09/11/2012

Касцёл дзяцінства

Як і ўсё, сярод чаго мы расцём, касцёл святых Космы і Даміяна ў Астраўцы нібыта быў заўсёды – вялікі, нязменны. Але была ў яго свая гісторыя і будучыня, якая нешта захавае, а штосьці забярэ з сабой. "Пабудаваў у 1787 годзе ксёндз Гілярый Цішэўскі мураваны касцёл і кляштар для дамініканаў" (са “Слоўніка геаграфічнага Каралеўства Польскага і іншых Краін Славянскіх”)


Колер сцен з колішняга белага пасля нядаўняга аднаўлення набраў розных адценняў, дрэвы, пасаджаныя абапал касцельнага муру, зніклі, а замест сцежак з'явіліся шырокія і простыя ходнікі. Ужо не прыцемкі ўвечары, але яркае святло ліхтароў на белых пастаментах.

Сонца і зеляніна вакол касцёла глядзелася б больш прывабна, чым пачатак лістапада. Напрыклад, верасень 2007 года...



Але зараз, не шукаючы красы, але згадваючы мінулае – запрашаю... 
Здымкі 60-70 гадоў ХХ ст.



2012 год. Лістапад



Вокны закрыстый здаўна закрыты рашоткамі, каб не ўлез які злодзей.

Калі паглядзець налева, стоячы тварам да галоўнага ўваходу, то можна ўбачыць студню, досыць глыбокую, якая чакае яшчэ свайго аднаўлення, і рознакаляровы дабудаваны цэглай дом. Калісьці зваўся ён арганістоўкай, бо там павінен быў жыць арганіст са сваёй сям'ёй. Вядома, калі мой бацька прыехаў працаваць у Астравец, хатка была даўно забрана ў парафіі. Там размяшчалася аддзяленне міліцыі да нядаўняга часу.  

А вось гэтыя бочныя дзверы вядуць у касцёльны склеп. Адразу за дзвярыма стромкія шырокія сходы ўніз у доўгае памяшканне з нізкімі скляпеннямі. Адна старая жанчына расказвала (ужо на гэтым свеце яе няма), што яе дзеда разам з іншымі мясцовымі католікамі трымалі там пасля паўстання 1863 года, дамагаючыся пераходу ў праваслаўе. Яны тады адмовіліся. "У 1866 годзе касцёл і кляштар дамініканаў быў ліквідаваны, будынак кляштарны знесены, касцёл жа перароблены пад царкву праваслаўную" (Там жа).  А я не разумела, чаму такія дзіўныя драўляныя алтары ў касцеле, зусім не такія даўнія, як сам касцёл. Атрымаўшы яго назад ў пачатку XX стагоддзя, парафіяне аздаблялі яго, як маглі.


Вось галоўны ўваход. Асвечаная вада ў крапільніцы. Дарэчы, навошта мы робім знак крыжа асвечанай вадой, калі ўваходзім у касцёл? Каб нагадаць сабе, хто мы і навошта прыйшлі – дзеці Божыя праз хрост, недастойныя ўдзелу ў супольнасці і Эўхарыстыі, асвечаная вада ачышчае нас.

Яшчэ многія прытрымліваюцца той звычкі, што жанчыны ўваходзяць праз бочныя левыя дзверы, а мужчыны – праз правыя. І потым ў лаўках сядзяць па розных баках. Увайшоўшы, вучылі мяне ўкленчыць, зрабіць знак крыжа, тройчы прашаптаць малітву "Няхай будзе праслаўлёны Найсвяцейшы Сакрамэнт, праўдзівае Цела і Кроў Пана нашага Езуса Хрыста".

Левая бочная нава. На вялікія святы пробашчы ўзыходзілі прамаўляць на высокую амбону. У дзяцінстве адзнае месца, куды мяне не пускалі. І дагэтуль я добра памятаю тую гарачую сваю крыўду, калі раз за разам мяне вярталі ўніз з 4 ці 5 ступені. Але ж аднекуль ведаю, што наверсе была маленькая падушачка з чырвонага аксаміту?



