08/03/2021

Крыху пра сябе

Бог дзейнічае праз людзей. Вядома, не толькі, але праз людзей Ён любіць, клапоціцца, спачувае, спадарожнічае, падказвае. Праўда і тое, што, паколькі гэта ўсё робіцца праз людзей звычайных і грэшных, гэтыя падказкі не заўсёды такія тактоўныя, каб нам падабацца.

Рукі бацькоў прыносілі, а потым прыводзілі мяне ў касцёл у Астраўцы з самага ранняга дзяцінства. Я была падлеткам калі ў Ашмянах аддалі касцёл, спачатку адну бочную наву. Менавіта ксяндзы-салезіяне пачалі там працаваць і аднаўляць будынак і парафію. Мая старэйшая сястра стала тады арганісткай. Памятаю, як уразіў мяне вялікі абраз Маці Божай Успамогі Хрысціянаў на блакітным фоне ў той наве, дзе ніяк не змяшчаліся парафіяне. Калі я праз некалькі год стала вучыцца ў Ашмянскім тэхнікуме, то ў парафію якраз прыйшлі дыяцэзіяльныя святары, але ў моладзі ўжо была трывалая традыцыя збірацца ў араторыі, маліцца, дапамагаць, размаўляць, ладзіць святы і г.д. З вялікай цеплынёй успамінаю тыя часы.

На дзіва, паступіўшы ў Мінск у эканамічны ўніверсітэт, я зноў трапіла ў салезіянскую парафію, у 1997 годзе яшчэ такую маладую, якая ўсё прырастала новымі людзьмі і тулілася ў актавай залі ЖЭСа. Неяк едучы дадому з сяброўкай разгаварыліся з пажылой жанчынай, якая і распавяла пра парафію ў Серабранцы. Там завязаліся знаёмствы і сяброўствы на ўсё жыццё (ды вось хаця б з мужам, напрыклад😊). Уплывы ксяндза-пробашча Ігара Лашука, ксяндза Станіслава Лугоўскага і сястры Уладзіславы, якія тады працавалі ў парафіі, немагчыма перацаніць. Нейкі час я нават удзельнічала ў парафіяльнай групе. Заспела яшчэ кансэкрацыю чаканай капліцы.

Што далей? Нараджаліся і раслі дзеці, змяняліся кватэры, якія прыходзілася здымаць, а значыць, і парафіі, касцёлы, атачэнне. Заставалася прагненне быць з Богам і ведаць Яго лепш, заставалася перакананне, сфармаванае ў маладосці, што Ён любіць і чакае. Гэта натхняла пісаць разважанні і нават дзяліцца імі ў інтэрнэце, чаго насамрэч без сяброўскай парады не адбылося б. Гэта таксама прывяло на ігнацыянскія рэкалекцыі, якія адкрылі багацце малітоўнага разважання Божага слова і духоўнага вымярэння жыцця. І гэтае ж прагненне падштурхнула паступіць і скончыць тэалагічны каледж у Мінску.

Дарэчы, калі пасля некалькіх чужых кватэр мы, нарэшце, пераехалі ў сваё жыллё, то зноў апынуліся ў салезіянскай парафіі. Убачыць ксяндза Казіміра заўсёды было падобна вяртанню дадому, а цяпер гэта і сапраўды свая парафія, Маці Божай Успамогі Хрысціянаў.

Напісана для https://www.instagram.com/p/CL6avFDHZrV/?igshid=ucijkjpfmfy9


No comments:

Post a Comment