05/05/2013

Ці ты князь, ці ты не


Гэтая казка ўзнікла за паўтары гадзіны адным жнівеньскім днём, пакуль спаў у вазочку малодшы сын, якому тады было два месяцы. Памятаю лаўку пад высокім дрэвам, цёплы ветрык і дзіўны жартаўлівы настрой, з якім лёгка, весела (і крышачку сумна) "убачыла" гэту гісторыю, прыдумаўшы толькі першы сказ. А астатняе напісалася само. Так і не змяніла ні слова, хоць і вялікай каштоўнасці ў ёй не бачу. Чаму публікую? Менавіта дзеля ўсмешкі, з якой перачытала гісторыю я сама, і якая, спадзяюся, перадасца і чытачу. 

Здымак зроблены ў жніўні таго ж 2009 году. Так выглядаў захад сонца амаль кожны вечар з нашага акна.
Толькі зараз пабудовы нагадалі мне зубчастыя сцены вялікага палаца на фоне барвовага неба...


Жыў калісьці князь, які не ведаў, што ён князь. Як і чаму, дакладна ніхто сказаць не можа. Адны кажуць, што нехта на балі пажартаваў над княжычам-падлеткам. Маўляў, які ж ты князь? Паглядзі, вунь або той – сапраўдны, а ты… Бо гадавалі княжыча нібыта вельмі проста, і выглядаў ён, як хлапчына з якога-небудзь фальварку. Вядома ж, бацькі так разумелі добрае выхаванне і хацелі, як лепш. Але ад занадта разумнага гадавання дзецям бывае ўсё жыццё перакруціцца. Дык вось той княжыч нібы так узяў у галаву, што ніякі ён не князь, што й паверыў.

Другія мяркуюць, што ён прыкідваўся, быццам бы забыўся. Ён толькі чакае адпаведнага часу, нешта задумаў. Трэція… Нарэшце, як там тое ні сталася і ці быў хто вінаваты, але сышоў княжыч з палаца і пасяліўся з простым людам. Бацькі загадалі нікому не чапляцца да яго, не распытваць, не настойваць.



І кім ён стаў? Дзе вам здагадацца! Малым дзіцём любіў ён гуляць з каменьчыкамі. Не, не ў пясочку ці рацэ знойдзенымі. З каштоўнымі, вядома. А потым што ж, пачаў прыглядацца да звычайных. І стаў брукаром. І такім слаўным. Нібы замову якую ведаў, каб камяні клаліся спраўна. Такія добрыя дарогі рабіў – як ніхто. Запрашалі яго па чарзе і заможныя, і бяднейшыя. Ішоў, працаваў. Але просты то просты, а гонар меў княжацкі. Як што гаспадар не так да яго, кінуў паўдарогі і пайшоў. Палова – роўны брук, палова – як ужо іншаму брукару ўдалося дарабіць.

І жонку меў, а як жа. Цікавая справа. Сасваталі яму княжну з суседняй краіны. Так, пайшла за яго княжна, бо яе бацькі сказалі: “Ідзі, ён адумаецца. Не можа такога быць, каб не захацеў вярнуцца, ці каб не ўспомніў. Ды яшчэ пры табе.” Ну і пайшла. Жылі, што праўда, добра. Не ў палацы, канешне, але хата нішто сабе, гаспадарка… Так-так, завяла князёўна і гаспадарку. А што рабіць? Пахадзіла-пахадзіла першы час у сваіх лепшых строях, а мужу нібыта так і трэба. Любуецца, але да князя не прызнаецца. І паціху пераапранулася яна прасцей і – за добрым мужам не гараваць – пачала гаспадарыць. Канешне, прыглядалася, надчэківала (а можа?), але бывала й забудзецца. А што ж, вёска ёсць вёска.

Так вось і жыў сабе гэты несвядомы князь, можа й шчасліва жыў. Нават на бацькоўскім пахаванні нічога ў княжыча-брукара не памкнулася вярнуцца ў палац. Глянуў у вочы ваяводзе і сказаў, як адрэзаў: “Я – не князь”.

