22/09/2015

Схадзі ты павучыся

Пайдзіце, навучыцеся, што значыць «міласэрнасці хачу, а не ахвяры» Мц 9, 9–13

Усё з ног на галаву ў дзень паклікання Мацвея. Спраўны мытнік кідае сваю працу, ягоныя калегі ахвотна збіраюцца на вячэру ў кампаніі Настаўніка, а сапраўдных бездакорных, можна сказаць, эліту веруючых Ён выстаўляе за дзверы. Пакліканне адбылося за імгненне, вячэра – была і сплыла, ды цэлыя стагоддзі доўжыцца момант: "...навучыцеся, што значыць..". Хто напамяць не ведае "міласэрнасці хачу, а не ахвяры"? Некаторыя нават на розных мовах. І што? Ісці зноў кудысьці... А можа за дзвярыма няўтульна і холадна?

Лепш не падаваць знаку, а сядаць за стол "есці і піць". Дык да адзення прычэпіцца, Сам пачне задаваць пытанні... А то яшчэ і паставіць таго ж Мацвея ў прыклад. Сапраўды, цяжка здароваму сярод хворых. Добра было б гэтых грэшнікаў увогуле ізаляваць. (Толькі хто будзе збіраць мыта?)

Усё ж такі, як адрозніваюцца позірк чалавека, які лічыць сябе здаровым, нармальным, годным, і позірк Хрыста, Якога толькі і можна назваць беззаганным... Мацвей пайшоў за Хрыстом і навучыўся, і іншым расказаў, і cтолькі запісаў.
А я?  

No comments:

Post a Comment