26/10/2013

Жыццё і Музыка ў стылі Grand

Так у Янкіным тэлефоне адлюстраваўся праспект каля філармоніі. Сапраўдны джаз
Учора мы (я, Мікалай, Яна) былі на канцэрце ў Белдзяржфілармоніі. З праграмай Grand Piano выступаў Влодэк Паўлік. На сцэне былі толькі вялікі раяль і выканаўца, ён жа кампазітар, выкладчык, пераможца... Перад тым, як загучала музыка, канферанс'е зачытаў факты з біяграфіі, дасягненні, выказванні. Потым я ўзгадвала, што на 100% спраўдзілася адна з іх: "Паўлік грае, быццам дыхае..." Больш таго, хацелася навучыцца так "дыхаць", як ён. Навучыцца напаўняць жыццё такой радасцю, шматграннасцю. глыбінёй...

Я не здолею напісаць варты ўвагі водгук, толькі выказаць захапленне талентам гэтага чалавека. Гэтую гадзіну я проста жыла, радавалася і сумавала разам з ягонай музыкай. У ёй былі і сонца, і гукі лета, і бязмежнасць мора, гармонія свету, прыгажосць жыцця, і дысананс, трагічнасць няшчасця, надзея і пяшчота.

Жывая непаўторная імправізацыя (Паўлік перад канцэртам нават не ведаў, што і ў якім парадку будзе граць), якую ніхто не запісваў, але ніводзін слухач не забудзецца. Магчыма, у дзяцей застанецца толькі ўражанне, але гэта нямала. "Грай яшчэ", – ціха прасіла жанчына на суседнім месцы. І ён зноў апускаў рукі на клавішы. Але гадзіна праляцела вельмі хутка.

Янка праз хвілін 20 заснула ў мяне на каленях. Калі мы потым смяяліся, сказала: "Ну і што, я чула, музыка была ў мяне ўнутры". Мікалаю цяжка было сядзець спакойна на адным месцы, але слухаў уважліва. Здаецца, яму найбольш спадабаўся вясёлы джаз, выкананы на біс. Музыка нагадвала бесклапотную хаду чалавека і міжволі выклікала ўсмешку. Магчыма, каб нам весялей было крочыць дадому.

Анонс канцэрта з вышэй узгаданымі цытатамі: Польскі Інстытут у Мінску. ВЛОДЭК ПАЎЛІК „GRAND PIANO” Канцэрт джазавай музыкі

24/10/2013

Не прыхіляцца

Прынікла да пылу душа мая, ажыві мяне паводле слова Твайго. Пс 119, 25

Надпісы ў грамадскім транспарце папярэджваюць, што нельга прыхіляцца да дзвярэй. І зразумела, чаму.  Гэта небяcпечна, і нават смяротна небяспечна. Нечакана апора для спіны можа ператварыцца ў пустку... І ўсё роўна прыхінаемся, калі здараецца ехаць ў перапоўненым вагоне ці аўтобусе. Пакуль ён вязе па патрэбным маршруце, пакуль трымаюць дзверы, пакуль не стала свабадней у салоне, і пакуль надзея ёсць, што паездка скончыцца добра.

Але дзіўна было б назіраць за чалавекам, які ў пустым аўтобусе прыляпіўся ўсім целам да дзвярэй, нібыта яго прыціснуў людзкі натоўп. Так і сваёй душы чалавек часта прыдумляе няўмольныя абставіны, каб апраўдаць свой грэх. У цемры можна памыліцца, але сонечнае святло праўды рассыпае падман у пыл.

Як не спазніцца заўважыць, што душа не мае, чым дыхаць? Што яна смягне без вады... Што мярцвее паволі... Чаму чалавек выбірае замест крынічных водаў Божага Слова пыл хлусні і нажывы? Ці паспее жахнуцца і ўсклікнуць: "Ажыві мяне, Божа!"?

16/10/2013

Пацеркі кастрычніка

Вось і сярэдзіна прыгожай сёлетняй восені. Падобныя на пацеркі, ягады рабіны, шыпшыны і горкай каліны прыцягваюць вока. Шапаціць каляровае  лісце – пад нагамі мацней, а падаючы з дрэў – вельмі ціха, але назіраць за ім можна бясконца, асабліва, стоячы пад высачэзнымі таполямі...

