"Вось чыню ўсё новае...", – кажа Пан (Ап 21,5). Чулі ад апостала Яна гэтыя словы даўно. Пане, скажы толькі – дзе гэта ўсё?
"Ідзіце і паглядзіце," – гаворыць Езус. З цягам часу, бываючы ў розных людзей, згаджаешся з мудрасцю гэтых слоў . Тое, што чалавек зрабіў з асяроддзем, у якім жыве, гаворыць пра яго вельмі шмат. Акрамя канкрэтных матэрыяльных рэчаў, вялікае значэнне мае атмасфера, няспешнасць і прыязнасць. Да чаго і да каго прыглядваўся гаспадар дому? Дзе вучыўся?
"Прыйдзіце і навучыцеся ад Мяне!" – новае запрашэнне. Не толькі лагоднасці сэрца, хоць гэта важна, але не толькі... Навучыцца шанаваць сваё і іншае жыццё, заўважаць дробязі, разумець, быць велікадушным, трываць, знаходзіць патрэбныя словы, дапамагаць і маліцца, бачыць волю Божую, перамяняцца, любіць, не баяцца. Пералічваць можна доўга, абы толькі гэта не сталася пераліваннем з пустога ў парожняе.
Сучасны чалавек можа запампаваць у галаву мноства ведаў, толькі яны чамусьці аўтаматычна не канвертуюцца ў мудрасць. І застаецца тое ж пытанне: як адчуць свой накірунак? Як знайсці сваю "тэму", якая будзе мець сэнс не на месяц ці год, але ўсё жыццё?
Закхей прыняў рашэнне пайсці і ўбачыць. Не пасылаў падначаленага, каб той схадзіў, паслухаў Настаўніка ды вярнуўся з інфаграфікай і справаздачай. Закхей наважыўся сам узлезці на дрэва (можа разам з басаногімі дзецьмі), каб навучыцца, дайсці сваім розумам і сэрцам да той навукі, якая стварае новага чалавека. Хацелася б апынуцца на ягоным месцы і проста сачыць за Езусам, за Яго рухамі, позіркам, інтанацыяй, ўсмешкай... Потым Ён скажа, што шчаслівейшыя тыя, якія не бачылі, а паверылі.
Бог чалавеку прапануе: "Назірай за Мной!" Праз Евангелле, праз сэрца, з дапамогай Духа – вучыся. Кожны дзень – свая навука... Жыць дасканаласцю ці магчыма грэшніку? А жыць без яе?
No comments:
Post a Comment