Прынікла да пылу душа мая, ажыві мяне паводле слова Твайго. Пс 119, 25
Надпісы ў грамадскім транспарце папярэджваюць, што нельга прыхіляцца да дзвярэй. І зразумела, чаму. Гэта небяcпечна, і нават смяротна небяспечна. Нечакана апора для спіны можа ператварыцца ў пустку... І ўсё роўна прыхінаемся, калі здараецца ехаць ў перапоўненым вагоне ці аўтобусе. Пакуль ён вязе па патрэбным маршруце, пакуль трымаюць дзверы, пакуль не стала свабадней у салоне, і пакуль надзея ёсць, што паездка скончыцца добра.
Але дзіўна было б назіраць за чалавекам, які ў пустым аўтобусе прыляпіўся ўсім целам да дзвярэй, нібыта яго прыціснуў людзкі натоўп. Так і сваёй душы чалавек часта прыдумляе няўмольныя абставіны, каб апраўдаць свой грэх. У цемры можна памыліцца, але сонечнае святло праўды рассыпае падман у пыл.
Як не спазніцца заўважыць, што душа не мае, чым дыхаць? Што яна смягне без вады... Што мярцвее паволі... Чаму чалавек выбірае замест крынічных водаў Божага Слова пыл хлусні і нажывы? Ці паспее жахнуцца і ўсклікнуць: "Ажыві мяне, Божа!"?
No comments:
Post a Comment