13/04/2013

Чуйнасць і чуласць

Калі чалавеку маркотна, то любую з'яву ён дастасуе пад свой настрой. На гэтым тыдні прыгадала, як шмат сноў я бачыла раней. Не тое, што зараз (*сумна ўздыхае)... Але разам з тым між волі ўспомніла, што той урадлівы на каляровыя сны час прыпадаў на гады, калі дзеці былі зусім малымі. Гэта быў неспакойны час шматлікіх абуджэнняў на працягу кожнай ночы. Прачынаючыся, помніш убачаны сон. І амаль не зважаючы на яго ўвагі, марыш выспацца хоць адну ночку – проста легчы вечарам і прачнуцца нараніцы... Не верыш, што калі-небудзь у гэтым жыцці не трэба будзе падхоплівацца кожную гадзіну да дзіцяці. Вось ён, гэты час: ужо не плачуць і яшчэ не прападаюць дзесьці па начах.

Як толькі з'явілася магчымасць моцна спаць усю ноч, чуйнасць без ваганняў адыйшла на другі план. Калі нешта змяняецца, не губляеш таго, што было, але пакручваешся іншым бокам пад новыя ўмовы. Камфорт спрыяе таму, каб утульна ўладкавацца і моцна заснуць...

12/04/2013

Май месяц побач

Нарэшце, цяпло настае... Як добра, што не трэба прывыкаць да вечнай зiмы.

07/04/2013

Белая нядзеля – радасць і сум

Свята Божай Міласэрнасці. Нядзеля пасля Уваскрасення Езуса. Шмат прыгожых правільных слоў. Парадаксальна мала непасрэднай радасці ад дасведчанай міласэрнасці. Але й суму не вельмі. Так, мы разлічвалі на іншы свет, і адкрыта Богу аб гэтым гаворым. За дзяцей страшна, за праўду крыўдна, самі параненыя...

Місэрны Бог насамрэч сыходзіць у тую багну, куды мы спаўзлі. Не выцягвае доўгую руку з аблокаў, а падыходзіць і схіляецца над чалавекам. Вось Ён побач, каб адарыць міласэрнасцю і прабачэннем...

"Не, да мяне не падыходзь – адварочваецца чалавек, – я не грэшнік. Так, можа лажануўся два-тры разы. Але гэта збег абставінаў, проста так склалася. Якія грахі? У мяне – толькі раны."

Рана ці позна жыццё паставіць перад намі наступствы "збегу абставінаў". Паставіць далёка не ўсе, хоць справядлівасць вымагае адплаты за зло – за кожны непрафесіяналізм, кожную справу, выкананую "абы-як", кожную дурасць і злосць, якімі мы адзначыліся ў гэтым свеце...
Ці мы можам убачыць, хоць на кроплю здагадацца, каму адгукнецца наш грэх? Чыё жыццё ён раструшчыць?

Але нам не сумна. Можа, удалося прызвычаіцца да пекла?

Міласэрнасць Божая прыходзіць не толькі прысесці побач і пашкадаваць, але й вынесці са склепа на сонца, на вольнае паветра, удыхнуць новае жыццё. І толькі тады з'яўляецца надзея на лепшы свет, які прыйдзе праз нашыя рукі. Мы ж здольныя на любоў і дабро, хоць і не заслужылі гэтыя Божыя дары.