Аднойчы наняў яго брукаваць дарогу праз свой парк адзін вельмі стары пан. І неяк спадабалася ім размаўляць пра самыя розныя рэчы. Наш брукар бывала працуе, а стары пан сядзіць у фатэлі на ўзбоччы, і разважаюць увесь дзень пра ўсё, што да галавы прыйдзе. Зайшла неяк гаворка пра справы ў іхняй краіне. Пасля смерці старога князя яны былі кепскія, і выглядала на горшае. Сойм запрасіў пакіраваць краінай аднаго замежнага рыцара. Выглядаў ён на сапраўднага князя: высокі, паважны, але валадар з яго быў аніякі. З суседзямі пасварЫцца – гэта ён калі ласка, а людзі ад яго нічога добрага не бачылі. Марнець пачаў край, што й казаць.

“Так, – згаджаецца брукар, – цяжка людзям жывецца.” Бачыць стары, што баліць усё гэта яму, што разважае пра ўсё, ды нікому не гаворыць. Бачыць, што бацькі свайго шкадуе вельмі. “Так, вялікі князь быў мудры і добры валадар. І яго сын быў бы дастойным спадкаемцам і князем…” І дадаў зусім іншым голасам: “Край чакае цябе, княжа”. “Адкуль пан можа ведаць гэтыя справы? – ускінуўся той у адказ. – Пан думае, што ведае, хто я?” “Так, дзіця, бо я цябе хрысціў, – ціха сказаў стары. – Не шляхі брукаваць цябе бацька гадаваў.”

І бачыць той хросны, што спусціў галаву брукар, а падняў – князь. Кінуў усю работу і пайшоў, а гаспадар і рады, глядзіць наўздагон шчаслівымі вачыма.

Убачыла жонка, што ідзе яе брукар дадому, кінула панадворак месці, пайшла ў хату абед з печы даставаць. І толькі хацела распытацца, чаму ён сёння так рана вярнуўся, як быццам знямела. Бо як глянула, свайго мужа не пазнала. Выгляд і вопратка тыя ж, звычайныя, а вочы, пастава, рухі –  усё іншае. “Не трэба, не рабі нічога. Едзем у палац,” – сказаў ён. І тут яна нарэшце зразумела, што да чаго. І разгубілася пад ягоным позіркам. Што й казаць, княгіняй яна каля печы не выглядала. Хутчэй тады паляцела, куфры парасчыняла, давай апранацца. А ўсе строі даўно не прасаваныя, злежыліся крыху. “Хопіць. Едзем”, – перапыніў ліхаманкавыя пошукі князь, запрог каня ў брычку, і паехалі яны.

У палацы пачалася радасць вялікая, ледзь з глузду некаторыя не паз’язджалі. Маці шчаслівая, жонка-княгіня нацешыцца новым жыццём не можа. Рыцар той, канешне, не ўзрадаваўся, але дамова ёсць дамова. І вось адзін баль за другім, новыя госці на зменку ўчарашнім… А князю хочацца хутчэй за працу ўзяцца. Ён і раней за весялосцю не прападаў, а тут дзяржаўныя справы чакаюць. І тут, казка казкай, але цяжка прыйшлося князю на сваёй пасадзе. І розуму ў яго хапала, і адчування, як павінна ўсё быць… Але справа аказалася не ў гэтым.

Тое, што ўсім не дагодзіш, ён ведаў. Тое, што ён вырашыць усяго не можа і трэба дарадцаў слухаць, таксама згаджаўся. Але мала таго, што ўвесь час пытацца гонар не дазваляе, дык яны ж яшчэ раяць кожны сваё, часам сабе на карысць… А сваркі ды інтрыгі?... Спачатку князь маці сваёй усё давяраўся. І яна слухала і раіла так, як стары князь зрабіў бы. Але ж яму хацелася яшчэ лепш. А то бывае дае загад, зрабіць так і так, а яму на тое: “Закону такога няма”. Пакуль той сойм збярэцца ды надумаецца, справа з месца і не рухаецца.

Бывала, як авалодае князем сум, то ўсе баяліся яму на вочы папасціся, не тое, каб спытацца што. Каб маглі, то разбегліся б ад ягонага позірку, як ад свечкі цені па вуглах. А ў народзе нават наш князь прозвішча займеў: Журботны. “Сядзіць там, сумуе, нічога не робіць. Жыві тут, як хочаш, а яму, бач ты, маркотна. Пажыў бы, як мы, пакруціўся ўвесь дзень за кавалак хлеба…” Ну і шмат чаго іншага яшчэ казалі… Так, людзі спадзяваліся на хуткую палёгку. Дык і князю хацелася, як лепш. Але пачаў разумець, што тут разважлівасці ды цярплівасці трэба яшчэ больш, чым брук класці. Значна больш. А яшчэ калі трэба, рашучасці, і крыху хітрасці, і ўпартасці, а бывае, міласці. Людзей, як камяні, адзін да аднаго не прыстасуеш сваёй воляй. І сэрцы не зменіш, як хочаш, і розум свой не ўставіш… Так думаў і журыўся князь. Як кажуць, і тут не так, і там не ўдаецца.

