16/10/2013

Пацеркі кастрычніка

Вось і сярэдзіна прыгожай сёлетняй восені. Падобныя на пацеркі, ягады рабіны, шыпшыны і горкай каліны прыцягваюць вока. Шапаціць каляровае  лісце – пад нагамі мацней, а падаючы з дрэў – вельмі ціха, але назіраць за ім можна бясконца, асабліва, стоячы пад высачэзнымі таполямі...



Кастрычнік дзяцінства – гэта ружанцовая малітва, на якую амаль кожны дзень мы хадзілі за паўтары кіламетры ў касцёл. Вечары ўжо цёмныя, хоць выкалі вока. Пачыналіся халады, таму мне куплялі пальчаткі, маленькія такія. На жаль, ненадоўга іх хапала, бо збягалі яны ад мяне, губляліся, карацей кажучы. І вось гэты шлях з малым ліхтарыкам ў мамінай руцэ, з нашымі ценямі на дарозе, халодным паветрам і зорным, часамі, небам... Шлях у касцёл, дзе да пачатку імшы святло гарэла толькі ў галоўным аўтары. Цішыня, таямнічасць, засяроджанасць, калі чутны кожны гук, кожнае рыпенне старых лавак. Але вось запальваюць свечкі, загараюцца лямпачкі вялікай крышталёвай жарандолі, звіняць званочкі на ўваход.

Памятаю, што без асаблівага захаплення я адносілася да доўгіх малітваў. Пацеркі ружанца, якія я перабірала, звычайна спяшаліся скончыцца раней, чым трэба. І калі я думала, што ўжо Хвала Айцу, у іншых людзей заставаліся 2-3 Вітай Марыя. Гэта вельмі здзіўляла: 10 пацерак, а цяжка іх "злавіць"... Мне падабалася, калі частку дарогі дадому мы ішлі з кім-небудзь са знаёмых, і дарослыя, развітваючыся, яшчэ доўга размаўлялі пад жоўтымі ліхтарамі.

Я прыгадала гэта ўсё за адно імгненне, калі сёння ўвечары мы ішлі з малым Віталікам пад мінскімі ліхтарамі, і нашыя цені то беглі перад намі, то хаваліся за спінамі... Мы вярталіся са свята мам, якое было ў дзіцячым садочку. Як і кожнае ранейшае, яно атрымалася вельмі цёплым і мілым, са спевамі і сцэнкамі. І нават з накрытым сталом для дзяцей і бацькоў. На ім маляўніча стаялі вялікія і малыя талеркі з размаітымі бутэрбродамі, салатамі, печывам і торцікамі, збаночкі з чырвоным морсам...
– Як прыемна, – уздыхнуўшы, сказала я сястры Малгажаце, якая ўсё гэта прыгатавала. – Дома ж святы робім мы самі... 
Яна кіўнула і з усмешкай адказала:
– Так, мне хацелася зрабіць гэта для ўсіх мам. Я падумала: а што б я хацела прыгатаваць для сваёй мамы? Чым усцешыць яе? І вось...

Вельмі, да самай глыбіні душы, кранула гэта любоў, якой ты нічым не заслужыла і нічым не аддзячыш...Толькі спадзявацца, што здолееш перадаць далей, зусім іншым людзям.
 
Кастрынік у гэтым годзе – гэта вечаровы ружанец дома са старэйшымі дзецьмі. Перад сном. Бо вечары звычайна нечым занятыя. Дзіўна, як гэта даўней хапала часу на ўсё, нават калі хадзілі пехатой.

Абавязкова на думку прыходзіць блакітны ружанец з салёнага цеста, для якога Янка ляпіла пацеркі. Я ж нанізвала іх і ставіла ў негарачую духоўку, каб запякліся. Праўда, некалькі пацерак усё-ткі патрэскаліся. Колер выбрала Яна вельмі проста – свой улюбёны. І аднесла ў капліцу да іншых самаробных дзіцячых ружанчыкаў. У пацеркі дзеці ператвараюць нават гузікі, не тое што чырвоныя рабінавыя ягадкі. 






No comments:

Post a Comment