06/04/2013

Малітва на парозе

псальм 91

Хто жыве ў апецы Найвышэйшага і прабывае ў засені Усемагутнага,
кажа ён Госпаду: "Ты прыпынак мой і цвярдыня мая, Божа мой; я маю надзею на Яго".
Бо Ён Сам вызваліць цябе з пасткі паляўнічых, ад нягоднага слова.
Агорне Ён цябе Сваімі крыламі, і пад пер'ем Яго схаваешся, шчыт і заслона – праўда Яго.
Не будзеш баяцца жахаў начных, ані стралы, што ляціць удзень.
Ані заразы, што бадзяецца ў цемры, ані пошасці, што пустошыць апоўдні.
Хоць падзе пры баку тваім тысяча, а дзесяць тысяч праваруч, ты ўсцеражэшся.
Сапраўды, пабачыш ты на ўласныя вочы, і паглядзіш на адплату грэшнікам.
Бо Ты, Госпадзе, прыстанішча маё, учыніў Ты Найвышэйшага паселішчам тваім.
Не падступіцца да цябе ліха і бізун не наблізіцца да палаткі тваёй,
бо загадаў Ён анёлам сваім наконт цябе, каб сцераглі цябе на ўсіх тваіх дарогах.
На руках будуць насіць цябе, каб часам не скалечыў аб камень нагі сваёй.
На змяю і яшчарку наступіш, ды растопчаш ільва і дракона.
Паколькі прытуліўся ён да Мяне, вызвалю яго; падтрымаю яго, бо спазнаў ён імя Маё.
Будзе клікаць Мяне, і Я выслухаю яго, у бядзе Я разам з ім, вырву яго і ўслаўлю яго.
Напоўню яго доўгасцю дзён і пакажу яму збаўленне Маё.


"Мы ўсе вяртаемся Дадому..."

Oh Lord, to be near you, to be free

01/04/2013

Хрыстус уваскрос!

З таго моманту, як Езус перамог смерць, аптымізму ў Касцеле не бывае зашмат.
Кс. Юзэф Цішнэр


28/03/2013

Шлях і перамога

Старэйшыя людзі гавораць аб смерці значна часцей, чым маладыя. Вядома, мы яшчэ выціскаем са свядомасці гэтую частку рэчаіснасці. А людзі, якія ўсё часцей хаваюць сваіх сяброў-равеснікаў, разумеюць, што застацца збоку не ўдасца. Набліжаецца час, калі трэба ў смерць увайсці самому...

Пачаўся Трыдуум Мукі Пана. Уваход Хрыста ў смерць і перамога над грахом і смерцю. Усёй глыбіні нам не спасцігнуць, не дасведчыць... Цяжка ўявіць нават прадчуванне пакутаў, якое меў Езус задоўга да Вялікага Чацвярга. Кожнаму знаёмае гэтае пачуццё, што нешта павінна здарыцца. Цмянае і неадчэпнае, не заўсёды ведаеш, што з ім рабіць, і таму проста чакаеш і спадзяешся. Езус ведаў, чаго чакаць і калі. Мы ж можам толькі слухаць, глядзець, прымаць любоў і быць адказам на яе.

Мама ў сваёй маладосці яшчэ сустракала людзей, якія не елі нічога з вечара Вялікага Чацвярга аж да святочнага пасілка ў Велікодны ранак. Так пасцілі даўней, так спачувалі пакутам Пана. А расказала яна мне гэта таму, што пазайздросціла іх смерці, якой яны кожны ў свой час памерлі: ціхай, свядомай, лёгкай. Адзін такі чалавек з'еў куццю на вігілію Божага нараджэння і сказаў жонцы: "Ну, цяпер пайду я дахаты". Пайшоў, лёг на ложак і памёр.

Я ўсё ж думаю, што справа не ў механізме: "добра посціш – лёгка паміраеш". Я думаю, што на першым месцы ў такіх людзей было (і ёсць такія зараз) веданне Бога, а яно ўключае ў сябе і гатоўнасць памерці так, як Хрыстос. Усведамленне, што смерць – вяртанне дадому, азначае тугу па нябеснай Айчыне, разуменне Божай задумы пра чалавека, імкненне жыць па Божых законах. Але да гэтага трэба расці ўвесь час, пакуль ідзеш па зямлі.

25/03/2013

Той, Хто палюбіў першы

Wayne Forte, Anointing His Feet #2 (acrylic on canvas, 2008)
Вось яна перад ім – жанчына, якая не прасіла. Не шукала.  Магчыма, не вельмі шкадавала. Можа толькі аб тым, што патаемнае стала такім яўным.

