в.Лукашэвічы ў верасні |
– Дзе яшчэ той лістапад?! – усклікаў ён. – Дайце пажыць спакойна.
Верасень не звяртае ўвагі, не тлумачыцца, падганяе, адмаўляючыся нават пасядзець са мной за кавай. Як быццам мне лёгка было знайсці на яе час!
– Лета не вернецца, няхай усе рыхтуюцца да зімы, – паўтарае ён адныя і тыя ж адказы на ўсе пытанні і скаргі. – Паслухайце, вы губляеце лісце, але не марнуйце час, шкадуючы мінулага... Так, нічога не змянілася – пасля сну і снегу прыйдзе вясна... Што ж, гэта праўда – не ўсе перажывуць холад... Не, ну адкуль у мяне ўплыў на людзей? Яны зграбаюць ці пакідаюць пад дрэвамі лісце там, дзе хочуць...
Час распранае і людзей. Адзін дзесятак гадоў па другім – і ўсё больш і больш прасвечваецца душа скрозь рэдкую лістоту знешняй абалонкі. Сонца не грэе так, як даўней, дождж набягае ўсё часцей і зусім не дзеля прыязнай вясёлкі... "Ці стары з'еў, ці малы знасіў", – кажа прымаўка. Губляецца смак, цікаўнасць, заўзятасць – што ж тады: шкадаваць мінулага ці рыхтавацца "да зімы" з тым, што ёсць зараз? Так, побач у кагосьці буяе лета, а ў іншага май смяецца з вачэй...
Шчыры верасень не пакіне ілюзій: да вясны – праз зіму. А да той самай Вясны – праз той самы апошні Парог.
No comments:
Post a Comment