмат пакутаў і болю, уважлівае слуханне пацыентаў некалькі гадзін на дзень можа эмацыяльна спусташаць чалавека. Таму мы, як людзі на службе іншым, хацелі знайсці свае спосабы добрага самаадчування. Увага да сябе не абмяжоўвае служэнне! Незалежна ад таго, што мы робім з дня на дзень, мы сустракаемся са стомленасцю, эмацыйным спадам і выгараннем". 

Далей ён прапануе паглядзець на некаторыя спосабы self-care, якія практыкаваў Езус як чалавек.  

1. Малітва. Не дзіўна, што яна на першым месцы. Езус пастаянна маліўся. Ён маліўся падчас Свайго хросту, у пустыні, на гары, маліўся, каб вера Пятра не пахіснулася, маліўся аб прабачэнні для Сваіх крыўдзіцеляў, аб волі Айца – у Садзе Аліўным. Малітва лучыць нас з Лекарам, і Ягоная прысутнасць павінна стаць часткай нашага жыцця. Паколькі малітва часта мае форму разважання, яна прыносіць унутранае аздараўленне, залежна ад таго, наколькі мы становімся ўважлівымі да душэўных рухаў у сабе і ўвогуле да таго, як штодзённы вопыт (і нават выгаранне) уплывае на нас. Прастора малітвы – гэта тое месца, дзе мы можам змагацца з болем, але менавіта там мы знаходзім свой унутраны свет. Вось чаму прысвячэнне час на малітву можа быць такім карысным.

2. Жыццё ў супольнасці. Акрамя самотнай малітвы, мы ніколі не бачым Езуса ў адзіноце, нават пад  крыжы. Некалькі адданых людзей, якія любілі Хрыста, стаялі побач да апошняй хвіліны. Езус праводзіў шмат часу ў супольнасці: падрастаў, рыхтаваўся да будучай працы, спажываў ежу з сябрамі і вучнямі. Сапраўды, Езус з апосталамі збіраліся за адным сталом не толькі на Апошнюю Вячэру. Для нас саміх сустрэча з сябрамі – гэта шанец апрацаваць тое, што адбываецца на працы ці ў хаце, а таксама нашая магчымасць адчуць любоў іншых людзей. 

3. Адпачынак. Магчыма, не так проста адразу ўспомніць, дзе ў Евангеллі сказана, што Езус адпачываў і прыемна бавіў час, але прыкладам можа быць вяселле ў Кане Галілейскай. Там не проста сабраліся Яго сябры і родныя, гэта было вяселле – падзея радасная, а не змрочная. Калі б Езус прыйшоў на сучаснае вяселле, то Ён мог бы не толькі паразмаўляць з гасцямі, але вельмі верагодна, што і патанцаваць. Варта знайсці спосаб добра адпачыць ці зрабіць нешта вясёлае, таму што гэта выдатна аднаўляе нас саміх.

Ці мы молімся, шукаем магчымасці адпачыць, праводзім час з сям'ёй і сябрамі? Ці звяртаем увагу на свае прагненні? Ці не баімся, што калі хоць на момант дазволім сабе адпачыць, свет заваліцца і ўсё паламаецца?

Часам мы павінны мець дастаткова пакоры і даверу, каб ведаць, што мы можам заснуць у лодцы, а хтосьці іншы будзе руліць.

І некалькі добрых карцінак, даруйце, што без перакладу.
 
 



No comments:

Post a Comment