Пакуль плылі, Ён заснуў. І паднялася на возеры бура ад ветру, і човен стаў залівацца вадой, і яны апынуліся ў небяспецы. Тады вучні падышлі да Езуса, абудзілі Яго і сказалі: «Настаўнік, Настаўнік, мы гінем!» Ён падняўся і загадаў ветру і хвалям — і спыніліся, і настала ціша. (Лк 8, 23-24)Падчас кожнай буры – у Касцеле, грамадстве, ва ўласным сэрцы – дзве рэчы павінны адначасова быць дапамогай: уласная праца і ўзмоцненая малітва. Каб уласная праца дала вынікі, ёй патрэбна Божая дапамога. Яна мацнейшая за ўсе чалавечыя намаганні, але звычайна Бог не дапамагае, калі я сам сур'ёзна не стараюся. Многа зла можна было б пазбегнуць у Касцеле, калі б людзі, якія выконваюць адказныя абавязкі, былі энэргічнымі, і ў адпаведны час выступілі б і працавалі. Таму ўсюды, дзе я сустракаю цяжкасці, ці то ўласныя, ці то ў Касцеле, ці ў выкананні якой-небудзь даверанай мне справы, я павінен сабрацца з сіламі, не забываючыся пры гэтым пра малітву. ...і настала ціша. Пан можа дапамагчы за адну хвіліну.
З разважанняў кардынала Аўгустына Бэа SJ

Ці знаёмыя вам пустыя згрызоты? Я нават не маю на ўвазе "сама прыдумала – сама пакрыўдзілася", але тыя надакучлівыя перажыванні "хто што падумаў, як паглядзеў ды што сказаў". Сапраўды, ахвотных выказацца на тэму свайго бліжняга (у вочы ці за спіной) заўсёды хапае. Калі гавораць нешта не вельмі прыемнае, хочацца неяк абараніцца, апраўдацца. Часцей, праўда, атрымліваецца прамаўчаць ці пакрыўдзіць чалавека ўзаемным "кампліментам", а потым доўга яшчэ сам-насам фармуляваць ў галаве разумныя адказы ды вострыя слоўцы.




