21/12/2012

Каляндар касцельных святаў на 2013 год

Можна спампаваць, раздрукаваць, зазіраць час ад часу ці, напрыклад, у сваіх календарах адзначыць абавязковыя і важныя святы ў надыходзячым 2013 годзе.

Каляндар 2013

19/12/2012

Чаго можа не быць

Вядома, не кожны дзень, але часта ўспамінаецца мне адна размова з урачом-гінеколагам, якая вяла маю першую цяжарнасць. Першую – самую незразумелую, новую, дзіўную, калі верыш дактарам больш, чым сабе. Вялікі знак пытання, а не 9 месяцаў – ці ўсё добра, ці правільна, а як там дзіця, а што далей, а як там са мной будзе... А тая ўрач таксама любіла розныя даследванні, гіпотэзы, і сумненні, прычым агучвала магчымыя наступствы без пастаноўкі дыягназаў. Статыстыку розную невясёлую ведала. Такім чынам, нашы сустрэчы не дадавалі мне супакою.

Верыфікаваць усе яе словы не было з кім (дакладней кажучы, тады я не шукала іншага доктара). Я шукала падтрымкі ў блізкіх, з першых месяцаў прыдумала сабе вершаваную малітву на кожны дзень за маленства і нашу сям'ю. Нарэшце, усе тыя цьмяныя негатыўныя наступствы і ўплывы пачалі супярэчыць майму даверу да Бога. І аднойчы, выслухаўшы чарговае: "Гэта можа прывесці да ..." з пералікам непрыемнасцяў для дзіцяці, я спыталася: "Але можа і не прывесці?". "Так, – раптам згадзілася яна, нібы і ў яе нешта адлягло ад сэрца, – можа і не прывесці".

Мне палягчэла не на 100 – не менш, чым на 200%, нібы нехта адпусціў на волю. Дзіця нарадзілася здаровым. З той пары аб варыянтах развіцця падзей я стараюся ведаць, але не тануць у пакутлівых здагадках, што яшчэ дрэннага можа здарыцца.

З чалавекам у гэтым свеце можа стацца процьма непрыемнасцяў, нават канец свету паслязаўтра. Старэйшыя людзі так і скажуць: усё можа быць, усюды саломкі не падсцеліш. Але побач з асцярогами часцей за ўсё крочыць шанец "а можа й не быць". А найлепш, слухаць парады, не губляючы здаровага сэнсу, і паволі (або раптам) выйсці з цёмнага лесу выпадковасцяў і шансаў на прастор веры і Божай любові.

14/12/2012

Штодзённыя пытанні да сябе. Рахунак сумлення паводле біскупа Зыгмунта Лазінскага



"Я быў вам сябрам шчырым і адданым, і тым больш застануся ім у жыцці за гробам."

Сын навагрудскай зямлі, як вучань, клерык, а потым студэнт тэалогіі, разам з адметнымі здольнасцямі адзначаўся незвычайнай моцай характару. Ён быў па сваёй натуры чалавекам эмацыйным, жывым, імпульсіўным, амбіцыйным і ўладным, але працуючы над сабой, стаў узорам засяроджанасці і разважлівасці, цярплівасці, пакоры, лагоднасці і сціпласці. <...>

З невялічкай брашуры з біяграфіяй Слугі Божага біскупа Зыгмунта Лазінскага на польскай мове, выдадзенай у 1991 годзе. 

Больш падрабязна пра ягоны жыццёвы шлях – артыкул "Слуга Божы Зыгмунт Лазінскі"

Нашыя дні лятуць за днямі, часта зліваючыся ў адну невыразную плынь, якая нясе з сабой вялізную частку жыцця. Нездарма на схіле свайго зямнога шляху многія здзіўлена заўважаюць, што жыццё непрыкметна праляцела  невядома куды. Або як герой кнігі Льюіса прызнаюцца, што "большую частку жыцця я не рабіў ні таго, што я павінен, ні таго, што я хацеў". Здараецца і так, што чалавек змяняецца, а не заўважае – калі і ў які бок. Скардзіцца, як пагоршыліся часы, а не бачыць, што дадае ён да гэтых сумных зменаў.

05/12/2012

Як пісаць навіны без мапылак? Ой, без памылак!

Кажуць, не ўмееш – не бярыся. Але трэба дадаць: а ўзяўшыся – дасканалься! У многіх (ці ж бы не ва ўсіх?) прафесіях, трэба ўвесь час працаваць над сабой. Вось і пачынаючыя аўтары Catholic.by з радасцю з'ехаліся на адмысловы майстар-клас Алены Кулыгінай, рэдактара Рэлігійна-інфармацыйнай службы Украіны. Як дзяліцца хрысціянскімі навінамі так, каб запомнілася, спадабалася, кранула чытача? І хто іх чытае гэтыя навіны? І як пісаць, каб чыталі больш?

«Мне хацелася расказаць пра тое, як хрысціянскія журналісты могуць лепш працаваць, рэалізуючы сваё пакліканне, кажучы пра Касцёл цікава, яскрава, з любоўю, так, каб гэта перадавалася кожнаму, хто прачытае навіну», — дадала Алена Кулыгіна. 

Працаваць над памылкамі – безумоўная частка гэтага паклікання. А схавацца "мапылкі" могуць там, дзе іх зусім не чакаеш.

