16/09/2025

Шлях да празрыстасці


Днямі, ідучы па лясной дарозе, я абмінула дзве вялікія лужыны, потым вярнулася, пастаяла каля іх і сфатаграфавала на тэлефон, дзівячыся іх адрознасці. Адна – з чыстай вадой, наскрозь празрыстай, у якой можна было разгледзець кожны апалы лісцік, убачыць на паверхні выразны адбітак неба і дрэў. Другая лужына была мутнай, зацягнутай парэпанай плеўкай, на якой ляжалі сухія лісткі. У такой вадзе нічога не пабачыш. Адбітак светлага неба быў  скажоным, няпэўным. “На беразе” той, другой, мне на імгненне здалося, што можна прайсці наўпрост па паверхні, не замачыўшы ног, настолькі шчыльнай і густой выглядала завісь. Бо хто б захацеў увайсці і скалануць увесь гэты бруд? У дачыненні да бруднай вады гэта хіба што здаровае пачуццё агіды, страх перад небяспекай, якая можа хавацца ў такой каламутнасці. А ў ваду празрыстую, наадварот, хочацца ўвайсці, цешыцца прыгажосцю і пачуццём бяспекі.  

А вось жа, у духоўным жыцці ўсё не так проста. Бог дзейнічае нечакана, і без Яго ласкі нашыя чалавечыя меркаванні хутчэй з’яўляюцца перашкодай, чым дапамогай у разуменні. На першы погляд, цяжка спрачацца, што менавіта чыстая душа прыемна Богу. Толькі ўлонне Найчысцейшай Панны было годным прыняць Бога. Няма сумневаў, што бруд душы замінае наблізіцца да Яго. Замінае нам, але не Яму.

Вада Ярдану, на беразе якога стаяў Езус перад Янавым хростам, не была празрыстай ні ў фізічным, ні ў духоўным сэнсе. Зямля і людзі пакідалі ў гэтых водах свой бруд, але Езус, бязгрэшны, “Святы пасярод цябе” (Ос 11, 9), які абсалютна не мусіў гэтага рабіць, рашуча ўвайшоў у зямную каламутнасць, прымаючы на сябе грахі чалавецтва. Кожны наш сапраўдны дакор сумлення сведчыць аб тым, што Ён ужо там, у забруджанай душы, кліча яе да навяртання. Як цяжка нам, якія адварочваемся ад непрыемнага, спасцігнуць Божую логіку, паводле якой Ён, сутыкаючыся з граззю, крывёй, цемрай, не бяжыць прэч, а “закасвае рукавы” і бярэцца за працу. І калі нам цяжка зразумець Ягоны першасны рух, то як мы заўважым і дацэнім Ягоную трываласць, вернасць і любоў? 

Езус не стаіць убаку, але часам якраз і абрынае ў “хаос” нашую непразрыстасць, каб мы ўрэшце заўважылі, у што ператвараецца нашае жыццё. Але хто ведае, чаму ў той ці іншы момант? Не год таму, не заўтра, а вось цяпер чалавек упадае ў гарачку трывогі, правальваецца ў багну, падобную на смерць, бачыць і перажывае сваю ўбогасць і маладушнасць, цеснату і няздатнасць да дабра… І менавіта там, дзе нібы ён застаецца адзін і куды Бог не мусіць зазіраць, Езус апынаецца побач, бярэ за руку і выводзіць да святла і жыцця. Бо толькі Яму гэта пад сілу. І ў рэшце рэшт, досвед такога крызісу стаецца благаслаўлёным.

Так, назіраючы за ўласнымі перажываннямі, уплывамі, радасцямі і смуткамі, можна дасведчыць, як дзейнічае Бог і добрыя анёлы, паслухмяныя Ягонай волі.

Святы Ігнацый, акрэсліваючы дынаміку дзеяння ў нас розных духаў, раіць напачатку вызначыць накірунак руху чалавека: да горшага ён ідзе ці да лепшага. У “Духоўных практыкаваннях” гэта фрагменты пад нумарамі 314 і 315. У кантэксце развагаў пра ваду можна перафразаваць: імкнецца душа да большай каламутнасці ці большай празрыстасці?

“Першае правіла. Тым людзям, якія ідуць ад аднаго смяротнага граху да іншага, вораг звычайна паказвае фальшывыя ўцехі, прымушаючы ўяўляць пачуццёвыя радасці і задавальненні, каб мацней утрымліваць іх і глыбей укараніць у заганах і грахах. У гэтых жа людзях добры дух дзейнічае супрацьлеглым чынам: джаліць і дакарае іх сумленне і дае пачуць разважлівы голас розуму.

Другое правіла. У тых людзях, якія дбаюць пра ачышчэнне ад грахоў і імкнуцца да лепшага служэння Богу, нашаму Пану, спосаб дзеяння добрага і злога духаў процілеглы апісанаму ў першым правіле. Злому духу тады ўласціва дакучаць, засмучаць і ставіць перашкоды, прымушаючы душу непакоіцца з-за надуманых меркаванняў і адмовіцца ад руху наперад. А добраму духу ўласціва дадаваць адвагі і сілы, слёз, натхнення і спакою, несці палёгку і прыбіраць перашкоды, каб душа ўсё больш узрастала ў добрым.”

Калі “вада” мутнее ад дрэнных думак, слоў і ўчынкаў, менавіта злы дух будзе асцярожна дакранацца і супакойваць, што ўсё ідзе, як трэба, не варта хвалявацца. А добры дух увойдзе з шумным заклікам да зменаў, і з ім будзе няўтульна, і спробы ігнараваць будуць марнымі.

Калі ж душа паварочваецца ў кірунку Бога, то добры дух будзе ледзь чутна “хадзіць па вадзе”, спрыяючы празрыстасці перад Божым позіркам, любуючыся адлюстраваннем неба на яе спакойнай паверхні. А вось з бруднымі ботамі ў чыстую ваду імкнецца ўлезці менавіта “вораг чалавечага роду”, як назваў яго святы Ігнацый, – улезці, каб ускаламуціць, абцяжарыць, перашкодзіць руху да лепшага, разбіць неспакоем нябесны адбітак. Спрабуе, цісне, каб чалавек яго ўпусціў, паслухаў, паддаўся і перастаў дбаць “пра ачышчэнне ад грахоў і імкнуцца да лепшага служэння Богу”. Як выдатна паказаў святы Ігнацый, ніхто, ідучы ад дрэннага да горшага, нават не задумваецца пра служэнне Богу, а той, хто пачаў шукаць лепшага, адкрывае ў сабе і жаданне служыць. Аднак, і ў першым, і ў другім выпадку не атрымаецца пазбегнуць унутранай “турбулентнасці” і ваганняў, важна толькі навучыцца бачыць адрозненні, каб свядома выбраць, якога духа слухаць і з кім супрацоўнічаць. Дзень па дню шукаючы Бога, мы вернемся да сэрца, якое ў сваёй празрыстасці будзе адчынена Яму і суцішана ў Ім.

Апублікавана спачатку тут

No comments:

Post a Comment