– Адчапіцеся ад мяне! Вы ўсе! Маралізатары, дарадцы, суддзі, праведнікі з каменнымі сэрцамі... Гэта маё жыццё, а не ваша, і я хачу яго пражыць так, як я лічу правільным, а не вы. Я – не вашая ўласнасць. Дайце мне жыць. Я так хачу проста жыць... Адпусціце ж мяне!

Але яе цягнулі да Езуса. Хто ў "праведным гневе", хто з падступным пытаннем да Настаўніка, хто – па службе. Зрэшты, якая нам справа да іх прычынаў? Яны набраліся смеласці гуртом задаць пытанне і не вытрымалі адказу. Што значаць камяні ў руках у параўнанні з камянямі ў сэрцы?.. Першыя выслізнулі і ўпалі ў пыл, а з тымі другімі, сапраўды нязноснымі, мужчыны разыйшліся дадому.

Грэшная душа і Бог засталіся ў цішыні. Міласэрнасць, якая накрывае з галавой і не мае межаў. Прабачэнне. Любоў. Нават нешта большае за словы, якімі мы называем збаўленне і свабоду.


А зараз – ці нешта змянілася? Ці не мы ўдзельнічаем у асуджэнні і прысудах сваім бліжнім, ці не мы абураемся: "Няўжо яны не могуць у касцеле абыйсціся без сваіх натацый? Куды ўвесь час цягнуць мяне гэтыя святары, сёстры і розныя актывісты? На сябе паглядзіце спачатку."

Сапраўды, куды і навошта? Цягнуць? Ці спрабуюць паказаць шлях?
Чаму я сама не бягу, не распытваюся, не падаю да Езусавых ног, не шукаю Яго?

Божая Місэрнасць апярэджвае чалавека. Бог знайшоў мяне раней, чым я пачала Яго шукаць.

22/03/2013

Глядзі, куды йдзеш

Сёння нараніцы я адвяла Янку ў школу. Ідучы назад, на школьным двары сустрэлася мне пажылая прыбіральшчыца, якая яшчэ вымушана была чысціць ходнікі ад снегу.
– Куды ж вы пайшлі па лёдзе? Там слізка! – раптам, не спыняючыся, з дакорам сказала яна.
Сапраўды, я чамусьці ўзбілася на ледзяны кавалак ходніка і асцярожна сунулася наперад. Побач  быў амаль сухі асфальт.

У жыцці сустракаецца няшмат людзей, якія папярэдзяць нас пра слізкую дарогу ці тонкі лёд. Яшчэ менш тых, якіх мы паслухаем. Таму каб аддзячыць тым, хто дапамог калісьці пазбегнуць падзення ці выбраць добры шлях, і ў пэўнай меры стаць тымі, якія мы зараз ёсць – будзем уважлівымі да іншых і да іх сцежак.

Ранішнія малітвы

Я б хацеў, каб кожны адчуваў радасць быцця хрысціянінам. Каб штодзённа ў прыгожай ранішняй малітве казаў:
„Кланяюся Табе, мой Божа, і люблю Цябе ўсім маім сэрцам. Дзякую Табе за тое, што стварыў мяне і зрабіў хрысціянінам„
Бэнэдыкт XVI


15/03/2013

А мусіш іранізаваць?

Раніцай выходнага дня я пякла дзецям бліны. Яны любяць такія тонкія і вялікія, на ўсю патэльню. Яйкі, малако, мука, масла. Апошнім часам, плюс ванільны цукар. Уставаць і мітусіцца па кухні тым ранкам мне зусім не хацелася, але дарослы можа праспаць сняданак, а дзіця – не. Стаю, пяку, цеста зменшылася ўжо напалову. Віталік (3 гады і 8 мес.) сур'ёзна пытаецца: "А ты, калі дапячэш гэтыя бліны, зробіш нам дранікі?" "Ну канешне!" – саркастычна згадзілася я. Сын змоўк і задумаўся.

Ён напэўна адчуў іронію і зразумеў, што мая згода – несапраўдная. Але што ён мог спытацца ці сказаць?