27/11/2012

Высокая трава


Мы прывыклі да высокіх дрэў. Мы ведаем, што дастаткова падняцца на другі ці трэці паверх – і можна глядзець на іх зверху ўніз. Іншая справа – лес, асабліва незнаёмы, але мы далёка не заходзім. Тым больш – трава. Дакладней, настолькі яна нізкая і нявартая ўвагі, што патрабуюцца ад яе 2 рэчы: каб была прыемна-зялёнай і мяккай альбо роўна скошанай. І каб без жамяры там рознай, калі нам захочацца, раскінуўшы рукі, на ёй паляжаць.

А вось калі ўзяць ды зраўняцца з зямлёй, вялікімі робяцца не толькі дрэвы, высокай становіцца трава. Аказваецца, што гэта над ёй раскінуўся блакіт нябёсаў, а сонца кожны вечар блытаецца ў яе гушчыні, перш чым схавацца за небасхілам. І палічаная ў Створцы кожная травінка, напоеная дажджом, сагрэтая сонечным святлом, расце і прамінае ў сваёй лагоднай прыгажосці.

No comments:

Post a Comment