У гэтай спавядніцы адбылася мая першая споведзь. Праўда, не з першага разу. Адвучыўшыся год, я стаяла-стаяла ў чарзе да споведзі і пайшла дахаты, бо забалеў бок. Зараз мне цяжка сказаць, ці было так сапраўды, ці я прыдумала той боль. Бацькі не папрасілі ў кс.Алёйзы Тамковіча асобна мяне паспавядаць, бо пэўна было сорамна, але мне растлумачылі важнасць дня першай споведзі... Так я адхадзіла вучыцца яшчэ адзін год і больш не ўцякала.


Вельмі прыгожы абраз Маці Божай над алтаром. Яе срэбнае адзенне і плашч змяняюць колер у залежнасці ад асвятлення. Таму на ранішняй імшы Яна іншая, чым на вечаровай. Якія цудоўныя рукі майстра, што так "апранулі" абраз.  А ў цэнтры алтара – копія абраза Маці Божай Гудагайскай, санктуарыюм якой у 9 км ад Астраўца.



А злева – абраз святога Антонія і фігура святога Францішка Асізскага.


Галоўны аўтар. Аж 3 вялікія абразы Маці Божай. Даруйце, за нізкую якасць фота. Гэта той выпадак, калі лепш убачыць сваімі вачамі. Гранітная частка прымацавана да сцяны, а сам алтар можна абысці вакол. Памятаю, што даўней паміж кожнай драўлянай электрычнай свечкай стаяла васковая. Перад імшой міністрант іх запальваў, а пасля заканчэння – задуваў сам або з дапамогай гумовага конуса на доўгім кіі. Вялікія фігуры анёлаў замянілі на фігуры Марыі і Езуса Хрыста.


2006 год

Абраз святых Космы і Даміяна, якія няспынна лечаць параненага чалавека. Ніхто не бачыў, каб прыселі ды адпачылі хоць на вялікае свята. Надпіс над галоўным алтаром, які я не сфатаграфавала: "Przyjdzcie do Mnie wszyscy, Ja was ochłodze" (Прыйдзіце да мяне ўсе, Я супакою вас Мц 11,28)



Уваход у закрыстыю.  У званочкі з левага боку звоняць, выходзячы на святую імшу, а званок з правага боку – жалобны, калісьці званілі ў яго доўга і моцна пасля весткі аб чыёй-небудзь смерці.


Пераходзячы праз сярэдзіну касцёла, кленчым. Не проста правіла такое, але перад Кім – Езусам Хрыстом у Найсвяцейшым Сакраманце, які схаваны ў табернакулюм. Чырвоная  лямпачка як напамін.

Калі зараз абярнуцца назад, то ўбачым хоры і арган, чынны да гэтай пары. Пасярэдзіне парапета – вялікая фігура анёла. Усе дзеці любілі дакрануцца да ягоных белых крылаў. У вечаровых прыцемках ён выглядае вельмі таямніча, асабліва на вігілійнай святой імшы на Божае Нараджэнне. У сваіх цяжкіх зімовых шубах і паліто харысты ўсходзілі па лесвіцы з шырокіх старых цаглін на хоры і з узаемнымі святочнымі віншаваннямі станавіліся на свае месцы вакол арганіста, жанчыны побач, бліжэй да парапета, мужчыны – на невялікім узвышэнні за імі. І спявалі страдаўнія калядныя песні, прыгожа, гучна, на галасы. Былі спробы запісваць на магнітафон, не вельмі ўдалыя, дый тыя згубіліся. Хор стараўся збірацца нават на рэпетыцыі перад вялікімі святамі, але з часам усё радзей і радзей. Потым не ўсе сталі здольнымі ўзыходзіць наверх, потым прыйшлося хаваць аднаго за другім...Зараз і тых незабыўных людзей больш не пачуеш, і пастаяннага арганіста пакуль што няма.


