29/11/2012

Сіндром жорсткага сэрца


Crossing the Red Sea

Яны даганяюць нас, няўмольныя, нястомныя, прагныя. Іх коні могуць растаптаць чалавека, а вершнікі не ведаюць літасці, з дзяцінства вучацца ваяваць. Мы стаміліся ад уцёкаў, ногі не йдуць далей, дый няма куды – мы стаім на ўзбярэжжы мора, дарослыя, старыя і малыя са сваімі пажыткамі... Хвалі павольна набягаюць на бераг , а за нашымі плячамі расце хваля егіпецкага войска, каб патапіць нас у крыві. А той, хто выжыве, не здолее пахаваць сваіх блізкіх, пясок паглыне іх... Мы нібы здранцвелі ад страху, але праз хвіліну, шалеючы ад панікі, крычалі небу: "За што?! Які ж несправядлівы і жахлівы лёс прыгатаваў Ты нам, Божа наш! Няма чым бараніцца, няма куды ўцякаць..."

Знаёмы з дзяцінства біблейскі аповед пра пераход праз Чырвонае мора. Там Божы народ у адказ на свой лямант пачуў ад Майсея: "Не бойцеся, стойце на месцы і ўбачыце збаўленне Пана... Пан будзе ваяваць за вас, а вы будзьце спакойнымі" (Вых 14, 13:14). І яны паслухалі, і засталіся на месцы, і прайшоўшы праз мора (не толькі вады, але й свайго страху, недаверу і болю), спявалі і плакалі з радасці, бо сапраўды ўбачылі збаўленне Пана:


Парадаксальна, але якраз у самых цяжкіх абставінах, асягнуць спакой, аб якім гаворыць Біблія, лягчэй. Дробныя непрыемнасці выклікаюць мітусню пачуццяў і эмоцый, якую ўтаймаваць бывае вельмі складана. Але на парозе сапраўдных выпрабаванняў поўны давер да Бога нібы адчыняе сэрца на той дзіўны супакой, які дае магчымасць супрацоўнічаць з Панам.

І вось – выпрабаванне пройдзена. Уратаваныя! Бог выканаў абяцанне, Ён збавіў нас, і Ён пойдзе з намі далей, Ён не пакіне нас! З сэрцаў ліецца песня: "Моц мая і сіла мая – Пан, Ён стаўся для мяне збаўленьнем. Гэта Бог мой, буду славіць Яго" (Вых 15,2)

Але паслухайце адказ:

"Калі будзеш слухаць голас Пана Бога твайго
і будзеш рабіць справядлівае перад абліччам Яго
і скарышся настаўленням Яго
і будзеш захоўваць усе Яго пастановы,
то Я не навяду на цябе ніводнай хваробы, што навёў на Егіпет, бо Я – Пан, лекар твой" (Вых 15,26)

Чым жа хварэлі няшчасныя егіпцяне? Як некалькі разоў зазначае Кніга Выхаду – жорсткасцю сэрца. Менавіта гэтая хвароба прыводзіць да слепаты, калі замест жывых людзей, бачыш сродкі вытворчасці, якія падступна хочуць вырвацца з рук уладальніка. Ды яшчэ прыхапіць з сабой жывёлу і срэбны ды залаты посуд! Як можна гэта дапусціць?! Не зважаць на кошт і ахвяры, дагнаць, пакараць і вярнуць!

Ці толькі фараона закранула гэтая хвароба? Бог заклікае кожнага з нас даследваць сваё сэрца, ці не ахоплена яно гэтым страшным сіндромам абыякавасці і жорсткасці. Здавалася б: усяго чатыры ўмовы – і застанешся здаровым. Але нездарма, апошнія словы гучаць, як суцяшэнне "бо Я – Пан, лекар твой". Сапраўды, Божа, ацаленне спатрэбіцца нам так хутка...

Сённяшнія ўдзячныя праз тры дні ператворацца ў спалоханых эгаістаў "А-а-а, усё кепска-кепска-кепска! За што нам гэта ўсё?" Няшмат нам трэба часу, каб перастаць прыслухоўвацца да Божых слоў, пачаць апраўдваць несправядлівасць, перайначыць Божыя загады на свой розум...  І незаўважна гнаныя зробяцца ганіцелямі, якія сцігаюць сваю безабаронную ахвяру, пакуль яна не заб'ецца ў кут ці не застыгне нерухома на беразе бяскрайняга мора.

No comments:

Post a Comment