03/10/2019

Імя

Першага кастрычніка – успамін св. Тэрэскі ад Дзіцятка Езус. Так мне яе "прадставілі" ў дзяцінстве, таму зваць афіцыйна Тэрэзай не магу прывыкнуць. На яе абразы і фігуркі ў кожным касцёле паказвала мама і казала: "Твая патронка". Што яна зрабіла, раз запыталася я. – Чаму яна святая? "Яна была законніцай і памерла зусім маладой". Магчыма, яшчэ нешта апавядалі, але мне запомнілася толькі гэтая фраза з ранняга дзяцінства. І, вядома, найбольш вымоўным было сведчанне – бацькоўская любоў да гэтай прыгожай дзяўчыны з ружамі і крыжом. Можна любіць, нічога не ведаючы пра чалавека, вось што я пераняла тады. Проста паглядзець на яго і любіць. І нават веды – хто ён, што ён – не змяняюць стаўлення, хіба толькі дадаюць практычнасці: як любіць лепш, што канкрэтна зрабіць?

Толькі пару год таму я даведалася пра яшчэ адну прадгісторыю выбару майго імя. Мама расказала, што ў радзільным доме, калі я нарадзілася, яна падумала так: "Хто прыйдзе першы адведаць, той і будзе хрысціць". І першай прыйшла ў той самы дзень яе сяброўка, якую звалі Тэрэса. Сапраўды неверагоднай дабрыні і святла чалавек. І яе душэўныя якасці таксама ўцвердзілі маіх бацькоў у тым, якое імя мне даць.

Уяўляю сабе, або лепш сказаць, разумею з уласнага вопыту, які незвычайны гэты дзень, у які ты нараджаеш на свет дзіця. Як глядзіш на маленства, найцудоўнейшае на свеце, як дарэшты пранікае цябе пяшчота і радасць, што такое дзіва з'явілася ў свеце. Хто прыйдзе раздзяліць гэтую радасць? Хто паглядзіць на немаўлятка неабыякавымі вачамі? Такому чалавеку і хочацца даверыць дзіця, твая праўда, мама.

Усе гэтыя ўспаміны і аповеды атуляюць імяніны ў першы кастрычнічкі дзень, у які з гадамі перастаеш чакаць віншаванняў, бо не вельмі разумееш, з чым уласна кажучы, віншуюць, але проста радуешся і дзякуеш за тыя клопаты, малітвы блізкіх, і таксама за патронку, выбраную бацькамі. Між іншым, вучуся ў яе, што ўсё ж варта даведвацца больш пра людзей, адчуваць, што хаваецца ў глыбіні позірку, каб спрабаваць любіць іх не толькі на словах.

Св.Тэрэза ад Дзіцятка Езус. Жнівень 1897 г. Апошні месяц жыцця.

No comments:

Post a Comment