Жаданні павінны здзяйсняцца. Радасць,
якая напаўняе сэрца, калі спаўняецца штосьці запаветнае, сведчыць аб
гэтым вельмі яскрава. Яна трывае доўга, асабліва калі збываюцца жаданні
глыбокія і невыказныя.
Тэма чалавечых жаданняў такая багатая і шматузроўневая, што прыйдзецца многае абмінуць, каб сказаць хоць нешта канкрэтнае. Сёння нас будзе цікавіць сувязь таго, чаго прагнем, з Божай воляй. Добра было б на самым пачатку глянуць на сваё жыццё і адзначыць, як змяняліся жаданні з часам, што сталася з дзіцячымі марамі, як досвед няшчасця або, напрыклад, бацькоўства ці іншай формы адказнасці паўплываў на нас.