05/02/2014

Ціхія вёскі


"Гарады Араэрскія будуць пакінуты, – застануцца пад статкі, якія адпачываць будуць там, і не будзе каму іх палохаць" (Раздзел 17 Кнігі Ісаі)

Дзе той наш прарок, голасу якога мы не хацелі чуць? Хто прадбачыў спусташэнне нашых вёсак.  “Не застанецца нікога…”

Каб хто сказаў нашым дзядам, што нікому не прыдасца гэтае поле, дзе кожная пядзя была палічана… Ці ведаў хто з гасцей на вясёлых уходзінах у новую хату, што праз 50-60 год не будзе каму ступіць нагой на гэтым дварышчы?... Толькі могілкі прырастаюць новымі крыжамі. А вёска… Рыхтуецца сама стаць помнікам часу, які адыйшоў, і людзям, якія тут пражылі свой век.
Але ж ЯКІЯ былі часы і людзі!.. Лёгкімі іх не назавеш. І цяжка працавалі, і гаравалі, і лёс свой клялі. Можа, таму дзяцей сваіх адпраўлялі вучыцца. Таму дзеці не вярнуліся.

Але самі старыя на прамілы Бог нікуды кратацца адсюль не хацелі. Абы ў сваёй хатцы памерці… Сярод сваіх сценаў, у роднай весцы, каля знаёмых людзей. І вось тыя суседачкі, што дзялілі паміж сабой усе беды і клопаты, пляткавалі і раіліся, глядзелі разам серыялы ў адной хаце, дапамагалі і жартавалі – хаваюць цяпер адна адну. З цяжкім уздыханнем думае кожная, ці не ёй наканавана наступнай ляжаць пасярод хаты ў белай хусце… Але яшчэ страшней думка, што можа менавіта яна застанецца ў вёсцы апошняй…

Маладыя імкліва выбіраюць месца, дзе ім лепш жывецца. Дзе больш выгодна, камфортна, весела. Усе гэтыя пошукі мне вельмі блізкія. Толькі зараз я пачынаю разумець, як важна, дзе і як ты паміраеш, хто і што тады побач з табой. Нельга будаваць сваё жыццё, маючы на мэце ўдалую смерць, бо дзеля тых, каго любяць, паміраюць і на крыжы. Але зусім не зважаць было б таксама глупствам. 

І стоячы каля труны маёй бабулі побач з яе нешматлікімі ўжо суседзямі, я ўбачыла яе жыццё такім ясным, сціплым і праўдзівым... Жыві з людзьмі, як чалавек, – і будзе каму пахаваць цябе. Стаялі вакол дзеці, унук, тры унучкі, чатыры праўнучкі і чатыры праўнукі… Прапраўнучка і прапраўнук у Астраўцы падрастаюць. Нібы зялёнае дрэва вырасла з непрыкметнай галінкі… 

Не ведае чалавек ні дня, ні гадзіны сваёй.
Хоць ты бойся яе, хоць ты кліч штохвіліну.
Але, выбіраючы, як жывеш, пакрысе вызначаеш і свой адыход.

Ці мяне пахаваюць у Вялікодны панядзелак блізкія людзі пад пахілай бярозай на ціхім магільніку апусцелай вёскі, куды забудуцца прынесці штучныя кветкі?...

05.04.2010
Сяброўкі. 2007 год, чэрвень

No comments:

Post a Comment