13/04/2013

Чуйнасць і чуласць

Калі чалавеку маркотна, то любую з'яву ён дастасуе пад свой настрой. На гэтым тыдні прыгадала, як шмат сноў я бачыла раней. Не тое, што зараз (*сумна ўздыхае)... Але разам з тым між волі ўспомніла, што той урадлівы на каляровыя сны час прыпадаў на гады, калі дзеці былі зусім малымі. Гэта быў неспакойны час шматлікіх абуджэнняў на працягу кожнай ночы. Прачынаючыся, помніш убачаны сон. І амаль не зважаючы на яго ўвагі, марыш выспацца хоць адну ночку – проста легчы вечарам і прачнуцца нараніцы... Не верыш, што калі-небудзь у гэтым жыцці не трэба будзе падхоплівацца кожную гадзіну да дзіцяці. Вось ён, гэты час: ужо не плачуць і яшчэ не прападаюць дзесьці па начах.

Як толькі з'явілася магчымасць моцна спаць усю ноч, чуйнасць без ваганняў адыйшла на другі план. Калі нешта змяняецца, не губляеш таго, што было, але пакручваешся іншым бокам пад новыя ўмовы. Камфорт спрыяе таму, каб утульна ўладкавацца і моцна заснуць...

У духоўным плане гэта гучыць вельмі рызыкоўна. Тут ужо не да забытых сноў. Тут жыццё можна праспаць. "Ці тыя, хто ў цяпле, зразумеюць тых, хто замярзае?" – задае пытанне А.Салжаніцын. Сапраўды, вельмі сумніўна, што чалавек, які не дапускае ў сваё жыццё "холад" (у сэнсе, дыскамфорту, недахопу, голаду, паніжэння), здольны спагадаць, зразумець, адчуць чужы боль, прыйсці на дапамогу. Нягледзячы на знешняе, адказ зноў жа – у сэрцы. А плёны ўнутранага жыцця – навідавоку будуць рана ці позна.

Вяртаючыся да недаспаных начэй. Калі ты згаджаешся на гэты матчыны неспакой, на недасяжную мару пра адпачынак, на прысутнасць каля дзіцяці – то ночы будуць не толькі чуйнымі, але і чулымі. Вядома, стомленасць дыктуе свае ўмовы: раздражняе дзіцячы плач, страшэнна хочацца спаць, а маленства не засынае, або адымаеш рукі – прачынаецца зноў. І ты не ведаеш, ці наступны раз устанеш на 5 хвілін ці на 20-30-120...

Неверагодна, але можна прачнуцца і падыйсці да дзіцяці без раздражнення і  нецярплівасці. Усё-ткі можна такой вялікай маме зразумець маленечкага немаўлятка, якому не спіцца ўночы. Ці хопіць адкрыць толькі адно вока і скрозь сон проста пакарміць яго малаком, ці трэба супакоіць сваім цяплом і сэрцам. Змяніць адзежыну, ахутаць ці раскрыць. Пагладзіць, пакалыхаць ці не чапаць. Адчуць патрэбу, згадаць прычыну. Даваць супакой, а не трывожнасць. Карацей кажучы, без чуласці наша чуйнасць ператворыцца ў нэрвовасць. А значыць дзіця будзе яшчэ больш узбуджаным, і г.д. па спіралі.

Без любові, як спяваў святы Павел, усе нашыя словы, глыбокія веды, перасоўванне гор з месца на месца і гераічная самаахвярнасць – марнасць і пыл, як і мы самі, калі не любім.

No comments:

Post a Comment