29/06/2013

Бог не маўчыць

Чулі, што сказана было [продкам]: "Не забівай", а хто заб'е, будзе асуджаны.
А Я вам кажу, што той, хто дарэмна гневаецца на брата свайго, будзе асуджаны; а хто скажа брату свайму: "рака", – будзе асуджаны радай, а хто скажа "дурны", – будзе асуджаны агнём пякельным. Мц 5; 21-22

Мы ў большасці жывём так, быццам бы не чулі нават пра запаведзь продкам, не тое, што пра "дурня". Сапраўды, продкам было сказана ясна і коратка, а яны ж забівалі, ды яшчэ як. І Бог маўчаў. Ці ніхто не слухаў? Але тады можна лёгка апраўдаць сваю злосць, ганарлівасць, хуткі суд над іншым чалавекам.



А можа Бог маўчыць, бо Яму падабаюцца нашыя ахвяры за грахі? – як і далёкія нашыя продкі, спадзяёмся мы, дзівячыся, чаму такое стаўленне выклікае агіду ў няверуючых... Мы стараемся не думаць ці не дачытваць да таго месца, дзе гаворыцца, калі  і як кожны чалавек дакладна пачуе голас Божы:

"Кліча Ён зверху неба і зямлю, каб судзіць народ Свой....
Гэтак ты чыніш, а Я маўчу. Ці не думаеш ты, што Я падобны да цябе? Я буду абвінавачваць цябе, і адкрыю гэта [ўсё] перад табою". Пс 50, 4;21.

І вось жыццё пройдзе за імгненне перад нашымі вачамі, нерэкламны ролік найлепшай якасці, бо праўдзівы і шчыры. Высветліцца, што ведалі мы, як павінны былі яго пражыць – сваё адзінае, дадзенае Богам зямное жыццё. Усё мы чулі пра міласэрнасць, дабро і праўду, пра любоў і веру. І кожны дзень быў напоўнены рысачкамі і слядамі Божай прысутнасці...

Але жылі па-свойму, з цягам часу ўсё больш баючыся пачуць Божы голас, паддаючыся нейкім справам і пільнасцям, хапаючыся за паперы, паўнамоцтвы, дзікунскія перакананні, што праўда  паліткарэктныя. На шчасце, а не на пагібель "З Сіёна, поўнага красы, заззяў Бог" Пс 50, 2. 

Вось, чалавек, такі важны і спрытны ляціш на добрым кані, каб выканаць пастаўленую задачу...

І ў дарозе здарылася так, што, калі ён (Саўл) набліжаўся да Дамаска, раптам агарнула яго святло з неба, і падаючы на зямлю, пачуў голас...
Той, Хто быў побач, Які ведае, Які любіць і бачыць чалавека такім, якім яго стварыў, быццам бярэ яго за плечы і глядзіць у вочы: "Чаму ты так жывеш? Што ты робіш, дзіця?"

– Саўле, Саўле, чаму Мяне пераследуеш?

Насамрэч, што сказаць у адказ – чаму замест таго, каб наследваць Хрыста і ісці за Ім, мы пераследуем Яго?... У пэўны момант у пытанні прагучыць і маё, і тваё імя.

Саўл выбраў найлепшы адказ: маўчаць, аслепнуць, не піць і не есці тры дні, даверыцца святым Божым, якіх Езус пасылаў яму, хрысціцца і праслаўляць Бога ўсё жыццё. Зрабіўшы так, Саўл стаў святым Паўлам, апосталам народаў, менавіта тым, якім выбраў і бачыў яго Пан Бог.

No comments:

Post a Comment