10/10/2013

Пошукі дзеля Бога: малітоўны прагляд свайго дня

Dennis Hamm, SJ
Dennis Hamm, SJ
Dennis Hamm, SJ
Dennis Hamm, SJ
Ігнацыянская малітва мае ў сабе шмат інструментаў і складнікаў. Лягчэй пра яе чуць, чым чытаць; пераймаць у айцоў-езуітаў, чым вучыцца па кніжках. Але друкаванае слова таксама бывае карысным. Першыя паслядоўнікі святога Ігнацыя Лаёлы, як і мы, мелі няшмат магчымасцяў і часу, каб маліцца з раніцы да вечара, таму ён прапанаваў ім інтраспектыўную малітву на заканчэнне дня. Можна назваць яе праглядам, экзаменам, даследваннем – не толькі сумлення, але ўсёй свядомасці. Але гэта не проста саманазіранне, што па сутнасці азначае інтраспекцыя, гэта малітва, якая можа прынесці вельмі шмат радасці, свабоды і зразумення ў нашае жыццё, малітва, якая дапамагае пачуць Бога і сваё сэрца. 

Аўтар: Dennis Hamm, SJ 
Крыніца: http://www.ignatianspirituality.com

Аднойчы, прыкладна 20 гадоў таму, падчас снядання і пазнейшых разважанняў, мне адкрылася адна важная рэч. Можна назваць яе невялікім аб'яўленнем. У той час я жыў у малой супольнасці, якая складалася з 5 езуітаў. Усе яны былі аспірантамі (graduate students) з Нью-Хейвена, штат Канэктыкут. Я сядзеў на кухні сам-насам са сваёй кашай, калі зайшоў адзін езуіт і сказаў: "Якраз перад тым, як прачнуцца, я бачыў вельмі дзіўны сон. Літургічны сон. Лектар толькі што прачытаў першае чытанне і пачаў абвяшчаць рэфрэн рэспансарыйнага псальма: "Калі з першага разу табе не ўдаецца, спрабуй, спрабуй яшчэ раз". І ўсе прысутныя сур'ёзна паўтарылі: "Калі з першага разу табе не ўдаецца, спрабуй, спрабуй яшчэ раз"

Нам абодвум гэта здалося вельмі пацешным. Але спачатку я не меў пэўнасці, чаму гэтая фраза нас так насмяшыла. Сапраўды, ці ж не кожны пагодзіцца з тым, што гэтая максіма мае ў сабе праўду, якая падбадзёрвае і натхняе: "Калі з першага разу не...", а таксама з'яўляецца міжкультурнай збітай ісцінай: "Keep on truckin'!" – "Добрая работа! Працягвай!" Тады чаму гэтыя словы так абсурдна гучаць у літургіі?

26/09/2013

Запамінаючы адчуванні

Мне падабаецца прысутнічаць на занятках па спецыяльнасці ў Янкі. Музычная школа, фартэп'яна, невялічкі кабінет з высокім акном на паўсцяны, старыя дрэвы вакол будынку.

Першыя ўрокі – як трымаць руку, як апускаць і адрываць моцныя пальцы ад клавішаў, напаміны пра простую спіну і свабодныя мяккія запясці. Дзе ноты на клавіятуры, дзе на нотным стане. Рытм, ключы і шцілі... Шмат чаго трэба змясціць у галаве ў першыя месяцы навучання...

Заўважыла, як адрозніваюцца заняткі музыкай ад камерцыйнай дзейнасці. Нават вочы настаўнікаў зусім іншыя. Канешне, я зазірнула ў вочы далёка не ўсім эканамістам, але ўсё ж...

Учора прымерыла на сябе адну заўвагу, якая мне вельмі спадабалася. Педагог разбірала з дачкой новую песеньку.
"Вочы – у ноты, а рукі запамінаюць адчуванні", – і настаўніца падтрымлівала і выпраўляла паставу пальцаў і рук.
"Цяпер сама. Толькі вочы глядзяць на рукі, мелодыю ты помніш. Вочы зараз дамагаюць рукам трымацца правільна і прыгожа".