Дарэчы, і людзі ўжо разыйшліся, хоць пасля заканчэння імшы для дзяцей прайшло хвілін 5-7. Засталіся толькі пустыя лаўкі, як голы шкілет. Ці не занадта хутка нас, як вадой, змывае з касцёлаў пасля Эўхарыстыі? Канешне, непадобна было б, каб усе засталіся да вечара. Бо, як нехта зазначыў, людзі прыходзяць у святыню, каб выйсці і за яе сценамі жыць па-чалавечы...

Тэма для разважання, але мне падумалася пра іншае: як за савецкім часам ксяндзы выходзілі на імшу і ніколі не бачылі пустых лавак, хоць улады вельмі стараліся, каб усе храмы апусцелі, паўміралі старыя і адвярнуліся маладыя. Але святары выходзілі і бачылі жывыя вочы і жывую веру. Ведалі, што не звядуцца плёткі і даносы, але й Касцёл будзе жыць.

Крыж паміж пасхалам і Уваскрослым Езусам застаецца крыжом. І дзякуй Богу, што застаецца.



На лавачцы сястра-эўхарыстка прымала "залік" у дзяўчынкі па пройдзенай тэме на занятках рэлігіі.


А з краю гэтай лавачкі калісьці было месца пані Алінкі Туронак. Некаторыя завуць яе Галінкай, але мае бацькі і я ведалі і клікалі яе пані Алінкай. Яна шмат гадоў прыбірала ў касцеле, сачыла за чысцінёй ручнічкоў, настольнікоў і многіх іншых касцёльных рэчаў, ставіла прыгожыя букеты, гатавала для ксяндзоў. Кожную справу ёй удавалася рабіць з дзіўным някідкім густам, асабліва хораша ўпрыгожвала алтары, стаенку, Цямніцу, гроту з Гробам Пана. А мне пашчасціла, што да школы мяне гадавала, бо не аддавалі ў садок. Я памятаю яе дом, маленькі пакой, гадзіннік з зязюлькай.


Памятаю яе ціхі голас, схіленую набок галаву, калі яна думала аб нечым або малілася. Мне падабалася быць пры ёй, задаваць пытанні і атрымліваць спакойныя адказы, дапамагаць зменьваць кветкам ваду, хадзіць па пустым вялізным касцеле амаль усюды, дзе хацелася (пра забарону на высокую амбону я ўжо казала?)... Яе сціпласць, добрае сэрца і мудрасць, і балючыя язвы на нагах, якія не зажылі аж да смерці... Я не ўмею пра гэта расказаць... І да крыўднага мала цікавілася я, пакуль мела такую магчымасць. Напрыклад, знайшлі ў хатцы пасля яе цэлы куфар з архівам, з нататкамі, запісамі, сшытак “Гістарычныя нататкі да касцельнай хронікі ў Астраўцы”. У мясцовай газеце друкуюць з яго пераклады (напрыклад, Маці Божая Гудагайская. А магла быць Астравецкая?)

На Каляды стаенку пані Алінка рабіла на левым бочным алтары. І была адна файная, але не вельмі адназначная рэч: жолаб, у якім ляжала Дзіцятка-Езус можна было пакалыхаць за доўгую жоўтую стужку з маленькім званочкам. Гэта стала сапраўдным рытуалам: прыйшоўшы ў касцёл на Божае наражэнне, трэба было абавязкова "павітацца" з малым Езусам. Дзяцей гэта проста захапляла, асабліва калі ўдавалася калыхаць так, каб зазвінеў званочак. Не варта казаць, што ўсёй грамадзе людзей пасля святочнай імшы хацелася дабіцца да гэтай стужкі, як найхутчэй, і пайсці дадому. Можа з гэтай прычыны чапляць яе потым перасталі. І стаенку кожны год уладкоўваюць інакш. А запомнілася тая, штогод аднолькавая, але мілая пані-Алінчына. Шкада, карцінкай з успамінаў не падзелішся. Знайшоўся здымак у старым альбоме. Нават відаць тая светлая стужачка ад яселькаў Дзіцяткі.



Абраз "Унебаўшэсце Езуса Хрыста". Хтосьці рэгулярна заводзіць гадзіннік ключыкам і да гэтай пары. Інакш ён не паказваў бы дакладнага часу. 