29/11/2012

Сіндром жорсткага сэрца


Crossing the Red Sea

Яны даганяюць нас, няўмольныя, нястомныя, прагныя. Іх коні могуць растаптаць чалавека, а вершнікі не ведаюць літасці, з дзяцінства вучацца ваяваць. Мы стаміліся ад уцёкаў, ногі не йдуць далей, дый няма куды – мы стаім на ўзбярэжжы мора, дарослыя, старыя і малыя са сваімі пажыткамі... Хвалі павольна набягаюць на бераг , а за нашымі плячамі расце хваля егіпецкага войска, каб патапіць нас у крыві. А той, хто выжыве, не здолее пахаваць сваіх блізкіх, пясок паглыне іх... Мы нібы здранцвелі ад страху, але праз хвіліну, шалеючы ад панікі, крычалі небу: "За што?! Які ж несправядлівы і жахлівы лёс прыгатаваў Ты нам, Божа наш! Няма чым бараніцца, няма куды ўцякаць..."

Знаёмы з дзяцінства біблейскі аповед пра пераход праз Чырвонае мора. Там Божы народ у адказ на свой лямант пачуў ад Майсея: "Не бойцеся, стойце на месцы і ўбачыце збаўленне Пана... Пан будзе ваяваць за вас, а вы будзьце спакойнымі" (Вых 14, 13:14). І яны паслухалі, і засталіся на месцы, і прайшоўшы праз мора (не толькі вады, але й свайго страху, недаверу і болю), спявалі і плакалі з радасці, бо сапраўды ўбачылі збаўленне Пана:

27/11/2012

Высокая трава


Мы прывыклі да высокіх дрэў. Мы ведаем, што дастаткова падняцца на другі ці трэці паверх – і можна глядзець на іх зверху ўніз. Іншая справа – лес, асабліва незнаёмы, але мы далёка не заходзім. Тым больш – трава. Дакладней, настолькі яна нізкая і нявартая ўвагі, што патрабуюцца ад яе 2 рэчы: каб была прыемна-зялёнай і мяккай альбо роўна скошанай. І каб без жамяры там рознай, калі нам захочацца, раскінуўшы рукі, на ёй паляжаць.

А вось калі ўзяць ды зраўняцца з зямлёй, вялікімі робяцца не толькі дрэвы, высокай становіцца трава. Аказваецца, што гэта над ёй раскінуўся блакіт нябёсаў, а сонца кожны вечар блытаецца ў яе гушчыні, перш чым схавацца за небасхілам. І палічаная ў Створцы кожная травінка, напоеная дажджом, сагрэтая сонечным святлом, расце і прамінае ў сваёй лагоднай прыгажосці.

22/11/2012

Паміж лістападам і снегам

паміж лістападам і снегам
мы цяжка расплюшчваем вочы,
глытаем туман вечарамі,
а раніцай сонца шукаем

паміж лістападам і снегам
дні прамінаюць як версты
на шляху аднастайным і доўгім
падчас падарожжа без мэты

паміж лістападам і снегам
хаваемся ў думкі, у рытмы,
у музыку, каву, малітву,
сябрам зазіраем у вочы

паміж лістапам і снегам
як цуду чакаем калядаў...

15/11/2012

Што забяру я з сабою

Напэўна вам даводзілася сустракаць пытанне: якую кнігу або рэч вы ўзялі б з сабой на бязлюдную выспу? Многія ўзялі б Біблію, але варыянтаў адказаў увогуле вельмі шмат.

Прапаную крыху перайначыць сітуацыю. Ніхто не выганяе нас на выспу, але наадварот: мы атрымалі запрашэнне на вялікі карабель, які адплывае да Валадара Сусвету на святочны пір. Можна тое-сёе ўзяць з сабой, каб паказаць Яму, чым бавіш час зямлі, што створана тваімі рукамі, што ты цэніш і любіш. І даецца на роздум і падрыхтоўку ...12 месяцаў, напрыклад. Потым паклічуць на карабель ужо праз 10, але гэта неістотна. Згадзіцеся, што й так часу дастаткова, каб падумаць, выбраць, стварыць нешта добрае, нарэшце, ці прыдбаць.

Што забраць з сабой? Чым можна ўразіць свайго Створцу? Як згадаць, што Яго ўсцешыць?.. На якіх вагах узважыць сваё дабро, калі дробязь можа аказацца адзіным Учынкам, а гонар жыцця – нікчэмнасцю? Тады трэба было б браць з сабой усё, але як?

Прыгожыя светлыя згадкі... Зусім па-іншаму глядзіш на рэчы і каштоўнасці, якія сабраліся вакол цябе за пражыты час.

09/11/2012

Касцёл дзяцінства

Як і ўсё, сярод чаго мы расцём, касцёл святых Космы і Даміяна ў Астраўцы нібыта быў заўсёды – вялікі, нязменны. Але была ў яго свая гісторыя і будучыня, якая нешта захавае, а штосьці забярэ з сабой. "Пабудаваў у 1787 годзе ксёндз Гілярый Цішэўскі мураваны касцёл і кляштар для дамініканаў" (са “Слоўніка геаграфічнага Каралеўства Польскага і іншых Краін Славянскіх”)


Колер сцен з колішняга белага пасля нядаўняга аднаўлення набраў розных адценняў, дрэвы, пасаджаныя абапал касцельнага муру, зніклі, а замест сцежак з'явіліся шырокія і простыя ходнікі. Ужо не прыцемкі ўвечары, але яркае святло ліхтароў на белых пастаментах.

Сонца і зеляніна вакол касцёла глядзелася б больш прывабна, чым пачатак лістапада. Напрыклад, верасень 2007 года...



Але зараз, не шукаючы красы, але згадваючы мінулае – запрашаю... 

07/11/2012

Самавызначэнне :)

Калі ты ўваходзіш праз замкнёныя дзверы без ключа, можа ты – кот?