Што б такога рабіць у жыцці, каб хацелася запамінаць адчуванні? Каб хацелася іх пражываць, вучыцца ад іх? Можа, кожны з нас нешта робіць, толькі не заўважае, як пальцы дакранаюцца клавіш штодзённасці, даўно не трымае спіну простай, не спалучае ў руках моц і свабоду...

Імклівая восень

в.Лукашэвічы ў верасні
Бывае, восень доўга збіраецца ў поўную сілу і пачынае валадарыць ледзь не зімой. А сёлета яна пастаралася ўсю цяплынь і красу змясціць у адзін месяц. Верасень пачынаўся з летніх кашулькаў і чыстага неба, а канчаецца ўцепленымі курткамі і халоднымі дажджамі. Чаму так спешна восень распранае дрэвы? Жоўта-рудое лісце дзіўна глядзіцца на – пакуль што – ярка-зялёнай траве. Сёння бачыла адзін упарты клён, які не дазволіў змяніць колер ніводнаму лісціку.
– Дзе яшчэ той лістапад?! – усклікаў ён. – Дайце пажыць спакойна.

Верасень не звяртае ўвагі, не тлумачыцца, падганяе, адмаўляючыся нават пасядзець са мной за кавай. Як быццам мне лёгка было знайсці на яе час!

– Лета не вернецца, няхай усе рыхтуюцца да зімы, – паўтарае ён адныя і тыя ж адказы на ўсе пытанні і скаргі. – Паслухайце, вы губляеце лісце, але не марнуйце час, шкадуючы мінулага... Так, нічога не змянілася – пасля сну і снегу прыйдзе вясна... Што ж, гэта праўда – не ўсе перажывуць холад... Не, ну адкуль у мяне ўплыў на людзей? Яны зграбаюць ці пакідаюць пад дрэвамі  лісце там, дзе хочуць...

Час распранае і людзей. Адзін дзесятак гадоў па другім – і ўсё больш і больш прасвечваецца душа скрозь рэдкую лістоту знешняй абалонкі. Сонца не грэе так, як даўней,  дождж набягае ўсё часцей і зусім не дзеля прыязнай вясёлкі... "Ці стары з'еў, ці малы знасіў", – кажа прымаўка. Губляецца смак, цікаўнасць, заўзятасць – што ж тады: шкадаваць мінулага ці рыхтавацца "да зімы" з тым, што ёсць зараз? Так, побач у кагосьці буяе лета, а ў іншага май смяецца з вачэй...
Шчыры верасень не пакіне ілюзій: да вясны – праз зіму. А да той самай Вясны – праз той самы апошні Парог.

25/09/2013

Лідэры. Першыя і апошнія


Сярод разважанняў пра развіццё кампаніі, дзе я працую, на ўчарашнім сходзе прагучала тэма месцазнаходжання лідэра: у галаве ці ў хвасце калектыва? Плюсы і мінусы ёсць у абодвух мадэлях. Напрыклад, ідучы наперадзе лідэр вызначае накірунак, але замаруджвае развіццё тых, хто мог бы рухацца хутчэй. Ідучы ззаду, ён дае магчымасць праявіць ініцыятыву, але яму цяжка не ператварыцца ў "чароўны штурхель", які не дае адступаць і ўцячы.

Гледзячы на схемы, якія маляваў кансультант, я думала аб сваім – бацькі і дзеці. Якраз бацькі і павінны з першых станавіцца апошнімі. Паступова і свядома, каб зразумець і адчуць той момант, калі дзеці могуць ісці наперадзе самі. Яны ўжо нешта ўмеюць, маюць свае мэты, могуць рухацца хутчэй, чым бацькі. "Ляці, плыві, ідзі сам! Але ведай, што я з табой. Што прыму ўдар на сябе, калі ты ўпадзеш."
Рызыкоўна, праўда? :) Ды і ўвогуле з верхавіны дрэва адчуць сябе каранямі новых людзей, час якіх надыходзіць, – гэта зусім няпроста...

16/09/2013

Тры ў адным

Для кармэліткі думаць пра таго, каго яна любіць, – значыць маліцца за яго...
Св. Тэрэса ад Дзіцятка Езус
Не так часта ў сучасным рытме жыцця і інфармацыйным патоку мудрыя думкі застаюцца ў галаве даўжэй, чым паўхвіліны. Але вось гэтая... зачаравала і не адпускае. Што для нас складана, тое аказваецца простым, як дыханне: любіць – думаць – маліцца. 
Прыгожы акорд, гармонія быцця на свеце, чысціня і напоўненасць сэнсам думак, – усяго толькі адзін  кароткі выраз...

