21/10/2015

Ткацтва палатна любові

Ойча, хочам аддаць Табе мужчын і жанчын гэтай зямлі,
сувязі з якімі парушыў гвалт,
тых, жыццё якіх знішчылі нянавісць, помста і прыніжэнне.
Завяжы з імі нітку надзеі,
зрабі нас ткачамі любові.
Хочам аддаць Табе мужчын і жанчын зямлі,
з якімі повязі зніклі – парваныя, растаптаныя,
тых, каго прыгнятае самота,
забытых усімі, пакінутых, пагарджаных.
Завяжы з імі нітку надзеі,
зрабі нас ткачамі любові.
Хочам аддаць Табе мужчын і жанчын зямлі,
жыццё якіх трымаецца на тоненькай нітачцы,
якія пакутуюць ад хваробы, старасці і жалобы,
якіх іншасць аддаляе ад рэшты.
Завяжы з імі нітку надзеі,
зрабі нас ткачамі любові.
Хочам аддаць Табе мужчын і жанчын зямлі,
каторых горыч мінулага,
няшчасце, адмова кахання, цяжар і абыякавасць
звязалі, скруцілі, замкнулі ў сабе. 
Завяжы з імі нітку надзеі,
зрабі нас ткачамі любові.

pastor Jacques Juillard

08/10/2015

Поўнач. Сяброўская размова

Размовы паміж даўнімі сябрамі не вылучаюцца далікатнасцю. Я маю на ўвазе, далікатнасць выразаў, а не адсутнасць павагі. Калі твой сябра пагрукае ў дзверы сярод ночы, вырываючы цябе з салодкага сну без дай прычыны, то гаворка будзе весціся без уступаў і прывітанняў.
– Што сталася? – Тое і тое. – Ат, гэта можа пачакаць да раніцы, адчапіся ад мяне.
А той зноў: "Дружа, пазыч мне хлеба", і не адыходзіць. Няўжо сябра не мае сэрца і не ўстане? Магчыма, ён мае здаровы розум і ведае, што справа можа (а то й павінна) пачакаць да раніцы і разлічвае, што надакучлівы сябар зразумее гэта.

29/09/2015

"Жаданне ёсць думзлачынства"

Пераклад “Desire is Thoughtcrime”  Andy Otto

"Свабода ёсць рабства", "Жаданне ёсць думзлачынства". Гэта фразы з антыўтопіі "1984" Джорджа Оруэла, які я нядаўна перачытаў пасля дзесяці ці нават больш гадоў. "1984" прадстаўляе трывожную карціну таталітарнага грамадства, дзе Вялікі Брат маніторыць кожнае месца, і лаяльнасць Партыі з'яўляецца мэтай жыцця. Фактычна, уся місія Вялікага Брата – знішчыць паняцце самасці. Нягледзячы на тое, што людзі звяртаюцца адзін да аднаго "таварыш", няма ніводнага памяшкання, дзе маглі б існаваць змястоўныя адносіны паміж імі. Сэкс для задавальнення знаходзіцца па-за законам. Шлюб зацверджваецца Партыяй не дзеля любові, але выключна, каб працягнуць род. Любоў зарэзерваваная толькі для Вялікага Брата. Індывідуальная ідэнтычнасць, унікальнасць, самасць не маюць ніякага сэнсу ў свеце "1984".

Самасць
 
Хрысціянства было рэвалюцыйным таму, што прынесла новы сэнс і годнасць чалавечай асобы, якія раней проста не існавалі. Так, рабства можна знайсці дагэтуль, але на самай справе, Бог, прыйшоўшы на зямлю як чалавек, узняў святасць асобы на боскі узровень. Езус паказаў, што нашае сапраўднае "я" існуе толькі ў Богу. Нашае фальшывае "я" – уцякае ад Бога і жыве для зла, граху, сапсаванасці, усіх тых рэчаў, якія падтрымлівае Вялікі Брат у "1984".

Духоўныя практыкаванні дапамагаюць нам убачыць два бакі нас саміх, пачынаючы ад непрыемнага распазнавання свайго фальшывага "я", пасля чаго мы адкрываем, што глыбей знаходзіцца нашае "я", якое жыве для Бога і такіх цнотаў як любоў, шчодрасць і пакора. Гэтае "я" атаясамліваецца з дарамі, жаданнямі, захапленнямі, марамі і спадзяваннямі, якія паходзяць ад Бога.
"Абраўшы шлях хлусні, мы не павінны дзівіцца, што праўда пазбягае нас, калі мы ўрэшце адчуваем у ёй патрэбу, і пануе блытаніна." Томас Мертан

22/09/2015

Схадзі ты павучыся

Пайдзіце, навучыцеся, што значыць «міласэрнасці хачу, а не ахвяры» Мц 9, 9–13

Усё з ног на галаву ў дзень паклікання Мацвея. Спраўны мытнік кідае сваю працу, ягоныя калегі ахвотна збіраюцца на вячэру ў кампаніі Настаўніка, а сапраўдных бездакорных, можна сказаць, эліту веруючых Ён выстаўляе за дзверы. Пакліканне адбылося за імгненне, вячэра – была і сплыла, ды цэлыя стагоддзі доўжыцца момант: "...навучыцеся, што значыць..". Хто напамяць не ведае "міласэрнасці хачу, а не ахвяры"? Некаторыя нават на розных мовах. І што? Ісці зноў кудысьці... А можа за дзвярыма няўтульна і холадна?

Лепш не падаваць знаку, а сядаць за стол "есці і піць". Дык да адзення прычэпіцца, Сам пачне задаваць пытанні... А то яшчэ і паставіць таго ж Мацвея ў прыклад. Сапраўды, цяжка здароваму сярод хворых. Добра было б гэтых грэшнікаў увогуле ізаляваць. (Толькі хто будзе збіраць мыта?)