А гэты абраз з чысцовымі пакутамі душаў і выбаўленне, дзякуючы святой імшы, запомніўся мне з маленства да дробязяў. Ён быў прымацаваны да катафалку, які ставілі перад прэсбітэрыюм на імшах за памерлых.



Аўтар у правай бочнай наве – абраз святога Юзафа (таксама ў прыгожай шаце) і абраз Маці Божай  Вострабрамскай.






Калі паглядзець правей – яшчэ адзін алтар з маленькай фігурай святой Тэрэсы з Лізьё. І зноў прыгожы стары абраз Маці Божай.



Езус Міласэрны у часы ксяндза-пралата Алёйзы стаяў пад першай стацыяй побач з правым бочным алтаром. Потым яго павесілі над гэтай спавядніцай, што вельмі сімвалічна, канешне, але маліцца перад ім цяпер нязручна.



Зараз мы ўсё яшчэ стаім у правай бочнай наве тварам да выхаду з касцёла. За калонамі – невялікая грота, дзе ляжыць фігура Езуса, знятага з крыжа. У Вялікую Пятніцу туды, ва ўпрыгожаны жывымі кветкамі Гроб Пана, пераносяць Насвяцейшы Сакрамант, на гэтых сходах у вялікодную раніцу пачынаецца рэзурэкцыя.



На гэты катафалк на колах і дагэтуль ставяць труну з памерлым перад галоўным алтаром.


Фісгармонія, на якой тата столькі год граў амаль кожную імшу у буднія дні. Арган на хорах гучаў толькі ў нядзелю і на свята. Цяпер вось у дальнім кутку, а памяць упарта вяртае яе на месца перад першай лаўкай з правага боку. Вяртае яе гук, не заўсёды роўны і моцны, вяртае татаў голас – гучны на першых радках песні і цішэйшы потым, каб людзям не перашкаджаць спяваць.

Калісьці падлеткам я спрабавала граць на ёй. Сапраўды, не так лёгка націскаць на педалі, каб паветра напаўняла жыццём інструмент, бо толькі тады гучыць музыка. Ты па чарзе працуеш абедзьвума нагамі, шукаеш правільныя акорды на клавішах і падглядаеш у спеўніку словы песні, бо больш за 2 куплеты звычайна не памятаеш. У мяне выходзіла абы-як, у таты – сугучна і без фальшу.


Толькі ў апошнія гады акорды новых песень пачалі блытацца, але яму хацелася заспяваць часам новую, калі падабаліся словы і музыка. На казаннях людзі бачылі, як спускалася на грудзі ягоная галава, бо ён мог задрамаць, асабліва калі не даспаў уначы. "Стары, даў бы маладым пайграць", – казалі. Але ён усё роўна йшоў за рэдкім выключэннем штодзень рана й вечар у касцёл, бо адчуваў адказнасць за сваю службу. Бо часта тыя маладыя, якія браліся граць, забываліся яго папярэджваць, каб не прыходзіў. Яму было дзіўна, што пры саветах забаранялі хадзіць у касцёл – і ён хадзіў, а зараз можна – і ён не пойдзе. Але сіл было ўсё менш. Часам ловячы паблажлівыя позіркі, з якімі глядзелі людзі на яго ўсё больш павольную хаду па касцеле, я ўспамінала тое пілатаўскае "Вось чалавек!" і ...не ведала, чым я магу яму дапамагчы.
Фісгармонію замянілі Ямахай. Фота з ліпеня 2006 года. Яшчэ заставалася амаль 2 гады.



Касцёл майго дзяцінства... Я магла б вынесці з яго больш – веры, гісторыі, ведаў, памяці аб падзеях і людзях. З кожнага касцёла мы можам браць больш. Калі захочам аддаваць час і сілы, калі будзем цікавіцца і задаваць пытанні, калі будзем шукаць Бога жывога, нечаканага, усемагутнага і міласэрнага.

No comments:

Post a Comment