На адыходзе дня (хай сабе і ноч на дварэ) – падумаем пра сваіх любімых людзей. Можа не так дасканалай атрымаецца малітва, як у кармэлітак, але сапраўды – хто, акрамя нас, падумае пра тых, каго мы любім?

14/09/2013

Два берагі аднаго дня

Фота Yana Rovdo
А вецер быў супраціўны...
А вучні плылі адныя...


Перад тым, як прыйсці да апосталаў па вадзе, Езус загадаў ім плыць самім на другі бераг Генісарэцкага мора. Звычайная і знаёмая рэч – пакідаеш адзін бераг, плывеш на супрацьлеглы, карыстаючыся ветразем і вёсламі ды адпаведнымі арыенцірамі. Прыкладна, як устаеш нараніцы, наперадзе – дзень да вечара, розныя справы, на якія разлічваеш час і сілы, з надзеяй, што нябачныя і нечаканыя рэчы не перакуляць "лодку" надыходзячага дня... А калі прыгледзіцца: як адплываюць нашыя лодкі?

І пасылаў Я да вас усіх слугаў Маіх, прарокаў, падымаючыся на досвітку, пасылаючы і кажучы: "Навярніцеся кожны ад дарогі сваёй ліхой і выпраўце ўчынкі вашыя..." Ер 35:15

"Падымаючыся на досвітку..." Пакуль маўчаць будзільнікі, і сон такі салодкі, Бог вызначае "курс" дзённай вандроўкі. Як ні прачніся, Ён ужо апярэдзіў чалавека Сваёй Любоўю. Але не будзе дакучліва яе прапаноўваць. Прыняць?  Або нават не заўважыць ні Бога, ні прарокаў, раніца ж такая кароткая?.. Так і плывем...

А лодка ўжо адплылыа на многа стадый ад зямлі, і кідалі яе хвалі, бо вецер быў супраціўны. Мц 14:24

Вецер у плечы, спадарожны, інакш кажучы, у жыцці хрысціяніна ўвогуле здараецца рэдка. Наадварот, калі ўсё вельмі гладка, трэба разабрацца, ці не павярнулі мы сваю лодку назад. Ці не кінулі "гэтую марную справу" – шукаць добрых дарог, выпраўляць учынкі, кіравацца любоўю? Колькі можна змагацца з ветрам? Нават гучыць дзіўна, як бойка з ветракамі ў Дон Кіхота. Дзе Бог, Які ўсё бачыць? Мае цярпенні, знясіленасць, садраныя мазалі, прыхаваныя слёзы... Сярод тугі і адчаю цяжка заўважыць светлую постаць, якая крочыць па вадзе нашых дзён. Заўважыць і пазнаць Езуса. Хаця б па гуку Ягонага голаса: "Супакойцеся, гэта Я; не палохайцеся". Хаця б не працягваць даказваць, што "гэта здань!" Якія б шаблоны і прусакі не жылі ў чалавечай галаве, Бог застаецца нязменным – Тым, Якім ёсць.Тым, Хто выправіў і бачыў. і не пакінуў нават малаверных... Хочаш наследаваць – ідзі, толькі вер. Сапраўды хочаш? "Ісці за Езусам азначае прымаць удзел ў Ягонай міласэрнай любові да кожнай чалавечай істоты", як напісаў папа Францішак. Можна было б нават вылучыць гэты выраз вялікімі літарамі, бо ёсць над чым падумаць, але CapsLock у Сеціве азначае крык, а хочацца глыбіні...

Заўтра на світанні адплыве ад берага лодка новага дня, крохкая, як і само жыццё. Зноў узнімецца супраціўны вецер, які "халодзіць былыя раны" ці залівае вадой і збівае з курсу. Але не яго трэба слухаць, не енкі спалоханых бліжніх, не свае страхі, а голас Хрыста, Які ішоў за намі "многа стадый", нават цяжка ўявіць, насколькі многа.