18/06/2013

Глыбіня Генісарэта

arte de Brian Cameron
Свечка дагарала. Дапісаць ліст было ўжо немагчыма. Стары спусціў сваю сівую галаву, закрыў вочы. Зрэшты, ён не ведаў, што яшчэ мог сказаць гэтым людзям, якія чакаюць ад яго рады і дзеяння. Радкі іх трывожнага ліста яшчэ відаць у зіхоткім святле. Але ж як аслабеў ягоны зрок за час, праведзены ў рымскіх катакомбах... Шчыра кажучы, больш, чым пад рымскае сонца, Пятру хацелася на зялёныя барагі Генісарэта.

Раптам ён адчуў, як дыхнула на яго прахалодай цёмнай вады пад зорным галілейскім небам, але ж не, гэта проста вецер заблукаў у каменных калідорах і скляпеннях.



Цяжар зноў лёг на плечы, а яны даўно ўжо не такія дужыя, каб вытрымаць яго. Пётр глянуў на свае рукі, успомніў іх спрыт і сілу, калі маладым рухавым рыбаком выцягваў сеткі, поўныя бліскучых вёрткіх рыбін. Міжволі ўспаміны, людзі, і нават гукі, абступілі яго і павялі за сабой у свет мінулага, на бераг з празрыстай вадой, якая пераліваецца на сонцы. І Пётр з радасцю вярнуўся ў той незабыўны час – час першых сустрэч з Хрыстом.

У тую раніцу не было звычайных усмешак на стомленых тварах рыбакоў. Не часта здаралася, каб адданая шчырая праца ў некалькі лодак за ўсю ноч не прынесла ніводнай рыбіны. Пад раніцу ў іх на момант з'явілася надзея, калі сеткі раптам пацяжэлі ў руках. Ужо ўздых палёгкі пачуўся з суседніх лодак, але марна! Зеляніна і бруд сталіся іхнім "уловам". Раздражненыя, разбітыя цяжкай начной працай, рыбакі не пайшлі дадому, засталіся мыць і парадкаваць свае сеткі.

Сымона не ўсцешыў людскі натоўп, які паволі набліжаўся да іх па беразе. Дакладней кажучы, людзі ціха, але безупынна ціснуліся бліжэй да Настаўніка, які вучыў іх. Сымон бязрадна апусціў рукі: мала таго, што яму няма што прынесці дадому, то яшчэ й працаваць прыйдзецца на вачах паловы горада. "Неўдалота, скажуць усе", – горка падумаў Сымон. Але скоса глянуўшы на слухачоў, заўважыў, што ніхто й вачэй нават не адвярнуў у ягоны бок. Людзі так шчыльна абступілі Езуса, што Яго было не чуваць і не відаць. Хто стаў ззаду, пытаўся у таго, хто наперадзе, а той адказваў праз слова. Шапаценне ног, водгукі і рэха навучання далятала да рыбакоў.

Раптам за спіной Сымон пачуў плёскат вады каля сваёй лодкі. "Гэта Ён добра здагадаўся", – пахваліў Езуса у сваіх думках Сымон без 5 хвілін Пётр, кіруючы лодку крыху далей ад берага. Сапраўды, зараз чуваць было выдатна, Езус мог сесці і бачыць увесь народ, што прыйшоў да Яго.

Некалькі разоў рыбакі самі застывалі за працай з сеткамі ў руках, заслухаўшыся Езуса. Часам Ён маўчаў і пяшчотна глядзеў на дзяцей, што гулялі ля берага ў празрыстай вадзе... Нарэшце, відочна стомлены, Настаўнік пачаў сваю апошнюю прыповесць. І скончыў яе такім трапным і нечаканым жартам, што рассмяяліся ўсе на беразе, нават рыбакі, і сам Езус.

"А, хоць яе, гэту рыбу, не прападзём. Бог не пакіне", – махнуў пра сябе рукой Сымон. І сустрэўся з усмешлівым позіркам Настаўніка. Пётр дагэтуль памятае сонечных зайчыкаў на Езусавым твары, якія адбіваліся ад вады і запальвалі ў Ягоных вачах трапяткія агеньчыкі.

– Адплыві на глыбіню, – папрасіў Езус Сымона, – і закіньце сеткі на рыбу.

Вось цяпер вочы натоўпа звярнуліся на Сымона. Паслухае ці не? У таго чарада думак пранеслася за некалькі імгненняў. Толькі плотнік мог папрасіць выплысці на лоў удзень, калі  ж рыбу знойдзеш толькі ўночы! І як Настаўнік будзе выглядаць перад гэтымі людзьмі, калі яны выцягнуць сеткі пустымі? Можа, Ён не ведае? Сымон пачаў паволі гаварыць:

– Настаўнік! Мы працавалі ўсю ноч... І нічога не злавілі, – ён памаўчаў, чакаючы рэакцыі Езуса.
Але стаяла поўная цішыня. Сымон нечакана зразумеў, што ніводзін плотнік не папрасіў бы такое зрабіць – дый ніводзін чалавек – акрамя Езуса. І спахапіўшыся, рашуча сказаў:

– Але па слову Твайму закіну сеткі.

Аднекуль у Сымона ўзяліся сілы, каб веславаць самому на значную адлегласць, аж пакуль не аддаліўся бераг. Тады спрытным моцным рухам загарэлыя рыбацкія рукі не выправілі сеткі ў цёмную, ледзь прасякнутую сонечным святлом, глыбіню Генісарэта... Седзячы ў поўнай цемры сутарэння, Пётр затуліў вочы рукой перад бляскам вялікіх хваль, што ўзняліся над цяжкімі сеткамі, поўнымі нечуванага ўлову. 

Цяпер кожнае хрысціянскае дзіця ведае пра гэтае цудоўнае здарэнне. Рыбакі зачаравана глядзелі ў ваду, не верачы сваім вачам. Адзін Сымон рэзка абярнуўся да Езуса і замест пераможнага "А ці ж Я не казаў?!" убачыў... радасць, нястрыманую радасць чалавека, які зрабіў прыемны падарунак свайму лепшаму сябру і хоча цешыцца разам з ім...

Пётр зноў адчуў, як гэтае спасціжэнне зноў накрывае яго, нібы хваля, а па ягоных маршчынках хуценька бягуць дзве лёгкія слязінкі. "Пане, Пане мой... Ты бачыў усё наперад...Ці бачыш Ты мае слёзы, мой цяжар, мае сумненні?..." 

"Пётр... Твае слёзы і пакуты бязмежныя, як мора?.. Давай зноў возьмем тваю лодку. Адплыві на МАЮ глыбіню... Зазірні. Ці бачыш дно Маіх пакут?.. Дай Мне сваё сэрца, Я напоўню яго любоўю..."

No comments:

Post a Comment