Усё ж такі, як адрозніваюцца позірк чалавека, які лічыць сябе здаровым, нармальным, годным, і позірк Хрыста, Якога толькі і можна назваць беззаганным... Мацвей пайшоў за Хрыстом і навучыўся, і іншым расказаў, і cтолькі запісаў.
А я?  

16/09/2015

Прамінанне на далоні

"Пашчолгай ты мне гарох, пакуль маеш час", – папрасіла мяне мама. Быў цёплы жнівеньскі вечар, амаль восень. Некалькі вольных дзён.

Зялёныя стручкі неахвотна адпускалі сваіх гарошынак, яшчэ такіх смачных і салодкіх, што мае дзеці знаходзілі і з'ядалі іх адразу.

Сухія стручкі, наадварот, раскрываліся ад аднаго дотыку, скручваючыся ў спіралі, нібы адбіралі ў сваіх гарошынак нават найменшы шанец затрымацца ў матчынай "хатцы". Кожнае зярнятка павінна выскачыць вонкі. “Ляціце, ваша чарга, ваша будучыня!”

Выразны кантраст паміж сухім і зялёным. Прыйшоў час – адпускай і не затрымлівай. Праўда, дзе ж падзеліся вашы зялёныя сокі, далікатныя ахоўныя створкі для маленькіх гарошынак? Нічога для сябе не пакінулі стручкі на маёй далоні, ні выгляду, ні колеру, каб нічога не перашкаджала скруціцца ў сухую спіральку, выпускаючы спелыя гарошынкі ў свет. І каб за зіму рассыпацца ў пыл. Такая вось алюзія на нашу цялесную абалонку. З’яўляюцца маршчынкі, змяняюцца колеры і марнеюць жыццёвыя сілы… Прычым не абавязкова гэты працэс відавочны. 

Зноў жа, пра дзяцей – падгадаваць і адпусціць, на поўніцу так адпусціць. Бацькам цяжка заўважыць іх гатоўнасць і спеласць, але праявы сваёй “сухасці” павінны дапамагчы ў гэтым. Чым не запрашэнне прыязней вітаць сваю старасць? :)

10/09/2015

Небыццё

Нічым – без любові – ёсць чалавек,
Пылам нікчэмным, стрэсеным з ног,

Надакучлівым шумам, які хочацца сцішыць,
Адмененай сёння банкнотай, якой заўтра на сметнік.

Якім мужным быў святы Павел, што на сябе нелюбоў прымерыў.
 

06/09/2015

Прыгажосць і шчодрасць


У канцы жніўня ў адной малой вёсцы на Мядзельшчыне мы сядзелі на лавачцы з мамінай сяброўкай ("на восьмым дзесятку", як яна кажа) і гаварылі. Можна было не столькі слухаць, як любавацца яснымі вачамі ды ўсмешкай на ружовым, амаль без маршчын, твары. Як пражыць столькі год, выгадаваць трох дачок, адпрацаваць у калгасе, аўдавець і захаваць такі позірк і лагоднасць, а маршчын – не прыдбаць? Таямніца...

30/08/2015

Фотарэкалекцыі ў Баранавічах: справаздача з лірычнымі адступленнямі

17–21 жніўня 2015 года ў кляштары сясцёр місіянерак Святой Сям’і ў Баранавічах прайшлі фотарэкалекцыі. Анонс абяцаў 5 дзён практыкаванняў, сумеснай і індывідуальнай малітвы, фатаграфавання і адказаў на пытанні. Асабіста мяне заахвоціла да ўдзелу заўвага: "прымаюцца ўдзельнікі любога ўзроўню ўмення фатаграфаваць". А я ні разу не фатограф, але ўжо двойчы была на "ціхіх" ігнацыянскіх рэкалекцыях і ведала, што ...добра, падазравала, што ўменняў ніякіх не спатрэбіцца. Канешне, хвалявалася, ці не апынуся адна няўмека сярод прафесіяналаў. Зноў жа, чаму будзе "сумесны прагляд" фотаздымкаў, а не не індывідуальны?..

08/08/2015

Пільнасць без мужнасці – сілы на вецер

Калі Езус Навін быў ужо стары і ў гадах пажылых...
склікаў ўвесь Ізраэль...
і сказаў ім:
"...Толькі будзьце мужнымі, каб пільнаваць усё, што напісана ў кнізе закону Майсея, і не адхіляцца ад гэтага ані ўправа, ані ўлева.
...туліцеся да Пана, Бога вашага, як рабілі вы да гэтага дня.
...толькі вельмі старанна пільнуйце тое, каб любіць Пана, Бога вашага".
Кніга Езуса Навіна 23, 1-11
Раздарожжа з www.panoramio.com

Даруйце за асобныя фразы з 23-га радзела. Спадзяюся, вы прачытаеце яго цалкам, як, зрэшты, і ўсю кнігу Езуса Навіна. Трэба сказаць, што яна для мяне была цяжкім чытаннем, бо кніга гэта пра вайну. Не аднойчы хацелася закрыць ці перагарнуць старонкі, але спыняла адна думка: мне так карціць пакінуць гэты Ізраэль там, на парозе Зямлі Абяцанай, сярод варожых войскаў, хай яны робяць што хочаць, абы без мяне, АЛЕ Бог застаецца з імі, умацоўвае ваяроў так, што адзін з іх "гоніць тысячу ворагаў", як і абяцаў, клапоціцца, дзе гэтыя людзі паселяцца, з чаго будуць жыць, куды будуць уцякаць, як будаваць супольнасць і г.д. Нават самыя годныя змаганні прывабна выглядаюць толькі ў фільмах.