06/09/2015

Прыгажосць і шчодрасць


У канцы жніўня ў адной малой вёсцы на Мядзельшчыне мы сядзелі на лавачцы з мамінай сяброўкай ("на восьмым дзесятку", як яна кажа) і гаварылі. Можна было не столькі слухаць, як любавацца яснымі вачамі ды ўсмешкай на ружовым, амаль без маршчын, твары. Як пражыць столькі год, выгадаваць трох дачок, адпрацаваць у калгасе, аўдавець і захаваць такі позірк і лагоднасць, а маршчын – не прыдбаць? Таямніца...

Вядома, цётачка ўздыхала: "Ці ж так павінна выглядаць вясковая вуліца? Пазарасталі дварышчы, дзе ніхто не жыве. І так скора гэтыя кусты даліся ў рост, адкуль браліся..."

Я слухала, хто яшчэ застаўся ў вёсцы, з імёнамі, кароткімі гісторыямі, якія вылецелі з галавы вельмі хутка. Акрамя адной.

Недалёка ад нас шумела на ветры вялізная старая бяроза. Сумняваюся, ці бачыла я раней такіх бяроз. Я нават пачала распытвацца пра яе. Сапраўды, падчас буры ці навальніцы дрэва шуміць на ветры так, што чуваць нават у хатах з зачыненымі вокнамі. А пад ёю засталіся падмурак ды не разабраныя да часу хлявы. Калісьці жыла ў той хаціне самотная жанчына, старая дзеўка. "Дружна мы з ёй жылі, добра, у ягады разам хадзілі, – расказвала мая прыгажуня – Мой зяць купіў гэту хату, каб да сябе перавезці, дом жа будуе."

Жылую пабудову разабралі хутка, а вось хлявы адразу не ўдалося, бо поўныя былі дроў. Шэсць вазоў прывёз той зяць у панадворак да цешчы. Вось табе, кажа, падарунак ад суседкі. І там ўсялякія – і добрыя, і крыху спарахнелыя. Гады на 3 хопіць.

"А яна ж, бывала, усё прыходзіла да нас пагрэцца. Дроў шкадавала. У сябе выцяпліць троху, і вечар у мяне сядзіць, я любіла, каб цёпла было. У хаце ў яе дымна было, шэра. Яна, як толькі дровы згараць, юшку зачыніць – і да мяне, а дым на хату. Усё ж каб цяплей было."
Хата яшчэ паслужыць людзям. Напэўна, гэта лепшы лёс, чым струхлець на месцы. Можа яшчэ зведае цяпло ў новых гаспадароў. Блакітнай скрыні толькі шкада.

Спачатку мяне вельмі ўразіла гэтая ашчадная жанчына, якая гадамі грэлася ў чужых людзей, але потым я ўявіла сабе тыя доўгія зімовыя вечары ў суседняй гасціннай хаце. Вялікая сям'я са сваімі клопатамі і суседка, якой не сядзіцца ў хаце, і якая ні разу не пачула і не адчула, што яна перашкаджае, што хопіць тут хадзіць і г.д. У мяне б напэўна адчула... А вось да цёці Фэльці я б і сама хадзіла вельмі часта, нават з цёплай хаты.

Што ўстоіць перад міласэрнасцю?.. Разлік? Імкненне "выхаваць" чужое сумленне? Псіхалогія? Ці можа права на прыватнае жыццё?  Не, нічога яе не заменіць.

No comments:

Post a Comment