08/10/2015

Поўнач. Сяброўская размова

Размовы паміж даўнімі сябрамі не вылучаюцца далікатнасцю. Я маю на ўвазе, далікатнасць выразаў, а не адсутнасць павагі. Калі твой сябра пагрукае ў дзверы сярод ночы, вырываючы цябе з салодкага сну без дай прычыны, то гаворка будзе весціся без уступаў і прывітанняў.
– Што сталася? – Тое і тое. – Ат, гэта можа пачакаць да раніцы, адчапіся ад мяне.
А той зноў: "Дружа, пазыч мне хлеба", і не адыходзіць. Няўжо сябра не мае сэрца і не ўстане? Магчыма, ён мае здаровы розум і ведае, што справа можа (а то й павінна) пачакаць да раніцы і разлічвае, што надакучлівы сябар зразумее гэта.


"Бо вось прыйдзе дзень...", – у Кнізе Малахіі сказаў Пан тым, якія паміж сабой "дзёрзка" выказваліся супраць Яго, ківалі на бязбожнікаў, якім усё сыходзіла з рук, і ўздыхалі: "Марная справа — служыць Богу." Не інакш, для іх ноч спусцілася на зямлю, бо размовы вяліся шэптам ды па вуглах. "Але Пан прыслухаўся і пачуў". І занатаваў сабе ў "кнізе ўспамінаў".

У прыповесці Езуса той сябра, які спаў, можа і хацеў бы не чуць свайго прыяцеля ды не мог з-за настойлівасці апошняга. Паміж сябрамі няма цэрэмоній.

У Кнізе Малахіі Бог "прыслухаўся", каб адказаць сваім "паслухмяным сынам". А тыя рабілі вялікія вочы: "Што мы кажам супраць Цябе?" Сапраўды, крыху наракаем, што тут такога? Ганарлівыя, вунь, уладкоўваюцца ды не сумуюць. А нам ці надыйдзе калі палёгка, невядома, а марнаваць час на Божай службе даводзіцца ўжо зараз.

Гэты страшны голад сэнсу, суцяшэння і мэты – якім хлебам яго наталіць? На дварэ – цёмная халодная поўнач. Усе спяць. Але адзін Сябра чакае на размову – Той, Які Сам стаў хлебам.

No comments:

Post a Comment