29/09/2015

"Жаданне ёсць думзлачынства"

Пераклад “Desire is Thoughtcrime”  Andy Otto

"Свабода ёсць рабства", "Жаданне ёсць думзлачынства". Гэта фразы з антыўтопіі "1984" Джорджа Оруэла, які я нядаўна перачытаў пасля дзесяці ці нават больш гадоў. "1984" прадстаўляе трывожную карціну таталітарнага грамадства, дзе Вялікі Брат маніторыць кожнае месца, і лаяльнасць Партыі з'яўляецца мэтай жыцця. Фактычна, уся місія Вялікага Брата – знішчыць паняцце самасці. Нягледзячы на тое, што людзі звяртаюцца адзін да аднаго "таварыш", няма ніводнага памяшкання, дзе маглі б існаваць змястоўныя адносіны паміж імі. Сэкс для задавальнення знаходзіцца па-за законам. Шлюб зацверджваецца Партыяй не дзеля любові, але выключна, каб працягнуць род. Любоў зарэзерваваная толькі для Вялікага Брата. Індывідуальная ідэнтычнасць, унікальнасць, самасць не маюць ніякага сэнсу ў свеце "1984".

Самасць
 
Хрысціянства было рэвалюцыйным таму, што прынесла новы сэнс і годнасць чалавечай асобы, якія раней проста не існавалі. Так, рабства можна знайсці дагэтуль, але на самай справе, Бог, прыйшоўшы на зямлю як чалавек, узняў святасць асобы на боскі узровень. Езус паказаў, што нашае сапраўднае "я" існуе толькі ў Богу. Нашае фальшывае "я" – уцякае ад Бога і жыве для зла, граху, сапсаванасці, усіх тых рэчаў, якія падтрымлівае Вялікі Брат у "1984".

Духоўныя практыкаванні дапамагаюць нам убачыць два бакі нас саміх, пачынаючы ад непрыемнага распазнавання свайго фальшывага "я", пасля чаго мы адкрываем, што глыбей знаходзіцца нашае "я", якое жыве для Бога і такіх цнотаў як любоў, шчодрасць і пакора. Гэтае "я" атаясамліваецца з дарамі, жаданнямі, захапленнямі, марамі і спадзяваннямі, якія паходзяць ад Бога.
"Абраўшы шлях хлусні, мы не павінны дзівіцца, што праўда пазбягае нас, калі мы ўрэшце адчуваем у ёй патрэбу, і пануе блытаніна." Томас Мертан



1984-freedom is slavery 


"Свабода ёсць рабства"

У рамане "1984" Вялікі Брат намагаўся пераканаць сваіх грамадзян, што свабода – гэта рабства, што быць рабом, па сутнасці, лепш. Свабода – каштоўнасць хрысціянскай духоўнасці, не толькі ігнацыянскай. Нягледзячы на імідж хрысціянства як рэлігіі, якая абмяжоўвае свабоду, праўда ў тым, што Бог дае нам поўную і абсалютную свабоду. Без гэтага дара Бог становіцца падобным на Вялікага Брата, дыктатара, які не паважае нашую індывідуальнасць і самасць. Вялікі Брат баяўся свабоды, таму што яна азначала, што людзі могуць думаць самі за сябе і мець свае ўласныя ідэі і думкі, якія пагражаюць Партыі. У хрысціянстве Бог глядзіць на нас з мэтай супрацоўніцтва, каб нашы асабістыя ідэі, вопыт і дары рабілі свет лепшым. Свабода тут мае істотнае значэнне. Так, у нас ёсць вольная воля, каб адкінуць Бога, але без гэтай рызыкі не было б ніякай магчымасці свабодна выбраць удзел у будаўніцтве Валадарства Божага, вялікага Божага праекта.


https://andyotto.files.wordpress.com/2014/05/1984-big-brother.jpg?w=434&h=425

"Жаданне ёсць думзлачынства"

У рамане Оруэла Партыя фарміравала новую мову, якую называлі новамоўе, якая спрашчала мову настолькі, што такія  словы як "свабодны" ці "жаданне" пераставалі існаваць. Слова "думзлачынства" стасавалася нават да думак у галаве чалавека, якія не згаджаліся з партыйнай ідэалогіяй. У рэшце рэшт, разлік у тым, што ніхто не можа думаць за сябе сам. Партыя думала за ўсіх.

Жаданне ў свеце "1984" пагражала Партыі. Жадаць чагосьці лічылася думзлачынствам. Вялікі Брат хацеў высмактаць самасць з кожнага мужчыны, жанчыны і дзіцяці. Прысвяціце некаторы час ігнацыянскай духоўнасці, і вы даведаецеся, што жаданне, як свабода, істотна неабходнае, каб быць чалавекам. Без жадання вы не можаце рабіць свабодны выбар; без свабоды жаданне не мае толку. Праўдзівае жаданне, гаворыць св.Ігнацый, прыводзіць нас да Бога і да сапраўднага "я". Фальшывыя жаданні, – а таксама якія-небудзь асобы або ўстановы, якія кажуць вам, чаго вам "жадаць", – паходзяць не ад Бога і будуюць фальшывае "я", што змяншае святасць і годнасць вашай асобы. Лозунгі і прапаганда Вялікага Брата ператваралі грамадзян у аўтаматаў, якія былі перакананыя, што няма такой рэчы, як самасць або унікальнасць. Яны былі часткай калектыву (не супольнасці), які служыў толькі карупцыйным інтарэсам Партыі.

Бог – не таталітарны тыран, але стварыцель і партнёр чалавецтва. Ён дае нам велізарную свабоду выбіраць, адрозніваць дабро і зло, каб – з улікам нашых талентаў і індывідуальнасці – найлепшым чынам удзельнічаць у ажыцяўленні праекта Божага Валадарства.


Чытаць раман "1984" Джорджа Оруэла ў перакладзе Сяргея Шупы

No comments:

Post a Comment