14/02/2016

Тыдзень першы. Здалёк


"Разумееш думкі мае здалёк..." Пс 139
Маё бачанне Бога, свету, сябе, іншых людзей у нечым нагадвае рассыпаны пазл. Пакуль што асобныя кавалачкі не магу дастасаваць адно да другога, памыляюся, адыходжу, рассыпаю сабранае... Якое вялікае веданне Божае, калі Ён бачыць усю карціну поўнасцю загадзя і бачыць той момант, калі я "складу" ўсё правільна. Хм, ці толькі паспею?.. 
Ён здалёк бачыць людзей, якія дапамогуць мне, бачыць радасць супрацоўніцтва, задавальненне ад добрых вынікаў. Карацей кажучы, сам працэс, які выводзіць з цярпення мяне, але, падобна, не Яго.

"Яшчэ слова няма на вуснах маіх, а Ты ведаеш яго дасканала..." Менавіта, добрага слова часта няма, бо яго замяняе жорскасць, іронія  і пахмурнае маўчанне. "Нешта не складваецца," – як той казаў. Нешта не на месцы. Як удакладніў бы святы Аўгусцін: "Калі Бог будзе на першым месцы, то ўсё астатняе будзе на сваім месцы".

Час Вялікага посту – нагода адыйсціся на некалькі крокаў ад сваёй "карціны" і паглядзець здалёк, што не так, а што добра і карысна. Як павінна быць, ведае толькі Бог, гэта праўда. Але  ці тое, што я складаю, набліжае мяне да Яго, ці аддаляе? Трэба разабрацца самой. Ніхто гэтай работы за мяне будзе рабіць, проста таму, што некаторыя рэчы вельмі глыбока схаваныя ад людзкіх вачэй. 

Час ізноў задаць гэтае пытанне: якая ж я ў Божых вачах? Што значыць быць сабой? Дзе тыя шляхі, што адкрываюць адпаведны вобраз, пажаданую карціну, мэту? Набліжаюся я да яе ці аддаляюся?

На мінулым тыдні чула пра адно цудоўнае практыкаванне. Уявіце сабе, што вы апынуліся ў месцы, дзе вам добра, спакойна, прыемна. Узлесак са стракатаннем конікаў і цёплымі промнямі летняга сонца на твары, ці цяністы сад, ці ўтульны пакой... 
Услухайцеся ў гукі гэтага месца: спеў птушак, дзіцячы смех, плёскат вады ці што іншае... 
Пачуйце навакольныя пахі – можа кветак, ягад, а можа любімай стравы... 
І паглядзіце на сябе збоку, крыху аддаліўшыся. Так, на сябе задаволенага, бесклапотнага, шчаслівага, які ў гэтым месцы – такі, які ёсць насамрэч... 
Паглядзіце на свае здольнасці, абмежаванні, дасягненні, выклікі, якія яшчэ трэба прыняць і пераадолець... І скажыце сабе, што вы ўжо любімыя Богам, любімы сын, любімая дачка, нягледзячы ні на што.

No comments:

Post a Comment