Жонка што ж, спрабавала неяк сум ягоны развеяць. Але ж муж ёй зрэдку на вочы трапляўся, заняты бо надта. І спачатку яна таксама была вельмі заклапочаная. Пакуль адпачыла ад цяжкай працы. Потым краўцы да шаўцы ўбіралі княгіню па апошняй модзе. Потым палац на свой густ дэкаравала, потым… Не было часу сумаваць. А пасля як ні абдымала мужа за плечы, колькі ў вочы ні зазірала, колькі ціха ні клікала – як чужы. “Але ж і праўду людзі кажуць, - неяк не вытрымала яна. – Толькі і ўмееш што журыцца невядома аб чым!” Вось як…

Спрабавалі вяльможы і каханку князю знайсці. Была прыгожая такая паненка пры княжацкім двары. І песні яна яму спявала, і ў нагах садзілася, і па валасах сваімі пяшчотнымі рукамі гладзіла – нічога, толькі ніжэй апускаў галаву князь Журботны. І праўда, чаго яму было трэба, невядома. Можа, не спадабалася паненка, думалі вяльможы, але спытацца баяліся.

Але раптам змянілася ўсё. Як памірала старая княгіня, то нешта такое сказала яму, што ачуняў князь, як быццам хмары адпусцілі сонца. Гараваў, канешне, над смерцю маці, але гэта быў іншы сум. Тут і справы нарэшце пачалі ўкладвацца так, як трэба. Усе ў палацы павесялелі і нават пачалі жартаваць і падміргваць адзін аднаму: “Як князь на княгіню глядзіць! Ці не йдзе справа да наследніка?”

Можна было б і казку скончыць. Пашукаць напрыканцы кагосьці, хто падслухаў апошнія словы старой княгіні, каб і нам іх ведаць і падтрымаць у цяжкі час чалавека. Добра было б, ды не так усё атрымалася. Найбольш шкада, што ніхто тых слоў не пачуў… Калі толькі дзеці таго князя ад яго даведаліся, ды дзе яны…

Пайшоў вайной на тую краіну нядаўні наняты валадар, рыцар. Раздумаўся ён, як яму добра тут жылося. А як з ім каму былося, не браў пад увагу, канешне. Ну, у вайне зусім ніякага вопыту ў князя. Трактаты чытаць няма калі. Паехаў ён да хроснага за мудрым словам, ды трапіў якраз на пачастунак пасля пахавання…

Так, магла вайна скончыцца вялікай бядой, але даў Бог розуму князю ўскласці ўсё на ваяводу і самому ўбаку застацца. Абараніла войска свой край. Народ славіць князя з ваяводам. У палацы перамогу святкуюць. Баль, агні, віно ракой. І князь, нібыта вясёлы, за сталом разам з усімі сядзіць. Пасядзеў-пасядзеў – і ціхенька выйшаў з палацу ды й падаўся ў сваю хатку. Нараніцы знайшлі толькі паперу на стале з апошнімі загадамі па няскончаных справах ды з адмаўленнем ад княжання. Маўляў, дасцё рады і без мяне.

Зноў розныя чуткі хадзілі ў ваколіцах. Спрабавалі канешне, вярнуць яго, але ж княжыць чалавека  не прымусіш. Сапраўды, многія шкадавалі князя. Казалі пра залаты век у краіне падчас ягонага панавання. Нават быў напісаны трактат “Аб княжацкім выхаванні”, дзе даводзілася, што нават простаму люду належыць выхоўваць дзяцей, нібыта князёў, каб барані Бог не змарнаваць аднаго сапраўднага князя. Але потым прызналі гэтую навуку небяспечнай і ўсе, якія знайшлі, копіі таго трактату спалілі. А шкада. Шмат годных людзей на ім выгадавалася ў свой час…

Што з княгіняй вам цікава? Княгіня нібыта мелася княжыць, але потым паехала да мужа.
Ён жа добры быў, адно толькі не ведаў, што ён князь.

18 жніўня 2009

No comments:

Post a Comment