26/11/2013

Бачнае і нябачнае або Завіруха, будаўніцтва, сонца і ўдзячнасць

Сапраўды, надвор'е не мае сумлення. Дом складаюць будаўнікі, а тут ні сонца, ні цеплыні, а зусім наадварот! Таму зараз пад перастук кропель па падваконні цяжка заснуць уночы, перад вачамі – прыгожыя звонкія бярвёны, што мокнуць на ўчастку. А так хочацца, каб атрымлівалася ўсё, як найлепш, каб не змарнавалася праца ніводнага чалавека, які спрычыніўся да будаўніцтва: таго, хто рабіў прыгожы і дакладны праект, тых, што залілі добры падмурак, тых, што валілі і звозілі на пілараму лес, складалі ў штабелі, перавозілі, выбіралі ў брусе заглыбленні і пазы, тых, што капалі і засыпалі пясок, тых, што зараз на холадзе складаюць сцены... А колькі людзей яшчэ прыйдзе і будзе працаваць!... Калі ласка, уздыхніце малітоўна за іх і за нас, каб сваімі рашэннямі і дзеяннямі прыносілі карысць і дабро.


Значныя і маленькія падзеі штодня пераплятаюцца ў дзівосны ўзор, які нават не можаш ахапіць позіркам, таму што тчэш яго часта з апошніх сілаў, лічыш недасканалым і бачыш толькі невялічкі кавалак. Убачыць жа ўсё давядзецца калі-небудзь, але напэўна не ў гэтым жыцці.



Ранак складаецца з апранання і прыбірання і прыспешвання дзяцей, а потым сябе. Дзеці ў школу паспяваюць, а я на працу часта спазняюся, заўсёды спыняюць нейкія дробныя хатнія справы: пральная машына, брудны посуд, раскіданыя навідавоку рэчы, чапляешся за іх вачамі і рукамі. Хутчэй-хутчэй... Добра, што муж звычайна падвозіць на працу, на прыпынках пасля 9 раніцы зімна і сумна, транспарт ходзіць рэдка, павольна.

У офісе цёпла і людна, работы бывае шмат і вельмі шмат. Бываюць дні, калі амаль за каўнер сябе бярэш і выводзіш на вуліцу, каб прайсціся па скверы, падыхаць, памаўчаць...

У сераду і пятніцу – спецыяльнасць у Янкі ў музычнай школе, іду пасля працы ў музычную школу, слухаю, запісваю заўвагі настаўніцы, каб дапамагаць потым дачушцы рыхтавацца да заняткаў. Атрымліваецца тады лепш. А Мікалай на баяне займаецца сам, ніхто не сядзіць на занятках, не сочыць дома – і прыносіць 9 і 10-кі.

У старэйшых дзяцей яшчэ басейн, шахматы, маляванне, катэхэза, заняткі міністрантаў – што разам, што асобна... Толькі ў Віталі пакуль што – садок і ўсё. І ён вельмі з гэтага цешыцца, трэба сказаць. У садку ж арганізавана шмат розных цікавых рэчаў: і замежныя мовы, і чытанне, і маляванне, і танцы, і рэлігійнае выхаванне. Зручна для бацькоў, што і казаць.

Вечар сумяшчае гатаванне вячэры, праверку хатніх заданняў, размовы і шмат чаго яшчэ рознага. Час бяжыць яшчэ хутчэй, чым нараніцы. Цямнее рана, кладземся каля 22.00. Бывае, нейкая праца прымушае падняцца і нешта зрабіць, але часцей усё адкладаецца на самы апошні момант. Не дапамагае нават пазітыўны вопыт планавання. Дапамагае малітоўны прагляд дня. "Жадаю табе сэрца ўдзячнасці", – аднойчы мне сказаў адзін святар, і веліч гэтага пажадання толькі пачынаю разумець.

No comments:

Post a Comment