20/06/2013

Каб добра спаць

Вечарам званіла мне мама. Як звычайна, распыталася пра ўсіх, расказала пра свае клопаты і справы, пахваліла і параіла болей есці хаця б вечарам. Бо ў мае абеды яна чамусьці не верыць, хоць яны, абеды, даволі часта здараюцца. І яна сказала: "З'еш болей, каб спаць крапчэй".

Мама... Яна з таго пакалення, якому цяжка было заснуць ад голаду... Заўсёды яе больш за іншае турбуе, ці не застаўся хто галодны. Але ж самой, і пад'еўшы, не спіцца. Бо недзе далёка жывуць дзеці, бо па чарзе хварэюць то ўнукі, то праўнукі, бо гарод не пасаджаны/не аполаты/не ўзараны (а суседка ўжо першая справілася), бо ўспаміны, бо згрызоты, бо думкі...

У дзяцінстве было прасцей: пад'еў – ідзі гуляць, пакуль не сцямнее. А зараз тэлевізар расказвае  свае байкі аж да дванастай гадзіны ночы, але ёй яшчэ не спіцца, я ведаю... Не сумуй, даражэнькая, прымі добрыя думкі, як падарунак, а яны – найлепшая падушка.


Здымку гэтаму, што праўда, 6 гадоў ужо, але вочы не старэюць.

No comments:

Post a Comment