08/08/2015

Пільнасць без мужнасці – сілы на вецер

Калі Езус Навін быў ужо стары і ў гадах пажылых...
склікаў ўвесь Ізраэль...
і сказаў ім:
"...Толькі будзьце мужнымі, каб пільнаваць усё, што напісана ў кнізе закону Майсея, і не адхіляцца ад гэтага ані ўправа, ані ўлева.
...туліцеся да Пана, Бога вашага, як рабілі вы да гэтага дня.
...толькі вельмі старанна пільнуйце тое, каб любіць Пана, Бога вашага".
Кніга Езуса Навіна 23, 1-11
Раздарожжа з www.panoramio.com

Даруйце за асобныя фразы з 23-га радзела. Спадзяюся, вы прачытаеце яго цалкам, як, зрэшты, і ўсю кнігу Езуса Навіна. Трэба сказаць, што яна для мяне была цяжкім чытаннем, бо кніга гэта пра вайну. Не аднойчы хацелася закрыць ці перагарнуць старонкі, але спыняла адна думка: мне так карціць пакінуць гэты Ізраэль там, на парозе Зямлі Абяцанай, сярод варожых войскаў, хай яны робяць што хочаць, абы без мяне, АЛЕ Бог застаецца з імі, умацоўвае ваяроў так, што адзін з іх "гоніць тысячу ворагаў", як і абяцаў, клапоціцца, дзе гэтыя людзі паселяцца, з чаго будуць жыць, куды будуць уцякаць, як будаваць супольнасць і г.д. Нават самыя годныя змаганні прывабна выглядаюць толькі ў фільмах.



Надыходзіць момант, калі сыны Ізраэля ўжо і самі не хочуць ваяваць далей, засяляюць кавалак зямлі, неяк змяшчаюцца і адкладаюць новыя бітвы. Вельмі нагадвае духоўную барацьбу, калі на паўдарозе  хочацца спыніцца, даць сабе перадышку (гадоў на ...наццаць), тымчасам "пасябраваць з грахом", завесці сабе для пакланення некалькі бажкоў. Зараз-зараз пойдзем далей, дзянёк яшчэ пастаім тут і пойдзем.

Тады Езус Навін гаворыць народу пра мужнасць у незвычайным кантэксце. Мужнасць перад ворагам, у абліччы смерці ці няшчасця – гэта адно, але не згубіць мужнасць у выкананні Божых запаведзяў, прычым ва ўласным (не суседніх народаў) выкананні, – гэта зусім іншая справа. Ні табе тут геройства, ні вынёсласці, ні гімнаў у гонар, толькі будзённая, мазольная стараннасць і ўважлівасць. "Ані ўправа, ані ўлева." І ў чым? Туліся да Бога і любі Яго. Здаецца, кніга Майсея такая падрабязная што да паводзінаў і абавязкаў, але дадай да кожнай запаведзі "і любі Бога з усіх сіл" – атрымліваецца бясконцасць.У гэтым таксама прыгажосць: бацькі імкнуцца па Божых законах жыць верна, потым ты сам, шануючы іх досвед, і вучыш дзяцей, а тыя – сваіх дзяцей, памятаючы мінулае, гледзячы ў будучыню.

Дарэчы, пра будучыню. Езус Навін, сабраўшы народ Ізраэля, некалькімі сказамі накрэсліў перспектыву, якая вельмі ўразіла мяне. Вось ён, стары правалыр і ваяр, глядзіць на людзей, якія раслі і сталелі на ягоных вачах, з многімі ён хадзіў у баі, радаваўся, што Бог благаслаўляе кожнаму пакаленню. Ён наказвае ім – ужо каторы раз – любіць Бога, нагадвае аб Божай дабрыні і вернасці, і заканчвае нечаканым "пажаданнем": "хай Ён навядзе на вас усё ліхое, чым пагарджаў, пакуль не вынішчыць вас з гэтай найлепшай зямлі, якую даў вам. Калі вы парушыце запавет Пана... хай падымецца на вас гнеў Пана і хай хутка вы прападзеце з гэтай зямлі найлепшай..."

Так і хочацца сказаць: "Стоп-стоп-стоп! Давайце перафразіруем, няхай гэта будзе нейкай такой цьмянай пагрозай, адным з варыянтаў будучыні... Нашто ж так простым тэкстам прасіць у Бога знішчэння любага народа?" Вядома, не жадаў гэтага Ізраэлю Езус Навін. Добры Бог – тым больш, толькі да любові нікога не можа прымусіць. У тым справа, што пошукі трэцяга шляху нічога не даюць. Альбо ты любіш "усім сэрцам, усёй душою  і ўсім розумам тваім", альбо цябе няма. Можа фізічна ты і ёсць. Працуеш, плануеш, заняты такі, а хочаш сябе знайсці – не можаш, няма цябе, быццам пыл здзьмухнуў нехта з паліцы. Рэшткі жыцця якія-небудзь застаюцца, крышынкі, аскепкі.

Няма трэцяга і ў Хрыстовых словах: "хто хоча жыццё сваё зберагчы, загубіць яго". Тут ужо няма спасылак на Божы гнеў. Надыходзіць для чалавека час выбару – і ён вырашае паберагчы сябе ў гэтым небяспечным свеце, свой час, свае сілы. І ў працэсе такога самазахавання ...знікае. Не ведаю, як, але гэта праўда. Адным словам, бяры крыж і не марудзь, а то жыццё мінае хутка, не ўпільнуеш. Толькі той, "хто загубіць жыццё сваё дзеля Мяне, знойдзе яго". Каб знайсці, трэба згубіць, але адмыслова так, не азіраючыся на сябе, а следуючы за Езусам Хрыстом.

О-ёй, страшна пра крыж нават падумаць, не тое, што зрабіць першы крок. Усё ж такі добра было б застацца тут, дзе наваколле больш-менш знаёмае, дзе столькі мілых рэчаў і ўтульных інтэрнэт-старонак... Вось так паціху занікае ўся мужнасць, а пільнасць зводзіцца да падтрымання ўласных інтарэсаў.

«Мы слабыя, але мы павінны быць мужнымі ў нашай слабасці», – сказаў папа Францішак. Парадаксальна, што пачынаецца мужнасць з прызнання сваёй слабасці, з той бязраднасці, якая імкнецца прытуліцца да Бога, з той тугі, якая шукае Яго. І толькі потым нараджаецца давер.

"Вы пераканаецеся ўсёю душою, што з усіх слоў добрых, якімі прамаўляў да вас Пан, Бог, ваш, ніводнае не было пустое", – абяцае народу Езус Навін. Зноў сказана мацней, чым можна было б спадзявацца. Сапраўды, душы часам так не хапае гэтага пераканання. Езус Навін запэўнівае, што няма ніводнага пустога Божага абяцання дабра і благаслаўлення. Напэўна, ён ведаў, што чалавеку мала пачуць, прачытаць, зразумець, трэба адчуць і пераканацца ўсёй душой, усёй свабоднай воляй запрагнуць жыцця з Богам, каб штодзень мужна аднаўляць і трываць сваю пільнасць на шляху любові да Бога і да бліжняга.

No comments:

Post a Comment