23/10/2019

Цуды незаўважаныя

Прачытала ў адным з каментарыяў на Евангелле паводле Марка, што напісана яно было для канкрэтнай супольнасці ды з яснай мэтай: паказаць чытачам (слухачам), што Бог можа зрабіць для іх праз Езуса, і які адказ на гэта яны могуць даць Богу. "Евангелле цудаў" называюць яшчэ гэтую кнігу.

Ах, цуды-цуды... Так, дайце іх паболей пад шэрае неба з кароткімі восеньскімі днямі, нязбытнымі памкненнямі, невыразным шэрагам аднолькавых падзей. Але хіба лёгка нам дагадзіць? Што праб'ецца скрозь няўважлівасць і зануранасць у сабе, каб мы палічылі гэта цудамі? Мы дыхаем імі, усміхаемся ім, працуем з імі, глядзім скрозь іх, прымаючы за слёзы, – і не бачым іх. 



Сёння ранкам па сцежцы пад высокімі старымі бярозамі ішла невялікая купка людзей, дзяцей і  дарослых. Яшчэ толькі шарэла, і яны спяшаліся на аўтобусны прыпынак. З бяроз ім на галовы ляцелі апошнія залацістыя лісты. Ніхто не павёў нават вокам. Я сама так хаджу, думкамі ўжо недзе наперадзе, куды баюся спазніцца. І напэўна, сеўшы ў аўтобус, праз шыбы хтосьці глядзеў, як ападае лісце з іншых дрэў камусьці на галовы. 

Хто б крануў за плячо: зважай на сябе, падымі вочы, паглядзі, колькі табе даецца штодня. Але хіба мала такіх "дотыкаў"? Адно што настолькі лёгкіх, нібы тая кастрычніцкая павуцінка, бачная толькі ў сонечным промні.


"Вучыцеся на прыкладзе смакоўніцы: калі галінка яе становіцца ўжо мяккай і пускае лісце, ведаеце, што блізка лета". Мк 13, 28

Чакаючы лета, зямля і расліны мякчэюць, а сэрца, чакаючы Пана, хай жа навучыцца ў іх чуванню. 

"...вернецца неспадзявана." Мк 13, 36

No comments:

Post a Comment