21/02/2016

Тыдзень другі. Няспыннасць

А Езус, абярнуўшыся і ўбачыўшы, што яны ідуць за Ім, кажа: «Чаго шукаеце?» Яны сказалі Яму: «Раббі (што азначае “настаўнік”), дзе жывеш?» Ён кажа ім: «Ідзіце і ўбачыце».Ян 1, 38-39

Адно з вечных і штодзённых, важных пытанняў: "Чаго ты шукаеш?" І найлепшы з адказаў: "Дзе Ты?.."
У сустрэчах і натхненнях, хваробах, цяжкасцях, дасягненнях, малітвах, учынках, спадзяваннях і іншых шматлікіх праявах жыцця, у тым, што бачым, робім і адчуваем, схаваны гэты пошук: дзе Ты? Толькі не заўсёды ўсведамляем яго, і магчыма, таму штодзённасць так нагадвае мітусню. Наколькі апраўдана трывога за марнатраўнасць часу, цяжка сказаць упэўнена. Мы не ведаем да канца, што хоча нам сказаць Бог праз падзеі і людзей, якіх мы сустракаем. Таму, сумняваючыся, мы ўсё-ткі павінны давяраць Яму.


Так, Божая праца - вееельмі павольная. Эвалюцыя паказвае гэта найлепшым чынам. Але наколькі ж яна складаная, вялікая і ўсеабдымная! І не спыняецца ні на секунду.
На фоне гэтай Божай працы выглядае крыху недарэчным пытанне будучых апосталаў: "Дзе Ты жывеш?" Дзе Ты пасяліўся? Або як двузначна гучыць англійскае: "Where are you staying?" - Дзе Ты спыніўся? Не толькі ў сэнсе часовага прабывання, як у гатэлі, але ў сэнсе спынення дзеяння. Мне здаецца, Езус мог усміхнуцца ці нават рассмяяцца: сказаць ім, дзе спыніўся Бог! Ідзіце і паглядзіце самі. Напэўна, яны ўбачылі не толькі месца, дзе Ён адпачываў і маліўся, і нават не месца часовага прыпынку, але пачатак дарогі, доўгай і неверагоднай, па якой яны маглі пайсці разам з Ім. І яны пайшлі.

З паэмы П'ера Тэйяра дэ Шардэна SJ

Перш за ўсё, давярай павольнай працы Бога.
Мы, зразумела, даволі нецярплівыя ва ўсім,
што датычыцца дасягнення мэты без затрымак.
Мы хацелі б адмяніць прамежкавыя этапы.
Мы не маем цярпення быць на шляху
да чагосьці
невядомага, чагосьці новага.
І тым не менш, закон кожнага прагрэсу,
што ён увогуле магчымы толькі цераз этапы нестабільнасці,
і што гэты працэс можа заняць вельмі доўгі час.

І вось я думаю, што гэтак адбываецца і з табой;
твае ідэі даспяваюць паступова -
дазволь ім расці,
дазволь ім сфармавацца самім
без празмернай паспешнасці.
Не спрабуй падганяць іх.
Сёння немагчыма быць тым, кім ты будзеш заўтра.

Толькі Бог можа сказаць, які новы дух,
паступова знутры сфармуе цябе.
Дай нашаму Пану перавагу веры ў тое,
што Ягоная рука вядзе цябе,
і прымі неспакой няўпэненасці, адчуваючы сябе
незавершаным.

No comments:

Post a Comment